Вярнуцца з прафесіяй. 21.by

Вярнуцца з прафесіяй

19.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

52-c

Заўсёды радасцю адклікаецца навіна аб тым, што дзеці з апякунскіх і прыёмных сем’яў паспяхова завяршаюць навучанне ў агульнаадукацыйнай школе і працягваюць вучобу ў вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных установах краіны.

Арцём Галубец і Святлана Івашка паспяхова закончылі Абласны аграрна-тэхнічны прафесіянальны ліцэй у г. Дзяржынску, вучыліся ў адной групе і вярнуліся на сваю малую радзіму з набытай прафесіяй. У ліцэі яны атрымалі запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць — повар-буфетчык. У Стоўбцах іх з радасцю прынялі ў райспажыўтаварыстве і прадаставілі месца працы ў рэстаранах горада.

Арцём і Святлана дзеляцца сваімі планамі. У іх ёсць намер працягваць вучобу ў тэхналагічным каледжы. Яны азнаёміліся ўжо з навучальнымі ўстановамі, выбралі сярод іх такія, дзе залічэнне адбываецца па бале атэстата. Святлана, напрыклад, мае сярэдні бал атэстата 8,5. Падтрымліваем іх, жадаем поспехаў.

А пакуль у іх час адпачынку. Арцём расказвае, што хоць яму выдзелены інтэрнат, ён працягвае жыць у прыёмнай сям’і Аляксандра і Кацярыны Васільевых, якія далі яму пуцёўку ў жыццё, дапамаглі з выбарам прафесіі. На сучасны момант Аляксандр Анатольевіч і Кацярына Рыгораўна з’яўляюцца прыёмнымі бацькамі першага ў Стаўбцоўскім раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу. Яны не толькі прыёмныя бацькі, але і ўсынавіцелі. На сучасны момант выхоўваюць 10 дзяцей. У ліку іх – два родныя браты Арцёма. Таму юнак прыязджае ў гэтую сям’ю, як у сваю родную. На працягу вучобы ў ліцэі ён атрымліваў вялікую дапамогу сваіх прыёмных бацькоў, быў сагрэты іх увагай, ласкай. І цяпер яму знаходзіцца месца ў іх утульным, гасцінным доме, дзе пахне дамашнімі пірагамі, смачна прыгатаванымі стравамі. Сям’я мае цяпліцы, вырошчвае раннюю гародніну. Дзеці нічым не абдзеленыя. І такі клопат пра іх дае свае добрыя плады. Ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама даюць добрую характарыстыку Арцёму Галубцу і вельмі радуюцца, што ён мае жаданне працягваць вучобу.

Святлана Івашка таксама атрымала інтэрнат, выдзелены аб’яднаннем камунальных службаў. Дзяўчына з вялікай удзячнасцю гаворыць пра сваіх прыёмных бацькоў Аксану Анатольеўну і Валерыя Іванавіча Гаўрыкаў з вёскі Стары Свержань, зазначае, што, каб не яны, то невядома, што б з ёю было. У гэтай сям’і Святлана жыла з першага па дзясяты клас. Аксана Анатольеўна арыентавала Святлану паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, арганізавала і аплаціла ёй дадатковыя заняткі з рэпетытарамі. Святлана закончыла Старасвержанскую школу мастацтваў па класе цымбалаў. Мае выдатныя вакальныя даныя, наведвала хор. Аксана Анатольеўна гаворыць, што ў Святланы цэлы стос грамат пасля ўдзелу ў розных творчых конкурсах. Сярод лепшых якасцяў дзяўчыны прыёмная маці называе высокую працаздольнасць Святланы.

Калі дзяўчына вырашыла паступаць у ліцэй, Аксана Анатольеўна і тады яе падтрымлівала. У гэты час у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь вучылася яе дачка Валерыя. Бацькі, наведваючы Валерыю, заўсёды заязджалі з пачастункамі ў Дзяржынск і да Святланы. Святлана з Валерыяй захавалі між сабой добрыя сяброўскія адносіны. Аксане Анатольеўне вельмі хочацца, каб Святлана прыступіла да работы па атрыманай спецыяльнасці повара, падтрымлівае яе намеры працягваць вучобу ў каледжы. Па-ранейшаму застаецца для яе добрым дарадчыкам, калі Святлана мае ў гэтым патрэбу і тэлефануе ёй.

Лёс маладых людзей – у іх руках. І дзяржава, і добрыя людзі, якія сустрэнуцца на іх жыццёвым шляху, акажуць ім рознабаковую падтрымку ў добрых пачынаннях і намерах. І калі чалавек захоча пабудаваць сваё жыццё ў станоўчым, патрэбным накірунку, а гэта магчыма для кожнага, з якім бы статусам ён ні быў, у яго абавязкова атрымаецца. Ёсць нямала прыкладаў, калі дзеці з замяшчаючых сем’яў сталі паспяховымі людзьмі, стварылі свае сем’і, выхоўваюць дзяцей, адчуваюць сябе ўпэўненымі і шчаслівымі ў грамадстве. Пажадаем Арцёму і Святлане разумець гэта, прыкласці жаданні і сілы для ажыццяўлення добрых намераў і планаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўсёды радасцю адклікаецца навіна аб тым, што дзеці з апякунскіх і прыёмных сем’яў паспяхова завяршаюць навучанне ў агульнаадукацыйнай школе і працягваюць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика