Лепшы з лепшых. 21.by

Лепшы з лепшых

27.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ПА выніках Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях лепшым у групе па накірунку «Ліквідацыя надзвычайных сітуацый» стаў начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 курортнага пасёлка Нарач Віктар Плакса.
— Я родам з Мядзела. З дзяцінства люблю спорт. Менавіта гэта і дапамагае мне ў жыцці і ў рабоце, якую выбраў. Калі ты фізічна падрыхтаваны, сабраны, дысцыплінаваны, тады значна лягчэй спраўляцца з пастаўленай задачай, — расказвае Віктар. — Калі паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны, у мяне не ўзнікла ніякіх праблем, хіба толькі жыць па раскладзе. Спачатку было цяжкавата прывыкнуць, але з часам усё стала, як кажуць, на сваё месца.
Пасля паспяховай здачы выпускных экзаменаў, урачыстага ўручэння дыплома і падкідання ўвышыню фуражак лейтэнант унутранай службы Віктар Плакса вярнуўся на родную Мядзельшчыну. Яго чакалі там, дзе гучыць сірэна, дзе кіруе секундная боегатоўнасць, дзе ў кабіне аўтамабіля, які імчыць на тушэнне пажару, ад хвалявання пульс становіцца больш частым. Потым — прыпынак, і пачынаецца сапраўдная баявая работа, у якой усё зразумела і няма часу на разважанні. Бо ад прынятага табой рашэння залежыць жыццё іншых.
— Мне дапамагае ў рабоце тое, што вучоба была максімальна прыбліжана да штодзённага жыцця. Мы заступалі на дзяжурствы, выязджалі на тушэнне агню, — працягвае размову Віктар. — Калі едзеш на пажар, заўсёды хвалюешся, бо не ведаеш, што цябе там чакае. Прыехаўшы, ацэньваеш абстаноўку — і хваляванні знікаюць, тым больш, што побач з табой з агнём змагаюцца калегі. На мой погляд, у прафесіі выратавальніка вельмі важны дружны калектыў.
За непрацяглы тэрмін службы ў Віктара ўжо былі выпадкі, калі ён ратаваў жыцці іншых людзей. Раскажам пра адзін з іх. Паступіў выклік, што ў пад’ездзе дома адбылося кароткае замыканне і адключылася электрычнасць. Здаецца, нічога звышнатуральнага. Але ў адной з кватэр пад апаратам жыццезабеспячэння знаходзіўся чалавек. Ацаніўшы абстаноўку — прапала толькі адна фаза — Віктар прыняў рашэнне пракласці падаўжальнік ад кватэры з іншага паверха. Але штосьці яго турбавала. Хлопец хутка выйшаў на вуліцу і загадаў вадзіцелю дастаць з аўтамабіля перасоўны генератар. Як толькі праклалі падаўжальнік, электрычнасць зноў прапала. Выратавальнікі хутка запусцілі генератар і падключылі апарат. Генератар працаваў да таго часу, пакуль электрыкі не ліквідавалі няспраўнасць.
Калі заходзіць размова пра конкурс прафесійнага майстэрства і перамогі ў ім, Віктар без хвальбы расказвае:
— У конкурсе з начальнікаў каравулаў я і мае аднакурснікі былі самымі маладымі. Спачатку адбыўся абласны адбор. Паказаў някепскія вынікі. Так трапіў на рэспубліку. Там два этапы: тэарэтычны (тэсціраванне) і фізічная падрыхтоўка. Калі гаварыць пра веды, то яны яшчэ свежыя пасля вучобы ва ўніверсітэце. У першым тэсце з 50 пытанняў правільна адказаў на 47, у другім з 50 — на 49. Што датычыць выпрабаванняў па фізічнай і аварыйна-выратавальнай падрыхтоўцы, то для мяне яна — прывычная справа. Усё гэта і дапамагло стаць лепшым у накірунку «Ліквідацыя надзвычайных сітуацый».

К. ДАНІЛІК.
Інжынер інспекцыі нагляду
і прафілактыкі райаддзела
па надзвычайных сітуацыях,
старшы лейтэнант унутранай службы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПА выніках Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях лепшым у групе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика