Хойніцкі лясгас: справы надзённыя. 21.by

Хойніцкі лясгас: справы надзённыя

06.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Даўно мінуў той час, калі асноўным відам прыбытку ў лясгасе была рэалізацыя дроў насельніцтву. Гэта паслуга захавалася, але з’явіліся больш эфектыўныя і сучасныя варыянты зарабіць грошы. Пра гэта, пра справы надзённыя і калектыў пагутарылі з дырэктарам ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» Уладзімірам Васільевічам Грыцковым.

У.В. Грыцкоў, дырэктар ДЛГУ «Хойніцкі лясгас»

– Лес – вялікае багацце. Гэты выраз апраўданы ў самым прамым, гэта значыць, грашовым сэнсе. Але з такім рэсурсам варта абыходзіцца граматна. Толькі пры гэтай умове можна весці паспяховую камерцыйную дзейнасць.
Удзельная вага экспарту ў нашым лясгасе складае 37,7% ад агульнага аб'ёму выручкі. У параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі экспарт павялічыўся на 30%. У грашовым выражэнні ў першым паўгоддзі ён прынёс прадпрыемству 830,7 тыс. долараў ЗША. Для параўнання: у аднатыпных лясгасах экспарт у грашовым выражэнні за першае паўгоддзе складае меншыя лічбы. У Светлагорскім – 246,9 тыс. долараў ЗША; Чачэрскім – 213 тыс. далараў.


А.В. Сушчанка, вадзіцель на вывазцы лесу

І.В. Мурашка, навальшчык-звальшчык

У нашай гаспадарцы 7 лясніцтваў. Яны ахопліваюць 63 тысячы гектараў. У штаце налічваецца 325 чалавек, з іх 10 – маладыя спецыялісты, у тым ліку чацвёра прыйшлі да нас сёлета.
У лясгасе два разліковыя рахункі. Першы – бюджэтны, на які паступаюць дзяржсродкі на аднаўленне, догляд, лясную ахову. І другі, камерцыйны, куды пералічваюцца грошы ад продажу прадукцыі. Бюджэтныя датацыі складаюць сёння прыкладна 24% у аб'ёме агульных выдаткаў, усё астатняе – ад прыбытковай часткі. І зарплата ад гэтага залежыць. Яна немалая, ў сярэднім складае 788 рублёў. Дзякуючы намаганням усяго калектыву, сумы заробкаў растуць.


Г.І. Муравейнікава, майстар цэха № 3 і А.І. Шлёг, станочнік

Маюцца два дрэваапрацоўчыя цахі. Іх мадэрнізавалі. Пастаянна закупляецца новае абсталяванне, тэхніка. Ёсць у нас і дранкарубільная машына: «грызе» магутныя ствалы, толькі трэскі ляцяць. Але не ў адходы, а на экспарт.
Асноўная даходная частка лясгаса – гандаль лесаматэрыяламі (у іх ліку піламатэрыялы, профільныя дэталі, адходы лесапілення, штыкетнік), дровамі і дранкай. У дранку ідзе драўніна, якая ў якасці спадарожнага прадукта мае месца пры ўсіх відах рубкі. Асабліва, калі ажыццяўляем догляд за лесам, прыбіраем сухастой, валім адсталыя ў росце дрэвы.


В.І. Бурак, вальшчык лесу Паселіцкага лясніцтва

Нарыхтоўкай займаюцца вальшчыкі. Працэс паскарае шматаперацыйны лесанарыхтоўчы комплекс, у які ўваходзяць харвестэр і фарвардэр. Машыны выконваюць валку, абразанне і распілоўку патрэбнага памеру. Тэхніка імпартная, новая, працуе ў лясгасе з сёлетняй зімы і актыўна сябе акупляе.
Хаця асноўная нагрузка прыпадае на прафесійных вальшчыкаў, як, напрыклад, на Валянціна Іванавіча Бурака, які працуе ў Паселіцкім лясніцтве. Па вытворчых паказчыках першага паўгоддзя менавіта ён стаў лепшым у сваёй прафесіі. У лясной гаспадарцы Валянцін Іванавіч заняты 20 гадоў. Палову з іх рабіў трактарыстам, а калі з’явілася патрэба ў работніках іншых спецыяльнасцей, з гатоўнасцю перавучыўся на вальшчыка. Справа, вядома, нялёгкая, але і тут ужо 10 гадоў стажу зарабіў Валянцін Іванавіч. За змену падчас суцэльнай санітарнай рубкі яму і яшчэ дваім калегам трэба атрымаць больш за 50 кубаметраў драўніны. З задачай мужчыны паспяхова спраўляюцца.


С.А. Іванова, эканаміст па працы і зарплаце

У Паселіцкім лясніцтве, якое сёлета стала першым па вытворчых паказчыках сярод лясніцтваў Хойніцкага лясгаса, аднымі з лепшых работнікаў з’яўляюцца і леснікі-цёзкі – Мікалай Васільевіч Ганчар і Мікалай Мацвеевіч Ганчар. Абодва жывуць у вёсцы Конанаўшчына, якая геаграфічна і адміністрацыйна адносіцца да Брагінскага раёна, але ж прылягаючыя да яе лясныя ўгоддзі ўваходзяць у склад Хойніцкага лясгаса. Там леснікі – на ўсе рукі майстры, бо і кустарэзам добра валодаюць, і работу вальшчыка ведаюць. Мікалай Васільевіч стаў лепшым работнікам лясной гаспадаркі па паказчыках 2017 года.
Цікава, што асноўная функцыя лясгаса набывае парадаксальныя формы: каб зберагчы лес для людзей, варта ад іх жа яго і ахоўваць. Якім чынам? Папярэджаннем узгаранняў, браканьерскіх высечак, стыхійных звалак. Актуальнай праблемай, якую мы аператыўна вырашаем, стала летась барацьба з караедам. Ім пашкоджана 1260 га, 987 га з іх ужо распрацаваны. У той жа час не забываем пра лесааднаўленне. Сёлета пасаджаны лес на 364 га.
Каб наша прадукцыя адпавядала высокай якасці, умовы працы работнікаў давялі да ўзорных. Адрамантавалі адміністрацыйны будынак, абсталявалі яго па апошняму слову тэхнікі. Як і вытворчыя цахі. Уважліва сочым за аднаўленнем тэхнічнай базы і аўтапарка.


М.В. Ганчар і М.М. Ганчар, леснікі Паселіцкага лясніцтва

Прадукцыя лясгаса экспартуецца ў замежжа. Спіс такіх краін павялічваецца. Сёння гэта Азербайджан, Польшча, Літва і Латвія, Германія, Турцыя, Румынія, Бельгія. У асноўным, рэалізуем туды піламатэрыялы і дранку.
На прырэйкавым вытворчым участку ў Хойніках дастаткова работы – адзін за адным напаўняюць апрацаваным лесаматэрыялам спецыяльныя вагоны. За месяц атрымліваецца прыкладна 15-20000 кубаметраў. З 2011 года тут задзейнічаны вадзіцель на вывазцы лесу Аляксандр Валянцінавіч Сушчанка. Яго агульны вадзіцельскі стаж налічвае 30 гадоў, сёлета яго імя занесена на раённую Дошку гонару. Побач працуе навальшчык-звальшчык Ігар Васільевіч Мурашка. Менавіта ён сочыць за правільнай пагрузкай драўніны. Адзначае, што з таго часу, як прыйшоў працаваць у лясгас (у 2004 годзе), аб’ёмы работы толькі павялічваюцца.


Дрэваапрацоўчы цэх

Але гэта частка здабытага лесу. Астатнія апрацоўваюць у цахах. Адна з тых, хто рэгулюе гэту работу і кантралюе яе якаснае выкананне, майстар цэха № 3 Галіна Іванаўна Муравейнікава. Яна працуе не толькі з лічбамі, але асабіста з кожным з сямі падначаленых. Напрыклад, перад пачаткам рабочага дня падрабязна абмяркоўвае план работы, яе аб’ёмы. З адказнымі людзьмі і працаваць лягчэй. У такіх і справа ў руках ідзе спарней. Як у станочніка 5 разраду Аляксандра Іванавіча Шлёга. Сёмы год ён працуе ў лясгасе, заслужыў адны станоўчыя водгукі.

Не толькі на продажы драўніны і тавараў з яе зарабляем. Ёсць і такі перспектыўны накірунак – развіццё турызму. Прапануем арганізацыю палявання і проста адпачынку на ўлонні прыроды. Для гэтых мэт здаецца ў арэнду Домік паляўнічага ў Дубровіцы. За шэсць месяцаў года тут зарабілі 13231 рубель (за адпаведны перыяд 2017-га – 10000 рублёў). Не будзе перавелічэннем сказаць, што гэты адпачынак карыстаецца вялікім попытам – тут і лазня, і дворык для прыгатавання шашлыкоў, у будынку ёсць більярдны стол. Карацей, усе атрыбуты для прыемных выхадных. Акрамя таго, побач дэндрапарк, які ўваходзіць у спіс пунктаў экамаршрута.
Дарэчы, на тэрыторыі Хойніцкага вопытна-вытворчага лясніцтва створаны дзве экалагічныя сцежкі. Нядаўна па іх прайшлі хойніцкія школьнікі.

Як бачна, наша дзейнасць самая разнапланавая. Галоўнае, своечасова рэагаваць на патрэбы рынку і саміх людзей. Гэтым правілам і карыстаемся.

Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даўно мінуў той час, калі асноўным відам прыбытку ў лясгасе была рэалізацыя дроў насельніцтву. Гэта паслуга захавалася, але з’явіліся больш эфектыўныя і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика