«Паляванне» на блакітную ягаду. 21.by

«Паляванне» на блакітную ягаду

12.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>   Лета зараз у самым разгары. На кірмашы даўно гандлююць рознымі ягадамі, у тым ліку і ляснымі, напрыклад, чарніцамі. Гэтыя блакітныя ягадкі набраць у слоік, каб потым прадаць на кірмашы ў горадзе, адна справа, а вось паўдня прапоркацца ў лесе, каб сабраць 20-30, а то і ўсе 40 кілаграмаў - зусім іншая.

  Наша Палессе абшырнае, і чарнічніку ў ім дастаткова. Галоўнае, каб надвор’е было спрыяльным і не шкадавала нам дажджу. Зямелька нажывіцца сама, таму зможа ажывіць і ягаднае кустоўе. Але і тут мяжа павінна быць: занадта вялікая вільготнасць сапсуе ўраджай.

  Успаміны




  А вы збіралі калі-небудзь чарніцы? На маёй малой радзіме гэтым промыслам займаюцца ўсе, нават дзеці просяцца ў лес. Не, гэта не прага паспрабаваць салодкіх блакітных ягад. Адказ просты - заробак. Я, напрыклад, і зараз памятаю свой першы паход у чарніцы. Маці тады не магла са мной пайсці, бо працавала, адправіла з цёткай. Уручылі мне шкляны паўлітровы слоічак на шпагаце і маленькі «тарабанчык» - спадзяваліся, што будзе поўны. Збірала я ягадкі рукамі, без смецця. Назбірала тады не больш дзвух слоічкаў. А потым пакаштавала. І тут панеслася: тры ў рот, а адну ў шклянку. Дзе ж тут будзе «ўлоў»? Гэта потым мне цётка растлумачыла, што лепей ягады не есць, калі збіраеш, а то надапае «жор».

 Збіральніца чарніц вышла з мяне так сабе. Нават з часам я не асвоіла навык шпаркага і прадуктыўнага збору чарніц. Адно толькі радавала, што свае кілаграмы я збірала і на пачатку, калі ягад было безліч, і напрыканцы, калі яны амаль закончыліся. Брат нават жартаваў, што я і на гары сваё нашкрабу.

  «Вершыкі»




  У нас даволі цікавая мясцовасць, у тым ліку для этнографаў. Вёска знаходзіцца ў глыбіні палескіх балот, і дзякуючы гэтаму некаторыя звычаі захаваліся з даўніх часоў. Адной з яскравых спадчын, якія я памятаю, можна назваць «вершыкі-загаворы». Мая сястра ні разу ніводнага дня збору чарніц не пачынала без іх. Напрыклад, «Чарнічкі-чарнічкі, гарлачыкі невялічкі, сыпцеся роўна, каб было поўна». Або «Каб не знала, не гадала, як бачэчкі набірала». Я напачатку пасмейвалася, але, ведаеце, сястра такі набірала поўныя «тарабаны»! Прызнацца шчыра, не вельмі я любіла збіраць чарніцы, а ішла ў лес толькі таму, што сядзець дома, калі ўсе вяскоўцы зарабляюць, было невыносна. Каб вы маглі ўявіць, наколькі я ленавалася часам «паляваць» на ягады, дэманструю вам свой любімы загавор, які я прагаворвала, як толькі на небе з’яўляліся хмурынкі: «Дай Божа з неба тое, што лежню трэба».

  Забароненыя прыстасаванні




  Я вось распавядаю, што ў дзяцінстве ручкамі збірала чарніцы. Але ж наш чалавек усюль знойдзе сабе палёгку. Так і прыдумалі «грабёнкі». Гэта прыстасаванні, падобныя да каробачак без крышкі і без сценкі з аднаго боку. Тут жа размешчаны зубчыкі. Вось гэтымі зубчыкамі паддзяваюцца галінкі чарнічніку. Такім чынам грабёнкай вычосваюцца ягадкі. Зараз гэты прыбор забаронены - ён псуе чарнічнік. Але людзі ўсё роўна не абыходзяцца без такіх дапаможных сродкаў. Каб крыху прыструніць ягаднікаў, мясцовым ляснічым у сезон збору даручаецца дзяжурыць па лесе і шукаць нягоднікаў. Час ад часу хтосьці неабдумана выходзіць бліжэй да дарогі і трапляе на вочы «паляўнічаму». Тут ужо нічога не зробіш - у лепшым выпадку выпішуць папярэджванне, а могуць і аштрафаваць. Ды толькі хіба такімі забаронамі налякаеш палешука? Смех ды і толькі. Усе даўно ўжо, як то кажуць «прасяклі фішку» і намагаюцца не трапляць на вочы людзям у зялёнай форме. Але і там не дурні працуюць. Ходзяць цяпер у звычайнай вопратцы. Ды яшчэ калі раней ездзілі на машыне, знешні выгляд і гудзенне матора якой ягаднікі пазнаюць здалёк, то цяпер у самы гушчар ідуць пешшу. Цяпер галоўнае не губляць пільнасць і своечасова выявіць «паляўнічага», каб схаваць у кустоўе грабёнку.

  Крок улева, крок управа - і ты за мяжой




  Яшчэ адна асаблівасць нашай мясцовасці ў тым, што поруч мяжа. І, на жаль, менавіта там знаходзіцца адзін з лепшых чарнічнікаў. Тут заўжды з сабой патрэбна мець пашпарт, бо калі абаронцы дзяржаўнага кардону сустрэнуцца, а ты без дакументаў, то плакалі твае чарніцы, да і ты сам. Жыхары прыгранічных мясцін гавораць, што нават калі ў кішэні пашпарт, то ўсё роўна няма поўнай упэўненнасці, што цябе не «павяжуць» --- не заўжды дакладна ведаеш, у якой краіне апынешся праз крок. Нават адсутнасць высечаных дрэў на памежжы не супакойвае. Усё ж такі ў страху вочы вялікія, як то кажуць.

  Ау, ау, куды ж гэта я іду?

  Той жа самы страх ідзе крок у крок не толькі каля мяжы. Нам змалку гавораць далёка не адыходзіць ад дарослых, калі што здарыцца, дык адразу зваць каго-небудзь і самому адгуквацца. Вось яшчэ адна прычына, з якой я лічу за лепшае збіраць чарніцы амаль што на адным месцы. Заўжды бачна, дзе стаяць ровары, час ад часу ягаднікі праходзяць міма. Так дакладна ведаеш, што не згубішся. А згубіцца ў лесе падчас збору ой як лёгка! Нагнуўся за блакітнай прыгажуняй лясной, убачыў побач адну-другую і так не разгібаючыся, напаўняеш свой «бачок». Падымаеш галаву, ідзеш нібы да «тарабаноў», а іх усё няма і няма. Вось так губляешся ў прасторы.

  За чарніцамі ўплаў

  Каля вёскі працякае рачушка, якая стала перашкодай на шляху збіральнікаў. Ды і тут нашы не прапалі. Праўда зараз стала лягчэй --- у многіх з’явіліся грузавыя машыны (а ці не за тыя ж чарніцы?). І ўсё ж такі шмат хто перапраўляецца па-дзедаўску. Ёсць некалькі месцаў, дзе вады менш. Калі надвор’е дазваляе, можна зняць чобаты і штаны,  каб быць увесь дзень у сухой вопратцы, і перайсці на другі бераг. А на зваротным шляху можна дазволіць сабе «акунуцца» у чым ёсць.

  Мясцовыя жыхары лесу




  Перш за ўсё страшна было ісці ў лес, бо там водзяцца розныя паўзуны. А асабліва іх многа, распавядалі, там, дзе ёсць вада. «Калегі» супакойвалі, што ў лесе водзяца адны толькі вужакі. Але ж ці вытрымае сэрца цярпець страх, пакуль ты будзеш прыглядацца, ці ёсць жоўтыя «вушкі» ў паўзучай гадзіны? Не, як толькі позірк трапляе на такога «госця», тут жа адразу чуецца спалоханы віскат на ўсю аколіцу, і ў тое месца сёння больш ніхто не пойдзе, якімі б прывабнымі там ні былі ягадкі. За доўгі час, калі нашы людзі ходзяць па здабычу ў лес, з’явілася шмат «наказаў», што рабіць у той ці іншай сітуацыі. Хаця амаль усе яны носяць жартоўна-непрыстойны характар.

  Рэкамендавала б я пазбягаць месцаў, дзе вам пабачылася аса: у лесе часам трапляецца асіны рой, які з першага погляду і не ўбачыш. Часцей за ўсё разуменне, што ён поруч, прыходзіць, калі ты адчуваеш моцны ўдар у спіну. Прызнацца, у першую чаргу хочацца развярнуцца і даць здачы крыўдніку. Але ж лепш хутчэй уцякаць, каб не адбылося групавога пабоішча.



  Але, бадай, самы страшны лясны жыхар, якога баяцца сустрэць нават мужчыны, - дзік. Скажу нават, што кабан не такі грозны, як свінаматка з парасятамі. Тут выратавацца можна толькі, калі залезці на дрэва. І, ведаеце, у нас усе заўсёды азіраюцца навокал, аглядаючы, ці ёсць побач моцныя дрэвы з сукамі. Я ніводнага разу не сустракала лясных свінак, але распавядалі, што страх заганяў на сасну, дзе не было ніякіх сучкоў.

  Першыя чарніцы - на варэнікі




  Колькі сябе памятаю, а першыя варэнікі рабіліся менавіта з чарніц. Рэцэпт варэнікаў вельмі просты: у цеста на вадзе загортваюцца ягадкі з цукрам і варацца на пару. Калі не знаходзілася пад рукой марлі, а навокал дзяці, якія чакаюць смакоткі, то страва варылася проста ў вадзе. А мая цётка неяк пачала жарыць на патэльні. І ўсё роўна самыя смачныя варэнікі атрымліваюцца на пару. І абавязкова з першых чарніц!

  Што па чым?

  І не будзем забывацца пра тое, дзеля чаго людзі ідуць на такія выпрабаванні. Вось вам і «шабашка». Няблага можна зарабіць такім чынам. Спачатку чарніцы закуплялі па два з паловай рублі. Потым цана пачала хутка расці і дайшла ажно да чатырох! Пратрымалася два дні, а потым зменшылася да трох з паловай. І вось пакуль што трымаецца на такім узроўні.

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
 Фото з вольных крыніц

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Лета зараз у самым разгары. На кірмашы даўно гандлююць рознымі ягадамі, у тым ліку і ляснымі, напрыклад, чарніцамі. Гэтыя блакітныя ягадкі набраць у слоік, каб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика