Паміж Жанатасам і Хоцімшчынай. 21.by

Паміж Жанатасам і Хоцімшчынай

24.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб тым, што педагогі Хоцімшчыны — людзі крэатыўныя і таленавітыя, ніколі ні на кроплю не сумнявалася. І вось прамы таму доказ. Раздаецца чарговы тэлефонны званок у рэдакцыю, і ў размове з намеснікам дырэктара СШ №2 Ксеніяй Хвораст слова за словам даведваюся аб тым, што настаўнік матэматыкі Юлія Алферчык яшчэ і цудоўная паэтэса. Прызнаюся — зацікавілася, так як і сама спрабую складаць вершы ў вольны час. Перапісалася з педагогам (дарэчы, з Юліяй Аляксандраўнай калісьці вучыліся ў паралельных групах — аўт.) і папрасіла выслаць некалькі вершаў праз сеціва. Прачытала, і была прыемна здзіўлена. Дамовіліся аб сустрэчы.
— Юлія Аляксандраўна, у год малой радзімы проста не магу не спытаць: што для вас родная старонка.Сёння даведалася — у вас нават вершы ёсць на гэтую тэматыку?
— Родам я з Жанатаса, гэта такі горад у Казахстане. Але пасля распаду СССР горад прыйшоў у запусценне, наша сям’я вымушана была пераехаць на новае месца жыхарства. Карані ў мяне рускія, гэта напісана і ў пасведчанні аб нараджэнні, па пашпарту ж — беларуска. Некалі бацькі расказвалі, што выбар новага месца жыхарства быў паміж востравам Сахалін і Хоцімшчынай. На Сахаліне потым у хуткасці было землетрасенне, таму знаёмыя параілі родным спыніцца на хоцімскай зямлі — вёсцы Баханы. Спачатку на Хоцімшчыну паехаў тата, уладкаваўся ў калгас, выдзелілі жыллё. Дарэчы, на нашай вуліцы было нямала перасяленцаў. Таму і Казахстан, і вёска Баханы для мяне аднолькава родныя. Для мяне аднолькава любімыя і дарагія сэрцу абедзьве радзімы, і сёння мяне ўсё часцей цягне ў краіну адвечнай спякоты і Цянь-шаньскіх гор, якую аднойчы прыйшлося пакінуць маленькай дзяўчынкай…
— Якія — небудзь успаміны з дзяцінства засталіся?
— Помню абрыўкамі, але вельмі нямногае. Калі па радыё чула, як расказвалі пра невядомую на той час краіну, часта пыталася: “Мама, а мы хутка паедзем у тую Беларусію?” Тады я і падумаць не магла, што гэта такая прыгожая краіна, дзе вельмі маляўнічая прырода і шчырыя людзі. Невыразна, але захаваліся ў памяці незвычайнай прыгажосці горы, курорт Медэа і адзіны ў жыцці пералёт на самалёце. Больш успамінаў звязана з Хоцімшчынай, калі ўжо пайшла вучыцца ў школу. Дарэчы, хоць расла ў рускамоўнай сям’і, заўсёды аднолькава любіла беларускую і рускую мову, навучалася ў беларускамоўнай школе. Часта прыбягала са школы і цікавілася: “Мама, а ты ведаеш, як на беларускай мове будзе “сковорода”? Па-беларуску гэта будзе “патэльня”. А тая ў адказ толькі ўсміхалася…
— Юлія, як вырашылі стаць настаўнікам?
— Не магу сказаць, што доўга вызначалася з выбарам прафесіі, проста заўжды падабаліся дзеткі. Спачатку скончыла Горацкі педкаледж па спецыяльнасці “Творчая дзейнасць”. Падчас вучобы нядрэнна зарэкамендавала сябе — актыўна ўдзельнічала ў спартыўным і культурным жыцці навучальнай установы. Потым амаль што не стала журналістам — паступіла ў горад Магілёў на журфак, але вучыцца так і не пайшла… У мінулым жа годзе паспяхова скончыла факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій у Віцебску. Цяпер вось працую настаўнікам матэматыкі — да гэтага рабіла арганізатарам. Трэба сказаць — многае залежыць ад калектыву ў якім працуеш. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, у сценах СШ №2 знайшла сапраўдных сяброў і аднадумцаў.
Хачу адзначыць, працаваць з дзеткамі вельмі падабаецца, хоць і цяжкасцяў ў гэтай справе нямала. Але імкнуся быць з навучэнцамі “на адной хвалі”, выслухаць і зразумець іх. Заўжды радуюся поспехам маіх выхаванцаў, нават самым маленькім, падабаецца, калі ў маіх вучняў атрымліваецца задуманае, калі яны дасягаюць пастаўленых мэт.
— А калі з’явілася жаданне займацца вершаскладаннем?
— Па праўдзе сказаць — жаданне нешта пісаць было яшчэ са школы. Але напачатку гэта былі невялікія аповяды пра няшчаснага жырафіка ў заапарку, потым лірычныя вершы пра каханне і пра расчараванне ў ім, вершы аб сэнсе жыцця, аб радзіме і г. д. З кожным новым перыядам майго жыцця “нараджаліся” новыя ідэі, а з імі і новыя вершы. Сёння імкнецца прыдумваць нешта сваё і мой любімы сынок — Арцём, які ў асноўным складае прыгодніцкія гісторыі аб адважных героях, прымае актыўны ўдзел у разнастайных школьных конкурсах.
Лічу, што творчасць — асаблівы стан душы, якога можна дасягнуць толькі пры вялікім жаданні. Дарэчы, калі чалавек ставіць перад сабой мэту, і ўпэўнена імкнецца да яе — усё будзе добра. Раней здавалася: як гэта некаторыя збіраюць кубік Рубіка — зараз і сама магу з лёгкасцю яго сабраць за пару хвілін. Ці, напрыклад, адчаканіць мяч да пяцідзесяці разоў. На гэта пайшлі многія гадзіны трэніровак, але я люблю ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Памятаю, як прышлі ў захапленне мае навучэнцы, калі ў адным з паходаў убачылі такі майстар-клас. А вось займацца сумнай манатоннай працай — зусім не маё.
— А мне заўсёды здавалася, што чалавек, які звязаны з дакладнымі навукамі, зусім аддалены ад напісання вершаў.
— Гэта зусім не так. Нават з гісторыі можна прывесці мноства прыкладаў, якія супярэчаць гэтаму. Шматлікія навукоўцы, апроч сваёй навуковай дзейнасці, займаліся чымсьці яшчэ. Хтосьці захапляўся рыбалкай, хтосьці спортам, а некаторыя пісалі аповяды, оды, вершы. Жанчына – матэматык Соф’я Кавалеўская казала пра матэматыку так: «Гэта навука, якая патрабуе найбольш фантазіі, нельга быць матэматыкам, не быўшы ў той жа час паэтам у душы». Выдатны знаўца старажытнасці, Ферма пісаў вершы па-грэцку і па-латыні. Гэтак жа як і Паскаль. Ён на ўласным прыкладзе даказаў, што чалавек можа займацца навукай і адначасова мастацтвам, фізікай і літаратурай. Ламаносаў апісаў стылі мовы з некалькіх бакоў. Такіх прыкладаў можна прывесці мноства — таму ўсё магчыма.
— Даволі працяглы час вы пражываеце на беларускай зямлі. Нейкае падабенства паміж беларусамі і казахамі можаце прывесці?
— Па-першае, хачу адзначыць, што аднолькава і з вялікай павагай стаўлюся да культуры і традыцый абодвух народаў. Напрыклад, калі казаць пра некаторыя з іх, то і казахі, і беларусы вельмі гасцінныя і дружалюбныя. У Казахстане прынята кожнага чалавека, які прыйшоў у дом, сустракаць як самага дарагога госця. Памятаю, як матуля кожнага, хто прыходзіў запрашала ў дом. Гэта, бадай, самая адметная рыса нашых народаў. Памятаю здзіўленне вясковага паштальёна, якога гэтак жа, як і сваіх, маці запрасіла да стала. Бясконца доўга можна размаўляць і пра нацыянальную кухню абодвух народаў. Мне аднолькава падабаюцца і стравы беларускай кухні, і казахскія. Часта для сваіх родных гатую манты, якія нечым нагадваюць беларускія пельмені. Дарэчы, мая цёця, якая зараз пражывае ў вёсцы Бярозкі — вельмі добры кулінар сярэдне-азіяцкай кухні. Яна вельмі часта гатуе стравы па традыцыйных рэцэптах, з вялікім задавальненнем некаторыя пераймаю і я.
— Як лічыце, радзіма там, дзе чалавек нарадзіўся?
— Не толькі. Радзімай можна назваць і тое месца, дзе чалавек з’явіўся на свет, і тое, дзе ён стаў па-сапраўднаму шчаслівым, а ў кожнага сваё разуменне шчасця. І месца, куды яго пастаянна прыводзіць сцяжынка да роднага дома. І гэта можа быць не адно месца, а некалькі. Галоўнае — тыя пачуцці, якія адчувае чалавек у сваім сэрцы, тыя планы і перспектывы, якія ён будуе дзеля таго, каб яго край стаў яшчэ лепш. Радзіма — яна недзе ў глыбіні душы. А яшчэ ўпэўнена, што галоўным упрыгожаннем нашага краю з’яўляюцца людзі, менавіта яны пішуць добрую і прыгожую гісторыю прыбеседскага края.
— Напрыканцы, хочацца спытаць: аб чым марыце?
— На самай справе, мар у мяне шмат. І ў першую чаргу яны, як у многіх: каб быў мір ва ўсім міры, каб усе былі здаровыя і шчаслівыя, і каб усе задуманыя мары здзяйсняліся, каб сын вырас добрым чалавекам. Вельмі хочацца навучыцца іграць на гітары (усміхаецца, аўт.). А яшчэ… Яшчэ хочацца паехаць на сваю радзіму, якая за чатыры тысячы кіламетраў — там была апошні раз, калі было каля чатырох гадоў… Прайсціся па гарачых стэпах і ўдыхнуць прыкра-салодкае паветра. У чарговы раз упэўніцца — я аднолькава люблю і Беларусь, і Казахстан, таму што гэта зямля маіх бацькоў і прадзедаў, маіх дзяцей і майго кахання, гэта мая зямля, мая любая старонка. І няхай у мяне дзве малых радзімы — Жанатас і Хоцімшчына. Гэта азначае толькі адно — я шчаслівая ўдвая.
— Шчыра жадаю, каб усе вашы мары здзейсніліся. Поспехаў, і хочацца пажадаць новых кранальных вершаў аб вашых родных старонках…

Мой бераг родны, ад мяне такі далёкі,
Там майго роду засталiся каранi.
Краіна, дзе высокія аблокі
Цянь-шаньскіх гор кранаюць камяні.
Дзе стэпу вольныя, бязмежныя прасторы,
Дзе сэрца замірае кожны раз,
Схаваўся ў квітнеючыя горы
Мой горад родны – жаркі Жанатас.
На жаль, я ад Радзімы так далёка,
І хоць я да яе душой імкнусь,
Далёкую Радзіму замяніла
Яшчэ адна Радзіма – Беларусь.
Мне запярэчаць – дзве Радзімы не бывае,
А я для скептыкаў яшчэ раз паўтару :
Другой Радзімай Беларусь я адчуваю,
Яе, блакітнавокую, люблю.
Я вырасла пад беларускім небам,
Сярод палёў жытнёвых і лясоў.
Дзе кругам галава, дзе водар хлеба,
Дзе гоман, гул птушыных галасоў.
Так, нарадзілася я ў Казахстане,
І рускія ўсе родныя, бацькі.
Але квітнець, павер, не перастануць
У маім сэрцы кветкі-васількі.
І, ведайце, я дзве Радзімы маю
І Богу я з удзячнасцю малюсь –
Пад сонцам беларускім падрастае
Сынок блакітнавокі – беларус.
Юлія АЛФЕРЧЫК

Вольга ЗАЙЦАВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб тым, што педагогі Хоцімшчыны — людзі крэатыўныя і таленавітыя, ніколі ні на кроплю не сумнявалася. І вось прамы таму доказ. Раздаецца чарговы тэлефонны званок...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика