Выпіў – не сядай за руль…. 21.by

Выпіў – не сядай за руль…

18.07.2018 14:42 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэтая гісторыя, на першы погляд, самая звычайная – падобныя адбываюцца на тэрыторыі нашага раёна ледзь не штодня. Але за знешняй прастотай хаваецца некалькі асаблівасцей, якія выклікаюць шмат сур’ёзных пытанняў.

Ураджэнцу вёскі Чудзін Аляксандру Х. 37 гадоў – далёка не хлопчык ужо, дарослы мужчына. Мае сярэднюю адукацыю, жанаты, на ўтрыманні трое непаўнагадовых дзяцей. Жыве ў г.Салігорску, працуе бетоншчыкам. Здавалася б, чаго яшчэ чалавеку трэба? Ёсць кватэра, сям’я, работа, нават уласны легкавы аўтамабіль. Сумленна жыві, старанна працуй і забяспечвай сям’ю ўсім неабходным. Тым больш, што ён – адзіны кармілец: жонка знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду гадавалай дачушкі, малодшаму сыну чатыры гады, старэйшаму – пятнаццаць. Уяўляеце сітуацыю? Тут, як кажуць, кожная капейка на ўліку.

На жаль, сам Аляксандр гэтай простай ісціны не разумее. Скардзіцца толькі, што зарплата малая. Ну а ў каго яна сёння вялікая? Многія мужчыны ў такіх сітуацыях шукаюць, дзе б яшчэ падзарабіць-падхаўтурыць, па грыбах-ягадах у выхадныя дні бегаюць. Карацей кажучы, было б жаданне і здароўе, а работа знойдзецца. Скардзяцца ж на жыццёвыя праблемы толькі бязвольныя ці лянівыя людзі. Але не будзем галаслоўнымі – прывядзём канкрэтныя факты, якія сведчаць аб тым, як Аляксандр «клапоціцца» пра дабрабыт сваіх родных.

29 красавіка гэтага года ён сярод ночы ехаў на матацыкле з рыбалкі. На лясной дарозе каля вёскі Пярэвалакі яго спынілі супрацоўнікі Нясвіжскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, якія знаходзіліся ў тутэйшых мясцінах у начным рэйдзе па выяўленні браканьераў. Вядома ж, яны спынілі начнога матацыкліста і пацікавіліся: дзе быў, што рабіў, ці не займаўся незаконным паляваннем-рыбалкай.

– У час размовы з матацыклістам, – распавядаў потым следчаму інспектар Міхаіл Патоцкі, – мы высветлілі, што рыбу ён лавіў вудачкамі, таму прэтэнзій у гэтым плане да яго не мелі. Але ж адчулі моцны пах алкаголю і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі.

Прыкладна праз паўгадзіны з Ганцавіч на месца здарэння прыбылі інспектар ДПС Ігар Сплендзер і ўчастковы інспектар Арцём Жалезны. Па іх словах, ад Аляксандра Х. моцна пахла алкаголем, і яны прапанавалі мужчыне паехаць з імі ў прыёмны пакой райбальніцы, каб афіцыйна праверыць, ці знаходзіцца ён у нецвярозым стане. Той пагадзіўся. Дзяжурны ўрач пры дапамозе прыбора «Алконт» устанавіў: у крыві чалавека ўтрымліваецца 1,1 праміле алкаголю. У райаддзеле ўнутраных спраў былі складзены адпаведныя пратаколы (акрамя знаходжання ў нецвярозым стане за рулём матацыкла, у парушальніка не было вадзіцельскіх правоў, тэхнічнага пашпарта, спецыяльнага шлема на галаве). Аляксандр усе гэтыя дакументы падпісаў, тым самым пагадзіўшыся з імі.

Пры праверцы па электроннай базе даных высветлілася, што ў Аляксандра Х. гэта паўторнае на працягу года аналагічнае парушэнне – кіраванне ў нецвярозым стане транспартнымі сродкамі. Першы раз – 26 чэрвеня 2017 года – ён быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі ў роднай вёсцы Чудзін, калі, выпіўшы, ехаў за рулём уласнага аўтамабіля «КІА». Тады ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваны на суму 1380 рублёў (60 базавых велічынь).

Цяпер, улічваючы, што аналагічнае парушэнне паўторнае, Аляксандра Х. прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. На папярэднім следстве ён заявіў: аб тым, што нельга сядаць п’яным за руль, ведаў, аднак, маўляў, атрымалася гэта выпадкова. Ехаў на рыбалку быццам бы з начоўкай, узяў з сабою двухлітровую бутэльку піва. На возеры выпіў яе, а потым стала холадна, таму ён сеў за руль матацыкла і паехаў да маці ў Чудзін.

Піў Аляксандр піва ці што мацнейшае, цяпер ужо не ўстановіш. Але гэта і не так важна: факт знаходжання яго ў нецвярозым стане за рулём матацыкла афіцыйна даказаны.

10 ліпеня ў актавай зале Ганцавіцкага РАУС адбылося выязное пасяджэнне раённага суда, на якім была разгледжана крымінальная справа Аляксандра Х. Ён публічна прызнаў усе факты, выкладзеныя ў абвінавачванні, а ў апошнім слове папрасіў толькі аб адным: не прысуджаць вялікі штраф, зноў жа спасылаючыся на неабходнасць карміць сям’ю. Чаму ж сам аб гэтым не думаў, калі п’яны сядаў за руль?

Суд прыгаварыў Аляксандра да 1 года папраўчых работ з вылікам 25 працэнтаў заробку (але не менш адной базавай велічыні штомесячна) у даход дзяржавы і пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў.

Пасля заканчэння судовага пасяджэння пагаварылі з Аляксандрам у, так бы мовіць, больш вольнай абстаноўцы – за межамі будынка міліцыі. Ён зноў скардзіўся на безграшоўе, нізкія заробкі, цяжкае жыццё… Так і не зразумеў чалавек, што гэта ён сам, уласнымі рукамі і галавою заганяе ў нястачу сябе і сваіх родных.

Міхаіл КЛЯЎЦЭВІЧ,
пракурор Ганцавіцкага раёна,

Вячаслаў БУРДЫКА,
карэспандэнт «СП».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтая гісторыя, на першы погляд, самая звычайная – падобныя адбываюцца на тэрыторыі нашага раёна ледзь не штодня. Але за знешняй
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика