Наша здароўе. 21.by

Наша здароўе

06.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

040818j

ЛЮБІЦЬ ПРАФЕСІЮ – ВЯЛІКАЯ РАДАСЦЬ

Першага жніўня адметны дзень: прыступаюць да работы маладыя спецыялісты ў розных сферах вытворчасці. Для Наталлі Буцько гэты дзень таксама характэрны. У яе завяршыўся ўжо статус маладога спецыяліста. Адпрацаваўшы два гады пасля заканчэння Слуцкага медкаледжа ў Стаўбцоўскай раённай бальніцы, Наталля Андрэеўна падпісала з адміністрацыяй медыцынскай установы кантракт на тры гады і застаецца працаваць у Стоўбцах. Сама яна родам з Брэсцкай вобласці.

Наталля Буцько звярнула на сябе ўвагу тым, што надзвычай прафесіянальна выконвае работу па заборы крыві ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Настолькі ўмела, што многія гавораць ёй аб гэтым, таму што працэдура такая для пацыентаў не надта прыемная. Аднак у Наталлі Андрэеўны атрымліваецца яе так правесці, што нават дзеці не баяцца сесці ў крэсла перад мноствам прабірак на стале медыка.

І калі год назад у клініка-дыягнастычнай лабараторыі адкрыўся кабінет для абслугоўвання цяжарных жанчын і дзяцей, ніхто з медыцынскіх работнікаў асабліва «не рваўся» ісці працаваць туды. Узяць кроў у дзяцей – справа не з прыемных. Наталля Буцько выказала гатоўнасць працаваць у гэтым кабінеце. Прыемна слухаць яе ўражанні. Ёй удаецца ўгаварыць дзяцей, яна лёгка знаходзіць падыход да кожнага, і як вынік – з кабінета не разносіцца дзіцячы плач.

З першага дня Наталля Буцько працуе па сваёй спецыяльнасці, яна – фельчар-лабарант. У абавязкі такога спецыяліста ўваходзіць забор крыві, яе лабараторнае даследаванне, выдача вынікаў урачу. Акрамя крыві, Наталля Андрэеўна праводзіць лабараторнае даследаванне і іншых біялагічных вадкасцяў. Аб аб’ёме нагрузкі скажа такая лічба: у ліпені ёю было даследавана 800 проб.

Каб так камфортна, упэўнена адчуваць сябе ў прафесіі, атрымліваць радасць ад работы, Наталля Буцько ўзяла за правіла быць вельмі патрабавальнай да сябе. Яна мае высокую самадысцыпліну. Пастаянна памятае аб тым, што павінна выканаць забор крыві адмыслова, дасканала весці дакументацыю, таму што паўтарыць забор у дзяцей вельмі складана. Ды і цяжарных жанчын не трэба напружваць лішні раз. Калі ў калідоры няма «сваіх» пацыентаў, Наталля Андрэеўна прымае іншых, якія чакаюць у чарзе ў суседні кабінет.

Заўсёды прыемна сустракаць людзей, якія з радасцю гавораць, што яны любяць сваю работу, не памыліліся з выбарам прафесіі, нясуць пазітыў іншым сваім светлым настроем, што перадаецца і пацыентам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

АДПАЧЫВАЙЦЕ З РАЗВАГАЙ

Лета – пара адпачынку. Сезон водпускаў можа суправаджацца завозам інфекцыйных захворванняў, такіх як энтэравірусная інфекцыя.

Адзначаныя інфекцыі ўяўляюць сабою групу інфекцыйных захворванняў, выкліканых энтэравірусамі, якія могуць паражаць многія органы і сістэмы. Яны працякаюць з мноствам клінічных праяўленняў. Вірусаносьбіцтва сярод здаровых людзей складае да 46 працэнтаў.

Энтэравірусы ўстойлівыя ў звычайным асяроддзі. Вірус хутка гіне пры праграванні, кіпячэнні, уздзеянні прэпаратаў, якія ўтрымліваюць хлор, пры ўльтрафіялетавым апраменьванні.

Крыніцай захворвання з’яўляецца хворы чалавек. Інкубацыйны перыяд – ад аднаго да 10 дзён, максімальна – да 21. Заражэнне можа адбывацца праз ваду, прадукты харчавання, кропелькі сліны і макроты пры кашлі і чханні. Часта заражэнне адбываецца пры ўжыванні забруджанай вірусамі гародніны, праз забруджаныя рукі, прадметы быту і асабістай гігіены.

Агульныя сімптомы пры розных формах энтэравіруснай інфекцыі – слабасць, галаўны боль, хвалепадобнае павышэнне тэмпературы цела. Захварэлыя адмаўляюцца ад яды, пітва, скардзяцца на болі ў жываце, ірвоту, болі ў горле, сып.

Выкананне простых правілаў можа знізіць рызыку захворвання падчас адпачынку. Захоўвайце правілы асабістай гігіены, выкарыстоўвайце для піцця ваду ў бутэльках ці кіпячоную; выконвайце тэмпературныя ўмовы захоўвання ежы; старанна мыйце гародніну і фрукты; купайцеся толькі ў вадаёмах са спецыяльна абсталяванымі пляжамі; пазбягайце кантакту з людзьмі з прызнакамі інфекцыйных захворванняў.

Пры першых прызнаках пагаршэння самаадчування патрэбна звяртацца па медыцынскую дапамогу. Памятайце аб тым, што хворы чалавек можа з’явіцца крыніцай заражэння для людзей, якія пражываюць і адпачываюць разам.

Калі сімптомы з’явіліся пасля вяртання з адпачынку, то на прыёме ва ўрача патрэбна абавязкова паведаміць аб краіне прабывання.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

ДАМАШНІЯ КАНСЕРВЫ – СМАЧНА, АЛЕ…

Адкрыць прыгатаваныя сваімі рукамі далікатэсы – слоік марынаваных гурочкаў або грыбоў – асаблівае задавальненне. Аднак пры парушэнні тэхналогіі прыгатавання кансерваваных прадуктаў у дамашніх умовах у банцы можа хавацца вялікая небяспека – батулізм.

Батулізм – цяжкае харчовае атручэнне, якое ўзнікае ў выніку ўжывання ў ежу прадуктаў, што змяшчаюць яд (таксін батулічны). Мікробы батулізму шырока распаўсюджаны ў прыродзе і навакольным асяроддзі ў выглядзе спораў. Споры працяглы час захоўваюцца ў знешнім асяроддзі, устойлівыя да замарожвання і высушвання. Трапляючы на садавіну і гародніну, харчовыя прадукты, корм для жывёлы або ў кішэчнік арганізма (напрыклад, рыб), споры пры адсутнасці кіслароду прарастаюць у вегетатыўную форму і ўтвараюць таксін. Разбураецца ён пры тэмпературы 80°С за 30 хвілін, пры тэмпературы 100°С – за 10 хвілін.

Даны яд не разбураецца кішэчным сокам. Звычайна таксін назапашваецца ў такіх прадуктах, як кансервы, салёная рыба, каўбаса, вяндліна, грыбы, прыгатаваныя з парушэннем тэхналогіі.

У апошнія гады ва ўзнікненні батулізму ўзрасла роля грыбоў дамашняй кансервацыі, якія ў прыватнасці набываюцца на рынку, у месцах неўстаноўленага гандлю. Пры ўжыванні іх таксін хутка ўсмоктваецца ў кроў і разносіцца па ўсім арганізме, паражаючы розныя органы і, перш за ўсё, нервовую сістэму. Асаблівасць узбуджальніка батулізму ў тым, што ў слоіку таксін назапашваецца нераўнамерна, а як бы «гнёздамі», таму некаторыя пасля ўжывання дамашніх кансерваваных прадуктаў з аднаго і таго ж слоіка могуць захварэць, а іншыя – не.

Да першых прыкмет батулізму адносяцца: галаўны боль, галавакружэнне, слабасць, млоснасць, ваніты, павышэнне тэмпературы цела. Праз суткі адзначаецца пагаршэнне зроку, у выніку якога чалавек не можа чытаць, з’яўляецца дваенне ў вачах. Хворы не можа нармальна глытаць, у яго знікае голас. Працяглая адсутнасць тэрапіі можа прывесці нават да смяротнага зыходу. Дыягнаставаць батулізм можа толькі ўрач.

Лепшай прафілактыкай батулізму з’яўляецца ўжыванне кансерваў выключна прамысловай вытворчасці і адмова ад набыцця кансерваў дамашняга прыгатавання з рук, на стыхійных рынках.

Пры прыгатаванні дамашняй кансервацыі варта выконваць пэўныя правілы. Так, гародніна, садавіна, ягады і грыбы павінны быць добра адмыты ад зямлі, свежыя. Засолку грыбоў не варта рабіць у герметычна закрытыя слоікі, лепшы метад захоўвання грыбоў – саленне і сушка. Слоікі, накрыўкі павінны прайсці цеплавую апрацоўку. Перад ужываннем кансерваваных прадуктаў іх лепш пракіпяціць на працягу 20-25 хвілін (за гэты час раскладаецца таксін батулізму). Перад ускрыццём кансервы трэба агледзець – пры развіцці ў іх узбуджальніка батулізму адзначаецца «бамбаж». Рыбу пасля ўлову неабходна хутка выпатрашыць, прамыць праточнай вадой і захоўваць ва ўмовах холаду. Пры змене знешняга выгляду, смаку, паху, колеру, кансістэнцыі прадукт у ежу ўжываць не варта.

Алена ЛОЙКА,урач-гігіеніст

 

ЧАМУ СЭРЦА БАЛІЦЬ НОЧЧУ

Сувязь фізічнай нагрузкі і прыступу стэнакардыі відавочная. У адказ на нагрузку пульс становіцца больш частым, сардэчныя сасуды сціскаюцца, і сэрца атрымлівае менш крыві, а з ёю – і кіслароду, аб чым сігналізуе з’яўленнем сціскаючага болю ў грудзях. Паспрабуем разабрацца, што трывожыць сэрца ў сне, і чаму «грудная жаба» прыходзіць да аматараў пасіўнага адпачынку.

Нетыповы від стэнакардыі ўпершыню апісаў амерыканскі кардыёлаг Майран Прынцметал. Правакатарам прыступу ён назваў спазм буйных сардэчных артэрый, які выклікае працяглыя і інтэнсіўныя болі ў грудзях. Прыступы часцей узнікаюць ноччу ці на досвітку і суправаджаюцца пачашчэннем пульсу, арытміяй, падзеннем артэрыяльнага ціску да непрытомнасці.

Адрозненне нетыповай стэнакардыі ад тыповай – у сіле, працягласці прыступу, які ўзнікае ў стане спакою. Як правіла, захворванне выбірае начны ці перадранішні час, калі пік актыўнасці вегетатыўнай нервовай сістэмы (а з ёю – нечаканага выкіду адрэналіну) максімальны. На піку грудных боляў скура бляднее, пакрываецца потам, пульс пачашчаецца, узнікаюць галаўныя болі, млоснасць, слабасць як вынік перападу ціску.

Асноўная дыягнастычная прыкмета стэнакардыі Прынцметала – змяненні на электракардыяграме падчас болевага прыступу, якія сведчаць аб ішэміі сардэчнай мышцы. Як толькі болі праходзяць, стужка малюе поўную норму. Злавіць такія змяненні пры стандартнай ЭКГ складана, таму выкарыстоўваецца метад Холтараўскага манітарыравання па ЭКГ. А вось «залаты стандарт» класічнай стэнакардыі і яе ўскладненняў – нагрузачныя тэсты (велаэргаметрыя, трэдміл-тэст) і каранаграфія, наадварот, не выяўляюць сур’ёзных парушэнняў.

Паколькі болі пры звужэнні прасвету сасуда заўсёды інтэнсіўныя і працяглыя, першае, што патрэбна зрабіць, – выклікаць брыгаду хуткай дапамогі. Аказваючы неадкладную дапамогу такому пацыенту, не трэба забываць аб высокай рызыцы развіцця ў яго інфаркту міякарду. У першую чаргу неабходна забяспечыць яму спакой (як варыянт, пасадзіць у пасцелі) і доступ свежага паветра, затым прыняць пад язык нітрагліцэрын (пілюлі ці капсулы 0,5 мг; спрэй 10 г) ці ацэтылсаліцылавую кіслату (пілюлі па 0,5 мг), спецыфічны прэпарат для зняцця сасудзістага спазму – ніфедыпін 10 мг, прыняты пад язык. Праўда, прымаць яго патрэбна асцярожна з-за пабочных эфектаў (пачырванення твару, шыі, пачашчэнне пульсу, парушэнні рытму), таму правільна будзе пракансультавацца з урачом.

Лячыць стэнакардыю Прынцметала лепш у стацыянары. Каб звесці да мінімуму верагоднасць чарговага прыступу, пажадана ліквідаваць фактары, якія правакуюць яго: адмовіцца да алкаголю і курэння, нармалізаваць рэжым сну, працы і адпачынку, разабрацца са «шкодным» халестэрынам, займацца кардыятрэніроўкамі і, безумоўна, прымаць лекі. У начны час пашыраюць сасуды так званыя антаганісты кальцыю – амладыпін (кардылапін, нарвакс, калчэк), верапаміл ці дылтыазем. Першыя з іх лепш прымаць на ноч, другія – у першай палове дня ці двухразова. Патрэбна памятаць, што нетыповая стэнакардыя мае вялікую рызыку развіцця інфаркту міякарду.

Ірына ЛУЦІК,урач-кардыёлаг паліклінікі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЛЮБІЦЬ ПРАФЕСІЮ – ВЯЛІКАЯ РАДАСЦЬ Першага жніўня адметны дзень: прыступаюць да работы маладыя спецыялісты ў розных сферах вытворчасці. Для Наталлі Буцько гэты...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика