У сярэдзіне чэрвеня ў Нясвіжы адбылося абласное свята народнай творчасці “Нясвіжскі фэст”, падчас якога прайшоў фестываль народнай музыкі “Грай, гармонік”, святы-конкурсы майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы” і лозапляцення “Лазовыя карункі”.

Удзельнікамі свята сталі каля чатырохсот прыхільнікаў народнай творчасці з розных рэгіёнаў Міншчыны.

У конкурснай праграме фестывалю “Грай, гармонік” прымалі ўдзел шаснаццаць ансамбляў народнай музыкі, пятнаццаць індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах, дзевяць прыпевачнікаў, у святах-конкурсах – больш за сто майстроў саломапляцення і лозапляцення.

Майстры прадстаўлялі выставы хатніх работ, якія былі створаны за апошнія два гады. На працягу трох гадзін, а менавіта столькі доўжыўся конкурс па стварэнню вырабаў з саломы і лазы,  можна было паназіраць за стварэннем саламяных і лазовых дзівосаў, а таксама паспрабаваць зрабіць нешта сваімі рукамі.

Падчас свята  працаваў кірмаш рамёстваў “Горад майстроў”, дзе можна было набыць сувеніры.


У свяце прымалі ўдзел і нашы смалявіцкія майстры, гарманісты і прыпевачнікі. Так, у конкурсе майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы” у намінацыі “За лепшую саламяную скульптуру” дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана майстар раённага Цэнтра рамёстваў, член беларускага саюза майстроў Таццяна Ласянкова, у намінацыі “Лепшая саламяная кветка” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана яе вучаніца Вікторыя Чабатарова. У конкурсе майстроў лозапляцення “Лазовыя карункі” у намінацыі “Арыгінальнасць выкарыстання матэрыялу” дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны майстар раённага Цэнтра рамёстваў Уладзімір Назараў, а яго вучань Мікалай Самойленка – дыпломам за творчы дэбют.

На працягу дня на сцэнічнай пляцоўцы паказвалі сваё майстэрства лепшыя калектывы, ансамблі народнай музыкі і салісты Мінскай вобласці. Са сваімі аўтарскімі прыпеўкамі і жартоўным нумарам з выкарыстаннем шумавых інструментаў выступіў тэатр гульні “Барсукоўскія гарэзы” Барсукоўскага СДК (кіраўнік Крысціна Мыцько). Калектыў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені абласнога фестывалю народнай музыкі “Грай, гармонік”. Таксама сваё прафесійнае валоданне музыкальнымі інструментамі, артыстызм і творчасць паказаў ансамбль народных інструментаў “Обаяние” Забалацкага СДК (кіраўнік Рашад Сафараў).  Калектыў таксама быў адзначаны дыпломам і каштоўным падарункам.

Крысціна МЫЦЬКО, дырэктар Барсукоўскага СДК.