Праект «Фотасведкі былога». 21.by

Праект «Фотасведкі былога»

20.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Там, дзе млын калісьці вецер пільнаваў… 

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Апошнім часам прыкметна ажывілася цікавасць землякоў да свайго мінулага. Гэта асабліва стала зразумела падчас леташняга святкавання 200-х угодкаў Жабінкі. Непадробны інтарэс у тыя ліпеньскія дні выклікала выстава старых фотакартак, сабраных бібліятэкарамі раёна. На здымках, прысвечаных Жабінцы гістарычнай, горад паўстаў у былых сваіх абрысах і выглядзе.

Ужо сёлета 3 ліпеня на святкаванні ў ГДК Дня Незалежнасці супрацоўніцы райбібліятэкі зноў прадэманстравалі свае набыткі, якія склалі выставу “Жабінкаўшчына ў фотааб’ектыве”. Прычым на гэты раз прыкметна пашыраную. Вакол стэндаў збіраліся зацікаўленыя, іх было досыць шмат. Гэта і навяло на думку распачаць на старонках раёнкі НОВЫ праект, у якім галоўнымі героямі стануць СТАРЫЯ здымкі – яркія і запамінальныя ФОТАСВЕДКІ БЫЛОГА.
Часы, бясспрэчна, у нябыт бягуць, як рэкі цякуць, ды воляй-няволяй пакідаюць пасля сябе адмеціны: нібыта зарубкі, на памяць застаюцца старадаўнія рэчы, паперы, фотаздымкі… Аказваецца, шмат у каго ў альбомах ды шафах дасюль захоўваюцца чорна-белыя, ад часу пажоўклыя картачкі – адбіткі мінулых часоў. Мінулае заўжды вяртаецца, яно і моднае, і павучальнае, і прыцягальнае. Сёння, у перыяд, калі апанавалі лічбавыя тэхналогіі, пабачыць цікавае фота з мінулага па-ранейшаму цікава ды карысна. Дакладна не менш, чым у часы стварэння. Нібыта на машыне часу перанесціся праз дзесяцігоддзі.
Так-так, “птушачка” вылецела з аб’ектыва аднойчы і назаўсёды. Як тут не згадаць афарыстычнае выслоўе: “Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!”.
Фотаздымак, які адкрывае нашу галерэю, літаральна днямі даслаў жыхар горада над Бугам Яфім Басін. У каментарыі да пісьма з фотавыявамі старой Жабінкі і яе жыхароў, зробленымі ў 30-я гады мінулага стагоддзя, ён крыху расказвае і пра сябе, прынамсі, пра тое, што працуе выканаўчым дырэктарам Брэсцкага яўрэйскага дабрачыннага цэнтра “Хэсэд-Давід”. А вось у вольны час Яфім збірае розныя знакі былых часоў, паколькі ўжо не першы год захапляецца гісторыяй Брэста і навакольных раёнаў.
Час стварэння здымка высветліць вельмі проста – фота само за сябе сведчыць!
На пярэднім плане – ганаровая арка, упрыгожаная ялінкамі, чырвонай зоркай і надпісам на шыльдзе, прымацаванай уверсе: “ДА ЗДРАВСТВУЕТ КРАСНАЯ АРМИЯ. С.С.С.Р.”
Па ўсім відаць, жабінкаўцы, якія сабраліся паблізу аркі, чакаюць прыходу чырвонаармейцаў. Гэта гістарычная падзея адбылася 22 верасня 1939 года. Як згадвалі людзі старэйшага ўзросту, у першай палове таго дня з боку Камянца ў Жабінку ўвайшло савецкае танкавае падраздзяленне. Паблізу самаробнай аркі адбыўся мітынг, на якім выступіў танкіст Броўкін і павіншаваў жыхароў мястэчка ды навакольных вёсак з устанаўленнем Савецкай улады. Словы прамаўлялі і былыя падпольшчыкі Якаў Ярашук, Аляксандр Крывец, Мікалай Ляўчук, якія змагаліся за аб’яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай ССР. Пад дружныя апладысменты і крыкі “ўра” над будынкам паліцэйскага пастарунка быў узняты чырвоны сцяг. (Участак польскай паліцыі, у якім у хуткасці ўзнік райаддзел народнай міліцыі, месціўся якраз побач з аркай. Будынак захаваўся да нашых дзён як жылы дом паблізу магазіна “Бытавая тэхніка”).
Звяртае на сябе ўвагу і высокі млын-вятрак, змешчаны на заднім плане фотаздымка. Ён належаў яўрэйскай сям’і Пінчукоў. Неўзабаве быў нацыяналізаваны, разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На ягоных падмурках знаходзіцца кінатэатр “Юбілейны”. Такім чынам, фотакартка адлюстроўвае падзею, што адбылася на сённяшняй вуліцы Кірава ў Жабінцы ў верасні 1939 года.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Там, дзе млын калісьці вецер пільнаваў…  Анатоль БЕНЗЯРУК. Апошнім часам прыкметна ажывілася цікавасць землякоў да свайго мінулага. Гэта асабліва стала...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика