На Ушаччине прошёл областной туристический слёт молодёжи. 21.by

На Ушаччине прошёл областной туристический слёт молодёжи

12.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Лета – пара адпачынку, незабыўных эмоцый і яркіх уражанняў. Калі, як ні цяпер, можна сабрацца вясёлай кампаніяй і правесці вольны час, сумясціўшы прыемнае з карысным. Такім для 13 каманд Віцебшчыны стаў абласны турыстычны злёт моладзі, што праходзіў з 6 па 8 ліпеня ў маляўнічым куточку Ушацкага раёна – на беразе возера Вечалле – і быў прымеркаваны да 73-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 100-годдзя ўтварэння ВЛКСМ.

Пачалося ж мерапрыемства, якое праводзілася ў тым ліку з мэтай патрыятычнага выхавання, у гістарычным цэнтры Ушаччыны – на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе дэлегацыі рэгіёнаў Прыдзвіння вітала намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч. Мітынг-рэквіем прайшоў на адным дыханні. Удзельнікі злёту ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых партызан, усклалі вянкі да мемарыяльных пліт. Па словах арганізатараў, такая кранальная “прадмова” задала тон усяму мерапрыемству.

… І вось каманды прыбылі да возера Вечалле, распачаўшы клопаты па ўладкаванні быту: неабходна было паставіць палаткі, падрыхтаваць дровы, запасціся вадой. І, трэба сказаць, з гэтым усе справіліся на “ўра”. “Добраўпарадкаванне ачага – першачарговая для турыстаў задача, – адзначыў знаўца паходаў, “натхняльнік” ушацкай каманды Валерый Уладзіміравіч Корань. – Нашы юнакі і дзяўчаты пашчыравалі на славу – за лічаныя хвіліны на паляне раскінуўся цэлы палатачны гарадок, у кацялку закіпела вада, а водар кулінарных страў, прыгатаваных на вогнішчы, выклікалі жаданне ўсё паспрабаваць”.

Але ж расслабляцца было рана – увечары маладых людзей чакалі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні і мастацкай самадзейнасці. А ў другі і трэці дні каманды спаборнічалі ў тэхніцы веласіпеднага, пешаходнага і воднага турызму, выяўлялі мацнейшых у творчых спаборніцтвах – конкурсе газет, гісторыка-патрыятычнай віктарыне. Скажаце: нічога складанага? І будзеце не правы!

“Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Але ж на цябе кладзецца двайная адказнасць – годна прадставіць свой раён, выкласціся па максімуме”, – адзначыў удзельнік нашай каманды Рыгор Жаваранак. Зрэшты, такую апантанасць хлопец не разгубіў на працягу ўсяго турзлёту: праходзіў доўгую дыстанцыю, арыентаванне, дэманстраваў высокае майстэрства ў ваджэнні веласіпеда. “Без шматлікіх тросаў, карабінаў, страховак на дыстанцыі не абысціся. Але ж вагу яны маюць адчувальную для дзявочых плячэй, – з усмешкай зазначыла Анастасія Спірыдонава. – Рада, што падчас этапу “насілкі” роля пацярпелага дасталася іншаму ўдзельніку – і я змагла паўдзельнічаць у працэсе вырабу названага атрыбуту”. “Няпростым стала выпрабаванне на беразе возера, – далучыліся да размовы Віталь Дзямідаў і Андрэй Бараніч. – Трэба было не толькі надзейна “прымацаваць” сябе да троса на дрэве, але і прадэманстраваць амаль акрабатычныя навыкі, пралятаючы на ім над воднай роўнядздзю”. Хапіла цяжкасцей на трасе і байдарачнікам. Так, Таццяна Клімашэўская ўпершыню села ў гэты плаўсродак толькі за дзень да вызначанага старту, тым не менш вельмі хутка авалодала неабходнымі навыкамі – дапамог ёй у гэтым больш вопытны напарнік Сяргей Ціханёнак.

Трэба сказаць, што ўшацкія турысты да кожнага з этапаў аднесліся з адказнасцю, усе заданні былі размеркаваны, што называецца, па сілах і здольнасцях. І ўсё ж, на жаль, “прарвацца” на лідарскія пазіцыі нашай камандзе не ўдалося. “Сапернікі былі надзвычай моцныя, барацьба ішла за кожны бал, – расказаў ушачанін Вадзім Рубанік. – А калі ўлічыць, што ў некаторых конкурсах за буйныя гарады выступалі спартсмены-прафесіяналы, то наш вынік можна лічыць прымальным. Тым больш што многіх сваіх суседзяў, такія ж сельскія раёны, мы ў асобных відах апярэдзілі”.

Трыумфатарам сёлетняга абласнога турыстычнага маладзёжнага злёту стала каманда Аршанскага раёна, на другім месцы – прадстаўнікі Полаччыны, на трэцім – юнакі і дзяўчаты з абласнога цэнтра. “І ўсё ж ёсць рэчы, куды важнейшыя за пазіцыі ў зводным пратаколе, – казалі падчас урачыстай цырымоніі закрыцця спаборніцтваў іх арганізатары. – Самае каштоўнае – сяброўскія зносіны, новыя знаёмствы. І вельмі прыемна, што такой пляцоўкай для яднання прадстаўнікоў Віцебшчыны не ў першы раз становіцца менавіта Ушацкі раён”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лета – пара адпачынку, незабыўных эмоцый і яркіх уражанняў. Калі, як ні цяпер, можна сабрацца вясёлай кампаніяй і правесці вольны час, сумясціўшы прыемнае з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика