Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет. 21.by

Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет

Размер текста:
A
A
A

Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет

«Авангард» працягвае віртуальнае падарожжа па тэрыторыі Будакашалёўшчыны з мэтай знаёмства сваіх чытачоў з асаблівасцямі кожнага сельсавета. На гэты раз раскажам вам аб самым далёкім кутку нашага раёна – Мікалаеўскім сельсавеце.

Кароткі экскурс у гісторыю

Мікалаеўскія старажылы захавалі ў памяці некаторыя факты па гісторыі Мікалаеўкі і іншых населеных пунктаў дадзенай мясцовасці. Так, па іх версіі, у 19 стагоддзі ўся мясцовасць называлася Любаншчынай і належала памешчыку Шкляронку, які пражываў у фальварку Зорка. Ён падзяліў старую Любань на пяць вёсак, якія атрымалі назвы па ўрочышчам. Першая вёска – Салтанаўка, другая – Пастралкі, трэцяя – Падляды, чацвёртая – Пералаз, пятая – Угольцы. Ва ўрочышчы Пчэльня памешчык пабудаваў ветраны млын, вінакурны завод, выкапаў катлаван памерам 40×70 і засадзіў сквер каля яго. Затым вёскі змянілі свае назвы: Пастралкі пераўтварыліся ў Варварына, Падляды – у Любань, Пералаз – ва Уладзіміраўку, Угольцы – у Надзеждзіна, а Салтанаўка як раз і стала Мікалаеўкай.

Самы буйны населены пункт дадзенай тэрыторыі – адміністрацыйны цэнтр сельсавета аграгарадок Мікалаеўка – па пісьмовых крыніцах вядомы з 19 стагоддзя, у той час разам з фальваркам быў памешчыцкім валоданнем, затым уваходзіў у склад маёнтка Самуйлаў, памешчыка Д. Турчанінава. Перад рэвалюцыяй у Мікалаеўцы была сялянская абшчына, асноўная зямля належала памешчыку. Апошнім быў Самуіл.

Вядомыя землякі

Мікалаеўская зямля – малая радзіма такіх выдатных людзей, як Герой Савецкага Саюза Сяргей Аляксеевіч Панамароў і Герой Сацыялістычнай Працы, дзяржаўны дзеяч БССР, кандыдат гістарычных навук, заслужаны дзеяч культуры БССР Рыгор Якаўлевіч Кісялёў.

Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет
Сяргей Аляксеевіч Панамароў

Сяргей Аляксеевіч Панамароў – выхадзец з сялян. З 1932 года служыў у НКУС, у 1939 апынуўся ў Чырвонай Арміі. У Вялікую Айчынную вайну ваяваў у складзе Заходняга, Паўночна-Заходняга, Бранскага, Беларускага, 1-га Украінскага, 3-га i 1-га Прыбалтыйскага, 1-га Беларускага франтоў. Капітан Панамароў вызначыўся ў баях у час прарыву варожай абароны ў Польшчы i ўступлення савецкіх войскаў на тэрыторыю Германіі. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Аляксеевіч працягваў службу ва ўзброеных сілах СССР да 1946 года. Пасля звальнення ў запас вярнуўся на працу ў органы МУС СССР. У адстаўку ён выйшаў у 1956 го-дзе ў званні маёра. Жыў у вёсцы Азяраны, працаваў начальнікам лесаўчастка Рагачоўскага лесазавода. Памёр у кастрычніку 1968 года на шасцідзясятым годзе жыцця. Пахаваны ў вёсцы Мікалаеўка.
Рыгор Якаўлевіч Кісялёў скончыў Гомельскі педагагічны інстытут, Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1951). Да 1939 года працаваў на педагагічнай рабоце ў Буда-Кашалёўскім i Касцюковіцкім раёнах, а затым – на палітычнай рабоце ў Чырвонай Аpмii. Удзельнік Айчыннай вайны, двойчы быў паранены. З 1942 года – загадчык партыйнага кабінета, apгiнструктарскага аддзела, 2-гi сакратар Петухоўскага райкама ВКП(б) Курганскай вобласці. Пасля вайны займаў кіруючыя пасады ў партыйных i савецкіх органах БССР: 2-гi сакратар Гомельскага райкама партыі, намеснік загадчыка аддзела кадраў Гомельскага абкама партыі. З 1947 года працаваў у ЦК КП(6)Б загадчыкам аддзела, намеснікам начальніка ўпраўлення кадраў, загадчыкам аддзела ВНУ, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1951-1970). У 1953 назначаны міністрам культуры, у 1964 – міністрам адукацыі БССР, з 1968 па 1970 з’яўляўся намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зopкi, «Знак Пашаны», медалямі.

Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет
Віктар Платонавіч Харчанка

Другой радзімай стала Мікалаеўка і для пісьменніка Віктара Платонавіча Харчанкі, які нарадзіўся на станцыі Курорт-Баравое (цяпер горад Шчучынск), што ў Казахстане, у сям’і чыгуначнікаў. Жыць у Мікалаеўку прыехаў у 2001 годзе. Чалавекам быў незвычайна творчым і цікавым, пісаў вершы, апавяданні, музыку. З’яўляўся лаўрэатам міжнароднай асацыяцыі «Мастацтва народаў свету», магістрам. Друкаваўся ў альманаху «Гоман», у калектыўных зборніках. Выйшлі ў свет кнігі вершаў і прозы «Выдатна жыць» і «Прама ў мэту», а таксама раман-успамін «Жыццё як яно ёсць». Пайшоў з жыцця ў 2016 годзе.

Знакавае месца

На тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета размешчана адно з 10 знакавых месцаў Будакашалёўшчыны – вадасховішча «Чачора» ў вёсцы Выдрыца. Вадасховішча – гэта любімае месца адпачынку не толькі мясцовых жыхароў, але і частых гасцей. Калі казаць аб памерах, то плошча воднага люстэрка складае 0,77 кв. км, даўжыня – 3 км, найбольшая шырыня – 260 м, а максімальная глыбіня – 3 м. Возера было створана ў 1977 годзе шляхам узвядзення плаціны ў даліне каналізаванага ўчастка ракі Дулепа. Назва самога вадасховішча – Чачора – мае некалькі значэнняў: «багністае месца», «месца, дзе пражываюць цецерукі». Ёсць версія, што паходжанне слова звязана з назвай племя чакі, якое жыло ў 5-6 стагоддзі н.э.

Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет
Вадасховішча «Чачора»

Дзень сённяшні

На тэрыторыі сельсавета 390 двароў, 900 жыхароў, дзіцячы сад-сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, 2 фельчарска-акушэрскія пункты, комплексна прыёмны пункт. У цэнтры аграгарадка размешчаны помнік на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1990 годзе пастаўлены помнік – скульптура Boiна.

Асноўным прадпрыемствам на тэрыторыі сельсавета з’яўляецца ААТ «Мікалаеўка», дзе сёння працуюць 203 чалавекі. Гаспадарка мае 7568 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 5111 гектараў раллі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 5540, у тым ліку 1424 – каровы. Асноўнымі вытворчымі спецыялізацыямі з’яўляюцца вырошчванне збожжавых і зернебабовых, кармавых і тэхнічных культур, вытворчасць малака і мяса.

У галіне раслінаводства спецыялісты гаспадаркі робяць стаўку на ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання зямель. Для правядзення ўсіх відаў палявых работ ёсць неабходная тэхніка, прычапныя і навясныя агрэгаты. Планавая мадэрнізацыя жывёлагадоўчых аб’ектаў, абнаўленне абсталявання дазваляюць гаспадарцы павялічваць аб’ёмы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і паляпшаць яе якасць.

Мясцовая ініцыятыва

Нядаўна ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Наш сад» праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, у Мікалаеўцы пры школе разбілі сад, у які можна вадзіць экскурсіі. Конкурсная заяўка «Наш сад», пададзеная педкалектывам, стала пераможцам асноўнага конкурсу мясцовых ініцыятыў у кастрычніку 2017 года. Установе было выдзелена каля 13 тысяч даляраў. Гэта паспяховы праект, адзіны ў сваім родзе на Гомельшчыне, не проста сад з градкамі, а эксперыментальны ўчастак «зялёнага», арганічнага земляробства. Гэта значыць, максімальна эфектыўнага і бяс-печнага з пункту гледжання экалогіі. Плошча ўчастка крыху больш за 30 сотак. Ёсць дзе разгарнуцца на ніве агратэхнічных навацый. Калектыў дзіцячага сада-школы спрацаваў больш чым аператыўна: на ўсё пра ўсё пайшло паўгода. Сёння былы непрыдатны ўчастак за школай радуе вока зелянінай, акуратнай геаметрыяй градак, моцнымі дрэўцамі ў чалавечы рост. З дэкаратыўных раслін пасаджаны туі, барбарыс, ядловец лускаваты. Пладовыя дрэвы: яблыні, грушы, слівы, абрыкосы. З ягад – клубніцы, парэчка, агрэст, маліна, буякі. З гародніны – лук, морква, фасоля, буракі, капуста, памідоры, агуркі, перац, бульба. Адным словам, ёсць чым заняцца і дзецям, і дарослым.

Праект «Авангарда» к году малой радзімы: Мікалаеўскі сельсавет

Падрыхтавала Марына ЛУСЕВІЧ.
Фота Ірыны Палубец, з архіву рэдакцыі, сайта «Гомельскай праўды».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Авангард» працягвае віртуальнае падарожжа па тэрыторыі Будакашалёўшчыны з мэтай знаёмства сваіх чытачоў з асаблівасцямі кожнага сельсавета. На...
 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях


© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика