На грэбні хвалі нарачанскай. 21.by

На грэбні хвалі нарачанскай

16.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У КРАСАВІКУ бягучага года ў Маладзечне адбылася ўрачыстая цырымонія прысваення ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка, памочнік Прэзідэнта па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, а таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. З Мядзельшчыны гэтага ганаровага звання быў удастоены начальнік выратавальнай станцыі «Нарач» Сяргей Цяляк.

Гэтага чалавека ведаю не першы год. Ён вызначаецца дысцыплінаванасцю, адказнасцю, працавітасцю. Менавіта такіх адносін да даручанай справы патрабуе і ад падначаленых. Ці не таму адна са сцен службовага кабінета завешана граматамі, дыпломамі, а на спецыяльнай паліцы стаіць больш за паўдзясятка кубкаў. Убачыўшы маю цікавасць да ўзнагарод, Сяргей Іванавіч патлумачыў:
— Наша станцыя значыцца сярод лепшых на Міншчыне. На абласных спаборніцтвах па выратавальным мнагаборстве мы заўсёды ў ліку прызёраў. І заслуга ў гэтым кожнага работніка.
Варта сказаць, што на станцыі працуе дружны, згуртаваны калектыў прафесіяналаў, галоўная мэта якога — не дапусціць гібелі людзей на вадзе. А ўзначальвае яго вопытны начальнік, які, як кажуць, прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы.
Нарадзіўся і вырас Сяргей у вёсцы Целякі. З маленства яго, як і іншых вясковых хлапчукоў, вабіла да сябе возера. Ён дакладна ведае амаль усе водмелі на Нарачы, дзе і якая рыба лепш бярэцца. І калі, прыйшоўшы з працы, матуля не заставала дома сына, ведала, што ён на возеры.
— Плаваць навучыўся яшчэ да школы. Старэйшыя хлопцы, у тым ліку і брат Іван, заўсёды бралі з сабой на возера. Іншы раз прыхоплівалі штосьці на полудзень, каб не ісці дадому, — усміхаецца Сяргей Іванавіч.
Возера возерам, але Сяргею і яго брату Івану даводзілася шмат дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Маці працавала даяркай на ферме «Целякі». Яе руплівасць была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а праз некалькі гадоў — «Знакам Пашаны». Бацька ўсё жыццё адпрацаваў у меліярацыі на гусенічным трактары. Іншы раз тэхніка начавала дома. Вось гэта для Сяргея было сапраўдным шчасцем. Ён быў гатовы ўсю ноч прасядзець у кабіне за рычагамі трактара з шырокімі гусеніцамі. Уяўляў сябе дарослым…
Але механізатарам не стаў. У дзявятым і дзясятым класе, а вучыўся юнак у адзінай тады Мядзельскай СШ, наведваў вучэбна-вытворчы камбінат. Таму разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі атрымаў пасведчанне на права кіравання аўтамабілем. Пасля школы працаваць уладкаваўся ў колішнюю аўтабазу: спачатку слесарам, а потым і вадзіцелем. Затым была служба ў арміі. Вярнуўшыся дадому, Сяргей пайшоў у ПМК-66, дзе ўсё жыццё адпрацаваў бацька. За хлопцам замацавалі самазвал «КамАЗ». Справы ладзіліся. Юнака ўсё часцей сталі называць у ліку лепшых работнікаў. І вось аднойчы паступіла прапанова перайсці працаваць вадзіцелем у райвыканкам.
— Ідзі, не раздумвай. На легкавой машыне будзеш вазіць кагосьці з начальнікаў. Гэта значна лягчэй, чым працаваць у меліярацыі, — раілі бацькі.
Згадзіўся. Больш за дзесяць гадоў працаваў у райвыканкаме. Але Сяргея вабіла да сябе возера, якое не давала спакою ні днём, ні ноччу. Вось і папрасіўся ў тагачаснага начальніка выратавальнай станцыі «Нарач» Івана Зарэцкага на працу. На месцы прайшоў навучанне, здаў залікі — і прызначалі матарыстам. А праз два гады, таксама пасля адпаведнага навучання і трэніровак, стаў вадалазам. І сёння Сяргей Іванавіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў, якія дзяліліся вопытам і навыкамі, падказвалі, дапамагалі.
— Шчыра ўдзячны былому начальніку станцыі Івану Зарэцкаму, вадалазам Алегу Кісламу (зараз ён на пенсіі), матарысту Пятру Дзявятнікаву, вадалазу Мікалаю Кабяку. Менавіта яны дапамаглі мне хутчэй асвоіць прафесію выратавальніка, — кажа Сяргей Цяляк.
А адзінаццаць гадоў таму Сяргею Іванавічу прапанавалі ўзначаліць калектыў станцыі. Маўляў, работа знаёмая, добра ведаеш абавязкі матарыста, вадалаза, у калектыве цябе паважаюць. Параіўшыся дома, даў згоду.
— У нас вельмі дружны калектыў. Адзначыць кагосьці асобна немагчыма. Скажу наступнае: старажылам з’яўляецца Мікалай Кабяк. Быў вадалазам, зараз завіхаецца матросам. Шмат гадоў працуе матарыстам Міхаіл Малько. Вялікі стаж работы пад вадой мае Віктар Прузан. З 2005 года працуе ў нас медсястрой Таццяна Жалубоўская. Гэта адказная, шчырая жанчына, добры спецыяліст, — расказвае начальнік станцыі.
Літаральна пра кожнага падначаленага Сяргей Іванавіч можа расказаць шмат добрага. Калектыў папаўняецца маладымі кадрамі. І пра іх кіраўнік гаворыць цёпла, душэўна. Па сваёй сціпласці Цяляк прамаўчаў, што менавіта станцыя «Нарач» з’яўляецца кузняй кіраўніцкіх кадраў выратавальнікаў. Вось канкрэтныя таму прыклады. Вадалазам тут працаваў Аляксандр Андрэеў — зараз узначальвае калектыў выратавальнай станцыі «Зубраня». Былы вадалаз Дзмітрый Дамшэль цяпер працуе на пасадзе начальніка выратавальнай станцыі «Мядзел». У гэтым ёсць немалая заслуга і Сяргея Целяка, які падрыхтаваў дастойную маладую змену.
Не лішнім будзе сказаць, што Сяргей Іванавіч — дбайны гаспадар, добры сем’янін. Разам з жонкай Людмілай, якая працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела, выхавалі двух сыноў. Старэйшы Аляксандр закончыў геаграфічны факультэт БДУ, працуе геадэзістам у адной са сталічных фірм. Малодшы Уладзімір днямі здаў апошнія экзамены ў медыцынскім універсітэце і па размеркаванні паедзе працаваць ў Гродна. Ганарыцца бацька сынамі, дзеці ганарацца бацькам.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: начальнік выратавальнай станцыі «Нарач» Сяргей Цяляк, якому прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны».
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У КРАСАВІКУ бягучага года ў Маладзечне адбылася ўрачыстая цырымонія прысваення ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика