І дзяўчаты гуляюць у футбол. 21.by

І дзяўчаты гуляюць у футбол

02.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

І дзяўчаты гуляюць у футбол
Футбольная акадэмія «Fair Play» (у перакладзе з англійскай мовы – «шчырая гульня») у партнёрстве з Асацыяцыяй Беларускай федэрацыі футбола адчыняюць у верасні футбольную школу для дзяўчат і хлопцаў у Свіслачы. Чаго нам чакаць і адкуль карані гэтай ідэі, мы даведаліся ў таленавітага трэнера юных футбалістаў Аляксандра Кушнера – заснавальніка адной з першых у нашай краіне прыватных футбольных школ, з часам пераросшых ў футбольную акадэмію.

І дзяўчаты гуляюць у футбол

 

– Аляксандр, распавядзіце пра гісторыю заснавання футбольнай акадэміі «Fair Play».

 

– Футбольная акадэмія «Fair Play» (да жніўня 2014 г. насіла назву прыватнай футбольнай школы «Нёман» Ашмяны) распачала сваю працу ў Ашмянах у лістападзе 2012 года. Ад самага пачатку людзі навокал вельмі скептычна ставіліся да ідэі адкрыцця футбольнай школы, бо былі перакананыя, што бацькі не будуць плаціць за трэніроўкі па футболе. Але, як паказаў час, справа была не ў платнасці ці бясплатнасці заняткаў, а ў падыходзе да сваёй працы. Я заўсёды прыкладаў намаганні, каб знайсці індывідуальны падыход як да дзяцей, так і да бацькоў, каб стварыць такія ўмовы, у якіх будзе камфортна ўсім. І, вядома, такі падыход прынёс свае станоўчыя вынікі. У першы месяц заняткаў у трох камандах футбольнай школы трэніраваліся больш за 70 дзяцей.

 

– Чаму з цягам часу было прынята рашэнне аб перайменаванні клуба з прыватнай футбольнай школы «Нёман» у футбольную акадэмію «Fair Play»?

 

– Слоган «Fair Play» вядомы амаль кожнаму, хто цікавіцца спортам. У больш шырокім сэнсе ён азначае павагу да партнёраў па камандзе, да саперніка, да ўсіх аматараў футболу, а таксама мае на ўвазе годныя паводзіны на футбольным полі, незалежна ад выніку гульні. Новы лагатып футбольнай акадэміі поўны энергіі і дынамізму. Па задумцы, ён павінен натхніць выхаванцаў да больш актыўных дзеянняў на футбольным полі, з’яднаць іх і ўзмацніць камандны дух.

 

– Якімі дасягненнямі сёння можа ганарыцца футбольная акадэмія «Fair Play»?

 

З моманту адкрыцця ў сваёй працы мы арыентуемся на вопыт вядучых футбольных краін і ставім сабе за мэту развіццё масавага футбола, які з’яўляецца перадумовай паспяховага развіцця футбола прафесійнага. Сумесна з АБФФ мы правялі больш за 30 вялікіх футбольных турніраў для дзяцей: як сярод дзяржаўных ДЮСШ, СДЮШАР, так і прыватных футбольных школ. Футбольная акадэмія «Fair Play» здолела на працягу больш чым пяці гадоў сумеснай працы на карысць развіцця беларускага футбола ўсталяваць сапраўдныя партнёрскія адносіны з АБФФ. Гэтае партнёрства з’яўляецца для нас вельмі істотным фактарам. Усе каманды футбольнай акадэміі прынялі ўдзел у першых для сябе міжнародных спаборніцтвах. Так, у 2015 г. мы наведалі літоўскі горад Уцену, дзе нашы маленькія «акадэмікі», каманда 2007--2008 г.н., занялі ганаровае 2-е месца ў турніры Utenis Cup 2015. У 2016 г. мы адгулялі на турнірах у Латвіі і Літве. Гэта вясна стала паспяховай для каманды 2007--2008 г.н., якая ўзнялася на «срэбную» прыступку на турніры Daugavpils Cup 2018 у Латвіі. Акрамя таго, наша футбольная акадэмія стала ўдзельніцай пілотнага праекта УЕФА па развіцці масавага і дзіцячага футбола, а таксама ўдзельніцай праекта ФІФА па развіцці дзявоцкага футбола. А самым прыемным фактам стала атрыманне нашымі спецыялістамі трэнерскіх ліцэнзій UEFA-D.

 

– Якія новыя магчымасці адкрываюцца перад юнымі футбалістамі і іх трэнерамі ў сувязі з партнёрствам паміж АБФФ і «Fair Play»?

 

– У першую чаргу дзеці будуць забяспечаны якасным інвентаром і экіпіроўкай. Акрамя гэтага плануецца, што дзеці, якія будуць дэманстраваць добрую і выніковую гульню, атрымаюць магчымасць пасля 7 класа патрапіць у Мінск у склад каманд Акадэміі АБФФ. Там яны будуць пражываць, харчавацца, навучацца і трэніравацца на базе Тэхнічнага цэнтра АБФФ з перспектывай патрапіць у склад зборных Беларусі рознага ўзросту. Для дзяцей, якія па аб’ектыўных прычынах будуць яшчэ не гатовыя да пераезда ў Мінск, мы гарантуем сталую трэніровачную і гульнявую практыку. Трэнеры таксама будуць забяспечаны экіпіроўкай і атрымаюць магчымасць бясплатнага навучання з атрыманнем трэнерскай ліцэнзіі UEFA.

 

– Ведаю, што свой трэнерскі вопыт вы ўдасканальвалі ў Германіі…

 

– Так, я ўдзельнічаў у праграме абмена ў межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва MOST у 2016 годзе ў Берліне. Дзейнасцю маёй футбольнай акадэміі зацікавілася Берлінская футбольная асацыяцыя, якая і выступіла нашым партнёрам у межах праграмы MOST. У 2017 годзе я стажыраваўся на базе футбольнага клуба SV Rot-Weiß Viktoria Mitte 08 e.V. Berlin. Атрыманы замежны вопыт вельмі моцна паўплываў на маю далейшую дзейнасць, дапамог па-новаму расставіць прыярытэты ў працы з дзецьмі і бацькамі.

 

– Якія гэта прыярытэты?

 

– Таленавітым і мэтанакіраваным мы даём магчымасць паспрабаваць свае сілы ў прафесійных футбольных клубах. Тым, хто не імкнецца зрабіць кар'еру прафесійнага футбаліста, трэніроўкі дапамогуць палепшыць здароўе, сфарміраваць характар і знайсці шчырых сяброў. У футбольнай акадэміі навучальны працэс пабудаваны такім чынам, каб дзіця з задавальненнем наведвала трэніроўкі. Мы ганарымся тым, што ў «Fair Play» адсутнічае адбор, паколькі кожнае дзіця мае права праявіць сябе.

 

– А з якімі праблемамі вы сутыкнуліся ў сваёй працы?

 

– Найбольш мяне як трэнера абурае нездаровае жаданне некаторых бацькоў зрабіць сваіх дзяцей інструментам, пры дапамозе якога яны спрабуюць задаволіць свае асабістыя амбіцыі альбо свае асабістыя няздзейсненыя мары. Не трэба гнацца за медалямі, кубкамі і граматамі. На вынік у футболе, як і ў любым іншым відзе спорту, глядзяць толькі на фінішы, а не ў якім разе не на старце альбо на дыстанцыі. У выпадку дзейнасці футбольнай акадэміі фінішам з’яўляецца падрыхтоўка дзяцей да дарослага, прафесійнага футбола. Яшчэ адным момантам, які не спрыяе паступоваму развіццю дзіцяці, з’яўляецца жаданне некаторых бацькоў упхнуць (прабачце, іншага слова я не знаходжу) дзіця як мага ў большую колькасць гурткоў. Пры гэтым меркаванні і пажаданні самога дзіцяці зусім не ўлічваюцца. У выніку такіх маніпуляцый дзіця стамляецца як псіхалагічна, так і фізічна, і зусім губляе цікаўнасць да ўсяго. Сярод асноўных фактараў, якія кепска ўздзейнічаюць на маладую асобу, я б адзначыў таксама вялікую колькасць так званых раздражняльнікаў: камп’ютары, планшэты, гульнявыя прыстаўкі і г.д. Не магу не засяродзіцца на яшчэ адным аспекце, які хвалюе мяне як трэнера. Гэта стэрэатыпы, звязаныя з жаноцкім футболам. Паважаныя мамы і таты, не замінайце сваім дачушкам праявіць сябе на футбольнай пляцоўцы.

 

– Дзяцей якога ўзросту вы набіраеце ў падрыхтоўчыя групы?

 

– На дадзены момант у наборы наступныя ўзроставыя катэгорыі хлопцаў і дзяўчат: 2005–2006, 2007–2008, 2009–2010, 2011–2012, 2013–2014 гады нараджэння.

 

– Якім чынам можна атрымаць дадатковую інфармацыю аб дзейнасці футбольнай акадэміі і як запісаць у яе дзіця?    

 

– У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў можна званіць па тэлефонах: (+37529) 666-54-84 (Вэлком), (+37533) 366-54-84 (МТС). Таксама раім наведаць наш сайт www.fair-play.by.

 

– Дзякуй за размову, Аляксандр! Спадзяюся, што першыя званкі вы атрымаеце ўжо неўзабаве.

 

Вольга БУБЕНЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Футбольная акадэмія «Fair Play» (у перакладзе з англійскай мовы – «шчырая гульня») у партнёрстве з Асацыяцыяй Беларускай федэрацыі футбола адчыняюць у верасні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика