От норм моральных до правовых. Как люди хоронят своих, нарушая закон. 21.by

От норм моральных до правовых. Как люди хоронят своих, нарушая закон

12.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Закон “Аб пахаванні і пахавальнай справе” прыняты ў краіне яшчэ ў 2001 годзе. У ім дэталёва распісана ўсё: памер магіл і парадак іх рэзервавання, вышыня агароджы і віды насаджэнняў. Вось толькі не скажаш, што ён дзейнічае, ва ўсялякім выпадку ў нашым раёне. Людзі хаваюць сваіх блізкіх дзе хочуць і як ім выгадней, часта парушаючы і закон, і маральныя нормы.

А месца ўжо занята

На памяці змест рэдакцыйнага пісьма, па якім давялося разбірацца. Не ліст, а адчай пажылой жанчыны, што “засталася без месца пахавання”. На цэнтральных ушацкіх могілках стаіць помнік мужу, а побач з ім абсталявалі столік і лавачку. Не ў межах агароджы, а за ёй, паколькі па існуючых забабонах жывым не варта загадзя клапаціцца пра апошняе месца прытулку. І вось калі бабуля ў чарговы раз наведалася ва Ушачы ад гарадскіх дзяцей, не ўбачыла ні стала, ні лаўкі… Галасіла над свежым пагорачкам, які ўшчыльную вырас ля помніка мужа. Аплаквала, зразумела, не малазнаёмага ёй чалавека, а немагчымасць быць пахаванай побач з блізкім.

Можна ўявіць, што гэта быў за ўдар для жанчыны, якая жыла па маральных законах, маўляў, усе ведаюць, што такім чынам браніруецца месца. Аднак у суд іск не падасі, і слязамі гору не дапаможаш. Выснова па той справе напрошвалася толькі адна: пакуль спецыялізаваная арганізацыя, у канкрэтным выпадку – камунгас, не возьме пад кантроль пахаванні, чакаць парадку на могілках не давядзецца.

І козы сытыя, і сена цэлае

Што рабіць, каб пазбегнуць падобных нечаканасцяў? Усім дзейнічаць у межах закона. На яго аснове ў 2009 годзе прынята рашэнне Ушацкага райвыканкама №599, якім устаноў­лена, што для выдзялення ўчастка для пахавання родным памерлага або асобам, якія ўзялі на сябе гэты клопат, трэба звярнуцца: у камунгас, калі пахаванне будзе ажыццяўляцца на могілках па вуліцы Кастрычніцкай гарпасёлка або ў вёсцы Ваўчо (да Уладзіміра Пятровіча Лесіна – 2-96-17 або Дзмітрыя Сяргеевіча Шасцярня – 2-79-36) ці ў сельскія выканаўчыя камітэты – калі на іншых. Адказнымі асобамі будуць адведзены месцы для пахавання: бясплатна на новае або падпахаванне да існуючай магілы блізкага чалавека, і платна, у памеры 0,5 базавай велічыні за квадратны метр, калі плошча сямейнага пахавання перавышае 2,3 метра ў даўжыню і 2,2 у шырыню. Для гэтага трэба напісаць заяву і пры сабе мець даведку аб смерці ці мёртванараджэнні.

За самавольнае ж пахаванне прадугледжаны штраф ад пяці да дзесяці базавых велічынь. Акрамя гэтага спецыялізаваная арганізацыя мае права настаяць на перапахаванні.

Магчымы і фамільны склеп

Канечне, складана перайсці ад норм маральных, якія зараз пануюць на могілках, да прававых, тым больш, што за “апошні метр зямлі” ўшачане ніколі не плацілі. Найбольш прадбачлівыя і няверуючыя ў забабоны проста ставілі калкі, металічную ці нават мураваную агароджу, ствараючы такім чынам сямейныя могілкі на чатыры, шэсць, а то і дзесяць месцаў… Сапраўды, зручна для нашчадкаў наведваць адно, ды і на душы спакойна: усе родныя побач.

І законам гэта не забаронена, хоць фамільны склеп устанаўлівай. Толькі браніруй месца ні лаўкай ці калкамі, а дакументальна. Такая норма, дарэчы, даўным-даўно існуе ў Мінску, дзе ўсе могілкі ў межах горада закрытыя і людзі імкнуцца зарэзерваваць месцы бліжэй да кальцавой дарогі.

Дарэчы, закрытымі з’яўляюцца і могілкі па Кастрычніцкай, на якіх дазволена толькі пахаванне да блізкіх, а не разрыванне старажытных курганоў ці пацясненне іншых пахаванняў.

Прывыкаць да парадку на могілках трэба, ды і нескладана. Для рэзервавання месцаў дастаткова напісаць заяву ў камунгас або сельвыканкам і ўнесці плату ў памеры 0,5 базавай велічыні за квадратны метр. Максімальны памер платных участкаў для пахавання, за выключэннем выдзеленых на бязвыплатнай аснове, – 20 квадратных метраў. Агавораны законам і вышыня агароджы – не вышэй 40 сантыметраў.

Чатыры пахаванні па правілах

Першым месцам у раёне, дзе працуе закон аб пахаванні, з’яўляецца Сарочынскі сельсавет. У маі-чэрвені на могілках устанавілі шыльды, у якіх прапісаны механізм, указаны кантактныя тэлефоны. І за гэты час чатыры чалавекі зрабілі пахаванні па правілах. “Людзі спачатку тэлефануюць, пытаюцца пра месца, а ўжо потым ідуць з дакументамі. У нас жа ўсе могілкі пашпартызаваны, існуе нумар на кожную магілу, і такім чынам новыя пахаванні не з’яўляюцца безгаспадарчымі. У Бутаве людзі пахавалі аднаго з бацькоў, цікавіліся, як зарэзерваваць месца для другога. Патлумачыла, што патрэбна заява, месца ж будзе бясплатным, – расказвае старшыня сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка. – Я гэты вопыт пераняла ў Полацкім раёне, дзе, дарэчы, плата за месца складае 2 базавыя велічыні. На жаль, ёсць і самавольнае пахаванне, па якім будзем разбірацца. Хаця не хочацца ў такім пытанні прыбягаць да пратаколаў”.

І сапраўды, навошта, калі абавязкова знойдуцца два бясплатныя месцы, яны будуць зарэгістраваны і ў далейшым у вашу агароджу не пахаваюць чужога чалавека. А такое здараецца нават з зоркамі. Напрыклад, Алег Даль на вядомых Ваганькаўскіх могілках у Маскве падпахаваны да балерыны Рослаўлевай, хоць сваякамі, нават дальнімі, яны не з’яўляліся. Адзінае, што вы губляеце, калі вырашыце адмовіцца ад забраніраванага месца – гэта аплату, яна не вяртаецца. А ўсе “могілкавыя” сродкі ідуць на асобны рахунак і паслужыць іх добраўпарадкаванню.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Закон “Аб пахаванні і пахавальнай справе” прыняты ў краіне яшчэ ў 2001 годзе. У ім дэталёва распісана ўсё: памер магіл і парадак іх рэзервавання, вышыня агароджы і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика