Успехи учреждений образования Мядельщины обсудили на заседании районного исполнительного комитета. 21.by

Успехи учреждений образования Мядельщины обсудили на заседании районного исполнительного комитета

Размер текста:
A
A
A

АДНЫМ з пытанняў, якія абмяркоўваліся на нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, з’явілася ацэнка работы ўстаноў адукацыі Мядзельшчыны за мінулы і задачах на наступны навучальны год. Калі браць у цэлым, нашым настаўнікам ёсць чым пахваліцца. Гэта вынікала з даклада начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяны Ефімавай. Мэтанакіраваная дзейнасць педагогаў прыносіць неблагія дывідэнды ў справе павышэння якасці навучання дзяцей, стварэння ўмоў па ахове іх здароўя, арганізацыі бяспечнага адукацыйнага працэсу. Па выніках апошніх выпускных экзаменаў выдадзены дваццаць тры пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, сем атэстатаў асаблівага ўзору з залатым медалём. Летась 55,9 працэнта выпускнікоў школ сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання за апошнія тры гады вагаецца ад 38,6 да 44,3. На абласным этапе конкурсу работ даследчага характару па вучэбных прадметах у секцыі “Хімія” дыпломам другой ступені ўзнагароджана вучаніца Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа Анастасія Лях, якую рыхтавала настаўніца Алена Альбінаўна Роўда. За паспяховае выступленне на XXII Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў секцыі “Біялогія” вучаніца Нарацкай сярэдняй школы №2 Анастасія Вінаградава заахвочана дыпломам першай ступені (настаўніца Таццяна Уладзіміраўна Пракоп), а Даніілу Рудзянкову з гэтай жа школы па выніках Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных праектаў уручаны дыплом трэцяй ступені (педагог Алена Мечыславаўна Раманькова). На базе гімназіі-інтэрната актыўна развіваецца робататэхніка, створана лабараторыя па легаканструяванні. Інавацыйныя творчыя ідэі выхаванцаў аб’яднання па робататэхніцы пад кіраўніцтвам настаўніка-метадыста Вячаслава Станіслававіча Саўчыка атрымалі высокую ацэнку на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Ёсць, безумоўна, у гэтай галіне і пэўныя недапрацоўкі. У прыватнасці, менш, чым запланавана, маюць выхавальнікаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, а таксама настаўнікаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. Вось чаму з 21 паказчыка Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” рэалізавана 19. Высокі прафесійны ўзровень педагогаў у Слабадской сярэдняй школе імя Адама Гурыновіча — усе маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйныя катэгорыі, Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі — 92 працэнты, Сваткаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка — 85,2. На працягу пяці год сетка ўстаноў адукацыі скарацілася амаль на чвэрць, а колькасць вучняў — на 213. Асаблівасцю дэмаграфічных працэсаў з’яўляецца змяншэнне дзіцячага насельніцтва ў сельскіх населеных пунктах, павелічэнне фіксуецца толькі ў курортным пасёлку і застаецца стабільнай сітуацыя ў Мядзеле. У мінулым навучальным годзе функцыянавалі дваццаць сем устаноў адукацыі, спорту і турызму. Сярод іх некалькі цэнтраў: творчасці, турызму дзяцей і моладзі; сацыяльна-педагагічны; карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі; фізкультурна-аздараўленчы — і спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву.
Патрэба ў маладых спецыялістах у мінулым навучальным годзе задаволена спаўна. Гэта актуальна ў сувязі з тым, што ў раёне працуе даволі шмат пенсіянераў — 19 працэнтаў. Больш за палавіну тых, што прыехалі — ураджэнцы раёна. Канечне, гэта спрыяе замацаванню маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы. Апрача таго, ва ўстановах адукацыі прыняты шэраг мер па іх матэрыяльнай падтрымцы: уведзены даплаты згодна з калектыўнымі дагаворамі, дадатковыя дні да працоўнага водпуску, кампенсацыйныя выплаты за наём жылля. Усё гэта дае станоўчыя вынікі. Калі ў 2015 годзе ў раёне замацавалася 20 працэнтаў
маладых спецыялістаў, то на наступны — ужо 90, а летась – 95 працэнтаў. Сёлета таксама чакаецца значнае папаўненне — трыццаць пяць выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў у частцы нарматыву забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 127,9 працэнта. Дэфіцыту месцаў няма, усе заявы на ўладкаванне ў садкі задавальняюцца. Назіраецца і станоўчая дынаміка па іх забяспечанасці вучэбным і гульнявым абсталяваннем. А работа па стварэнні здароўезберагальных умоў дазволіла знізіць за мінулы год узровень захворвання з 1,7 дня, прапушчанага адным дзіцём па хваробе, да 1,03 пры абласным паказчыку 3,5.
Да канца гэтага года плануецца аснасціць сучасным абсталяваннем кабінеты хіміі, біялогіі і інфарматыкі ў Крывіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама кабінет інфарматыкі ў Нарацкай СШ №1. Хаця ў цэлым па раёне камп’ютарная тэхніка абнаўляецца марудна. У адукацыйным працэсе 35,6 працэнта яе выкарыстоўваецца звыш дзесяці год, а ў сярэднім па вобласці — 22,4.
Ва ўстановах адукацыі на належным узроўні арганізаваны ўдзел вучняў у патрыятычных акцыях “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Абеліск”. У рамках акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў” арганізавалі чатырнаццаць лагераў з дзённым знаходжаннем на базе дзявяці устаноў адукацыі, адзінаццаці — з кругласутачным. Асаблівая ўвага надавалася дзецям падуліковых катэгорый, дзецям-сіротам, з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. Усе аспекты ў арганізацыі выхаваўчай работы служаць вырашэнню асноўнай задачы, якая стаіць сёння перад упраўленнем і ўстановамі адукацыі — прафілактыцы
злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, фарміраванню ў падрастаючага пакалення законапаслухмяных паводзін. На жаль, дынаміка злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, застаецца нестабільнай. Летась выяўлены 24 факты ўжывання алкагольных напояў вучнямі школ і гімназіі-інтэрната. Са школ найбольш “вызначылася” Мядзельская №1 імя Уладзіміра Дубоўкі — роўна дзесяць. Што датычыцца сямейнага нядобрабыту, то найбольшы эфект атрымліваецца пры яго раннім выяўленні — гэта дазваляе своечасова прыняць меры па ўхіленні праблем. І працаваць тут ёсць над чым. Па стане на пачатак ліпеня ў сацыяльна
небяспечным становішчы прызнаны 96 непаўналетніх з сарака сямі сем’яў.
Сучасная адукацыя не можа быць эфектыўнай без высокатэхналагічнай матэрыяльнай базы. Таму і прыняты шэраг мер па яе ўдасканаленні. З мэтай належнай падрыхтоўкі да “Дажынак-2018” вырашаюцца праблемныя пытанні па тэхнічным, супрацьпажарным і санітарна-гігіенічным стане будынкаў, праводзяцца капітальны і бягучыя рамонты трынаццаці ўстаноў. Мэтавы паказчык ад укаранёных энергазберагальных мерапрыемстваў за мінулы год пры плане 3,9 склаў 4,3 працэнта. Узраслі і даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці, якая з’яўляецца адной з крыніц для павышэння заробкаў педагогаў. Ва ўстановах адукацыі раёна больш як у два разы перакрываецца нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго выхаванца або навучэнца. Для арганізацыі падвозу дзяцей выкарыстоўваюцца дванаццаць аўтобусаў і адзін мікрааўтобус. Добра і тое, што за мінулы навучальны год выпадкаў вытворчага траўматызму не зарэгістравана. У красавіку ажыццяўлялася комплекснае вывучэнне эфектыўнасці дзейнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў адукацыі раёна, іх работа прызнана здавальняючай.
У прынятым рашэнні ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме патрабавана прыняць меры па завяршэнні рамонтных работ у падведамасных установах да 15 жніўня, а ў Крывіцкім вучэбна-педагагічным комплексе — да 30 верасня. Створана адпаведная камісія па праверцы іх гатоўнасці да новага навучальнага года. Намечана таксама арганізаваць дапрафесійную падрыхтоўку і прафесійнае навучанне вучняў базавых дзясятых класаў, забяспечыць набор матываваных на выбар прафесіі педагога ў профільныя класы з вывучэннем праграмы факультатыўных заняткаў “Увядзенне ў педагагічную прафесію”. Запланавана і набыццё да канца года камп’ютарных класаў, лінгафоннага камбінета. Можна спадзявацца, што гэтыя і іншыя намечаныя меры паспрыяюць далейшаму развіццю пазітыўных тэндэнцый у адукацыйным асяродку нашага азёрнага краю.

Павел ЖУКАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
АДНЫМ з пытанняў, якія абмяркоўваліся на нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, з’явілася ацэнка работы ўстаноў адукацыі Мядзельшчыны за мінулы і...
 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях


© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика