Працаўнікі Кіраўскага РАПТЗ не саступаюць прыродным “капрызам”. 21.by

Працаўнікі Кіраўскага РАПТЗ не саступаюць прыродным “капрызам”

20.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сельхозтехника-4

Старшы камбайнер Дзмітрый Комар (справа) і камбайнер Міхаіл Залаты

Ну і надвор’е сёлета ўлетку!.. Такую ці падобную фразу можна зараз пачуць бадай што ці не ад кожнага. Сапраўды, такога даждлівага ліпеня наўрад ці могуць прыгадаць нават старажылы. Пэўна, і дня не атрымліваецца, каб на зямлю не лілася з неба вада. Асаблівы непакой у сувязі з гэтым — у сяльчан: дождж, як вядома, для глебы абавязкова патрэбны, але ж не ў такой колькасці!.. Зараз вельмі адказны перыяд — уборачная кампанія, і гэтыя «мокрыя” прыродныя карэктывы могуць адбіцца на ёй не лепшым чынам…

Заўчора, праўда, выдаўся-такі пагодны дзянёк. Мы накіраваліся на палеткі ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, каб паназіраць за ходам праводзімых тут. Як нам паведаміў па тэлефоне намеснік дырэктара таварыства па сельскай гаспадарцы Лявонцій Кушавараў, работы ў гэты дзень планавалася весці на адным з участкаў каля Пацавай Слабады. Туды  мы і адправіліся…

Праўда, адразу ўранні распачаць уборку алейнай культуры не ўяўлялася магчымым: магутны лівень, які прайшоў напярэдадні вечарам і ўначы, зрабіў сваю справу. Але што такое летняе сонца і ветрык? Некалькі гадзін — і вось ужо магутныя ўборачныя машыны парушылі цішыню за вёскай гулам рухавікоў. За працэсам абмалоту рапсу, як, дарэчы, і заўсёды ўважліва назіраў галоўны аграном Уладзімір Дарафей, у якога мы пацікавіліся ходам бягучых работ і бліжэйшых планаў.

— Уборка рапсу, які сёлета займаў 360 га, — расказаў галоўны тэхнолаг палёў, — нягледзячы на даждлівае надвор’е, набліжаецца да завяршэння. Убрана ўжо больш за 75% плошчаў, з якіх намалочана 485 т масланасення. Сказаць, што сёлетні ўраджай радуе, на жаль, нельга. Калі летась з кожнага гектара было намалочана па 30 цэнтнераў, то сёлетнія 18 хутчэй засмучаюць. Прычыны недабору розныя — і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя. Безумоўна, прырода сказала сваё слова: у маі-чэрвені панавала спёка, а ў ліпені усё заліў дождж . Ды і позняй вясной пасля хуткага раставання снегу частка палёў вымакла. Але “спісваць” тоькі на прыродны фактар не варта. Не ўсе, на жаль, планавыя работы па правядзенні падкормкі раслін, апрацоўцы ўдалося выканаць.

Але, як бы тое ні было, вырашчанае неабходна ўбраць. І на гэта зараз накіраваны наяўныя механічныя і людскія рэсурсы. Дакладней, частка з іх, наколькі ў тым маецца патрэба. Як расказаў Уладзімір Дарафей, на абмалоце рапсу заняты чатыры з васьмі наяўных камбайнаў. Усе ўкамплектаваны вопытнымі, праверанымі кадрамі. У саставах экіпажаў — Уладзімір Комар з сынам Мікалаем, Дзмітрый Комар з Міхаілам Залатым, Валянцін Сулімскі з Юрыем Русецкім, Сяргей Чудапал з Кірылам Гамаліным.

Пасля камбайнаў на скошаных участках працуе трактар “Джон Дзір”. Гэта на лушчэнні сцярні заняты Уладзімір Шалянгоўскі.


Сельхозтехника-1

Вадзіцель Дзмітрый Багамолаў

Дзве адзінкі тэхнікі задзейнічаны для адвозкі масланасення: на МАЗах з прычэпамі Дзмітрый Багамолаў і Віталь Васількоў дастаўляюць рапс у сушыльную гаспадарку, якая знаходзіцца ў Кіраўску.


Сельхозтехника-2

Аператары сушыльнай гаспадаркі Віктар Манін і Мікіта Каранкевіч

Гул агрэгатаў апошняй не змаўкае практычна ні ўдзень, ні ўначы. Работа тут наладжана ў тры змены, у якіх заняты адпаведна трое звёнаў: у парах старанна працуюць Сяргей Каранкевіч з Аляксандрам Беніцэвічам, Віктар Манін з Мікітам Каранкевічам і Уладзімір Нарэзенка з Віктарам Пуцікавым. Ёсць яшчэ адна пара маладых работнікаў, якая сумленна працуе ў сушыльнай гаспадарцы. Гэта Якаў Храмовіч і Юрый Дрозд. Яны ачышчаюць прывезенае з поля масланасенне рапсу ад рознага роду шкоднікаў і прымесей. Дарэчы, абодва хлопцы родам з Пацавай Слабады, скончылі Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж, разам паступілі ў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію, і вось ужо пасля заканчэння першага курса сябры разам праходзяць вытворчую практыку ў РАПТЗ.


Сельхозтехника-3

Практыканты Юрый Дрозд і Якаў Храмовіч

Між іншым, амаль штодзённыя дажджы, пра якія мы гаварылі ў пачатку гэтага матэрыяла, для сяльчан вялікай перашкодай не з’яўляюцца. Вось і ў РАПТЗ, як толькі надвор’е не дае весці адну работу, механізатары пераключаюцца на другую. Той жа дождж, да прыкладу, спрыяе травастою, не перашкаджае касіць травы другім укосам, а гэта вялікі “плюс” для корманарыхтоўкі. Падварушаная трава правяльваецца,  і яе скатваюць у рулоны і закансервоўваюць у палімерную ўпакоўку. Ужо толькі з траў другога ўкосу ў стрэйч-плёнку назапашана 200 т сенажу, а ўсяго ва ўпакоўцы складзіравана яго 650 т. Падварочвае масу Рыгор Булах, скатвае з дапамогай агрэгата “Тарнада” — Яўген Рудак.

Яшчэ “на корані” практычна ўвесь ураджай бягучага года, а ў таварыстве думаюць і пра заўтрашні дзень. Прыступілі да ворыва пад азімыя культуры. Работы вядуцца на вызваленых участках, дзе былі скошаны травы. Уладзімір Сакалоўскі на “Беларусу-3022” узараў  глебу на 70 га. Пад азімыя таксама ўносіцца арганіка: на гэтым участку работ заняты Аляксандр Сакалоўскі, Іван Лазаковіч.

…А тым часам усё больш выразна адчуваецца подых самага, бадай, хвалюючага для сяльчан перыяду — жніва! Якісьці тыдзень — і хлебная ніва распачне развітвацца са спелымі каласамі. У РАПТЗ сёлета, як адзначыў Уладзімір Дарафей, патрэбна ўбраць па 300 га трыцікале і ячменю, 55 — аўса, 480 — зернебабовых. А першай, як і звычайна “падыходзіць” да ўборкі пшаніца, якая займае 50 га.

— Да жніва, заўважыў спецыяліст, гатовы ў поўнай ступені. Хлебаробы чакаюць адмашкі стартавага флажка. Цяпер галоўнае, каб не падвяло надвор’е!..

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшы камбайнер Дзмітрый Комар (справа) і камбайнер Міхаіл Залаты Ну і надвор’е сёлета ўлетку!.. Такую ці падобную фразу можна зараз пачуць бадай што ці не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика