Падарожжы касмічнага госця. 21.by

Падарожжы касмічнага госця

10.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

080818d

Са ўступленнем чалавецтва ў эру прагрэсу і пашырэннем кантактаў з космасам навуковая каштоўнасць незямных рэчаў і зацікаўленасць у іх толькі ўзрастаюць. Як вынік,кожнае касмічнае цела, знойдзенае на Зямлі, становіцца ўнікальным аб’ектам даследаванняў для спецыялістаў у розных галінах навукі.

Гісторыяй аб адным з такіх «нябесных гасцей» можа пахваліцца і Стаўбцоўшчына, а дакладней –мясціны бліз дзвюх вёсак – Хатавы і Заброддзя (вёска шырока вядома за межамі раёна яшчэ і тым, што прадстаўлена ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту сядзібай І. А. Беця канц. ХІХ – пач. ХХ стагоддзя).

А здарылася ўсё 10 верасня 1893 г. Раніцай гэтага дня сяляне вёскі Хатава працавалі ў полі і раптам пачулі наймагутнейшы гул, пры гэтым на небе не было ні воблака. Праўда, на ім было… два сонцы, адно з якіх імкліва неслася да зямлі. Імгненне – і «другое сонца» ўпала проста пасярод поля, пакінуўшы даволі глыбокі кратэр. Калі да яго збегся народ, на дне ўсе ўбачылі вялікі камень, ад якога ішла пара.

У гэты ж час другая частка метэарыта накіроўвалася да Заброддзя. Жыхарамі вёскі было заўважана вялікае нябеснае цела, якое свяцілася і накіроўвалася з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Пры палёце былі чутны шум і гул. Калі ж шар праходзіў над вёскай, з яго бліснуў агонь, пачуўся гук накшталт зброевага стрэлу, і ў той жа момант гэты «камень» упаў… на зусім новы, недабудаваны дом селяніна Мікалая Шумчыка, праламаў гонтавы дах і частку сенцаў.

Відавочцамі з’явы былі мясцовыя сяляне: Фама Дзям’янка, Станіслаў Комар і вышэйзгаданы Мікалай Шумчык. З’ява гэтая назіралася таксама ва ўрочышчы Луг Дзераўнянскай воласці селянінам Станіславам Гольцам.

Праз некаторы час цікаўнасць усё ж пераадолела страх, і Мікалай Шумчык, аглядаючы сваё памяшканне, выявіў у сенцах чорны конусападобны камень. Узброіўшыся молатам, Шумчык нанёс пару ўдараў і адкалоў некалькі невялікіх кавалкаў. Аднак хутка ён быў расчараваны: у камені была попельна-шэрая, з блакітным адценнем, нічым не характэрная парода, якая змяшчае толькі невялічкія ўкрапіны жалеза.

У Хатаве «нябеснага госця» спачатку паспрабавалі дастаць, але потым проста засыпалі зямлёй: перашкаджаў араць і сеяць. А вось слых пра падзенне каменя з неба ў Заброддзі імгненна разнёсся па ўсёй акрузе, і зірнуць на рэдкага госця прыехалі не толькі жыхары навакольных вёсак і мястэчак, але і папячыцель Віленскай акругі А. М. Сергіеўскі (першы чалавек, якому было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Мінска), які апазнаў у нябесным госці метэарыт і… павёз яго з сабой.

Рэдкая з’ява (метэарыт неўзабаве атрымаў назву «Заброддзе» ў гонар аднайменнай вёсачкі Дзераўнянскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні) прыцягнула ўвагу віленскага губернатара А. М. Грэвеніца. Даведаўшыся падрабязнасці падзення метэарыта, ён накіраваў у Адэсу ліст прафесару Ромула Прэндэлю, у якім паведамляў падрабязнасці падзення і звесткі пра відавочцаў.

Неўзабаве метэарыт, па просьбе Р. Прэндэля, быў высланы ў Адэсу для агляду, фатаграфавання і вывучэння. Накіраваны прафесару метэарыт важыў 3155 грамаў, з задняй і з бакавой паверхняў не хапала кавалкаў сумарнай масай каля 600-700 грамаў.

Пасля вывучэння было ўстаноўлена, што метэарыт меў форму тупога конуса, трохі сціснутага з бакоў (вышыня – 9,3 см, даўжыня – 18,2 см, шырыня – 15 см). Паверхня яго была даволі гладкай, ад вяршыні конуса разыходзіліся ў розныя бакі маленькія хвалістыя барозны і паглыбленні.

Хімічны аналіз метэарыта быў зроблены прафесарам Ц. Г. Мелікавым і студэнтам Л. В. Пісаржэўскім. Устаноўлена, што ў метэарыце ўтрымлівалася 40,7% нерастваральных у салянай кіслаце частак і 58,87% – растваральных. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў склад метэарыта ўваходзілі: алівін, бронза, плагіяклаз, нікелістае жалеза, магнітны і хромісты жалязняк.

Пасля апісання асаблівасцяў метэарыта для далейшага вывучэння яго хімічнага складу прыйшлося адпілаваць кавалак вагой 488 грамаў. Нявыкарыстаная для аналізу рэшта (каля 300 г) была перададзена на захоўванне ў музей Адэскага ўніверсітэта. Пазней яшчэ два невялікія аскепкі метэарыта былі высланы Венскаму нацыянальнаму музею (5 г) і Брытанскаму музею ў Лондане (3 г).

Пасля таго як даследаванне асноўнага кавалка метэарыта было завершана, Р. Прэндэль зноў вярнуў яго А. М. Сергіеўскаму, які падарыў метэарыт Музею старажытнасцяў у Вільні, створанаму ў 1852 годзе намаганнямі братоў Тышкевічаў, вядомых заснавальнікаў беларускай археалогіі і музейнай справы. Менавіта да гэтага часу і адносіцца знікненне метэарыта «Заброддзе». У каталогу метэарытаў Е. Вюльфінга Die Meteoriten in Sammlungen und ihre Literatur, які выйшаў у нямецкім друку ў 1897 годзе, паведамлялася, што месцазнаходжанне асноўнай масы метэарыта невядома.

72 гады метэарыт «Заброддзе» лічыўся канчаткова згубленым і толькі ў 1965 г. ён выпадкова быў знойдзены ў геалагічнай калекцыі факультэта прыродазнаўчых навук Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта Літоўскай ССР у прафесара І. Данілявічуса.

У Літве і дагэтуль знаходзіцца і захоўваецца асноўная частка нашага метэарыта. У Беларусі ў музеі БДУ сёння можна назіраць толькі копію касмічнага госця, які больш за стагоддзе таму нарабіў даволі шмат шуму сярод нашых землякоў і навукоўцаў. Варта дадаць, што на пачатку 2000-х гг. побач з Хатавой неаднойчы ладзіліся экспедыцыі аматараў касмічных з’яў у пошуках таго самага «закапанака» – кавалка метэарыту. На жаль, пошукі не прывялі да чаканага выніку. Усе знаходкі наперадзе?

Фотарэпрадукцыя: выява метэарыта ў даследаванні Р. А. Прэндэля «Метеорітъ «Забродье» (1894 г.); фрагмент метэарыта (другі злева знізу) у Музеі прыродазнаўства ў Берліне.

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Са ўступленнем чалавецтва ў эру прагрэсу і пашырэннем кантактаў з космасам навуковая каштоўнасць незямных рэчаў і зацікаўленасць у іх толькі ўзрастаюць. Як...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика