На «Хвалі ідэй» пад ветразем Брыганціны. 21.by

На «Хвалі ідэй» пад ветразем Брыганціны

10.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

080818f

Якога колеру лета? На гэтае пытанне кожны адкажа па-свойму. Але большасць апытаных скажуць: «Рознакаляровае!» Столькі фарбаў, колькі нам дорыць лета, няма ні ў адной іншай пары года! Блакітнае неба, залатое сонца, жоўты пясок, бірузовае мора, вясёлка фруктовых водараў. Шмат станоўчых эмоцый атрымлівае кожны, хто выязджае адпачываць на мора. Гадзіны поўнага рэлаксу атрымліваюць людзі, лежачы на цёплым пясочку, слухаючы шум марскіх хваляў і крыкі чаек. А колькі шчасця і радасці атрымаеш, акунуўшы сваё нагрэтае паўднёвым сонейкам цела ў прахалоду марской вады. Немагчыма перадаць пачуцці! Вось усё гэта падчас летняй вандроўкі ў Балгарыю адчувалі ўдзельнікі ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» Стаўбцоўскага РЦК пад кіраўніцтвам Л. П. Несцярук. Курорт Албена стаў пляцоўкай і для адпачынку дзяцей, і для правядзення IX Міжнароднага фестывалю Wave Idea.

Кожны дзень прабывання ў міжнародным лагеры «Брыганціна», які прыняў не толькі ўдзельнікаў фестывалю, але і групы гімнастаў з Украіны, таэквандзістаў з Сургута, французскіх, балгарскіх і англійскіх школьнікаў, быў насычаны мерапрыемствамі. На пляжы і з раніцы, і пасля абеду аніматары праводзілі з дзецьмі цікавыя гульні і эстафеты. Падчас іх удзельнікі калектываў вучыліся быць камандай, хвалявацца адзін за аднаго, падтрымліваць сяброў, калі штосьці не ўдалося. Дзеці збіралі «скарб» (кеглі), які ахоўвалі вартаўнікі-аніматары, збівалі лятаючым дыскам (фрысбі) кардонныя дамы, палявалі на «хвосцікі» з лентаў сваіх суседзяў. Гульні на пяску не толькі загартоўвалі дзяцей, але і дапамагалі атрымаць роўны «шакаладны» загар. Увечары каля галоўнага корпуса праводзіліся цікавыя спаборніцтвы. Напрыклад, конкурс на самы бяспечны лятальны апарат, у якім «Лявоначкі» занялі першае месца. Усім камандам было выдадзена па сырым яйку, пластыкавым кубку, аркушы паперы, палосцы скотча. Можна было «зарабляць» дадатковыя рэчы, якія дапамаглі б зрабіць лятальны апарат бяспечным. Дзеці гулялі са скакалкай, падбівалі тэнісны мячык, забівалі мячы ў баскетбольны кош, скручвалі на хуткасць стужкі і такім чынам прыносілі камандзе дадатковыя аркушы паперы, скотч, трубачкі для кактэйлю. І вось з другога паверха галоўнага корпуса адправіліся ў палёт розныя лятальныя апараты. Галоўнай умовай было: яйка не павінна разбіцца! Толькі ў «Лявоначак» яйка-пілот пасля прызямлення засталося цэлым. Як вынік – грамата за самы бяспечны лятальны апарат.

Кожны дзень завяршаўся дыскатэкай. А вось з раніцы мы з задавальненнем беглі на танцавальную зарадку. Яшчэ ў адным лагерным спаборніцтве «Лявоначкі» былі лепшымі і занялі першае месца. Конкурс Star Team. Гэта танцавальны марафон, які праходзіў падчас дыскатэкі. Ён складаўся з некалькіх этапаў. Першы этап – дамашняе заданне. Трэба было выканаць любы падрыхтаваны танец усёй камандай, зладжана, сінхронна і з настроем. Другі этап – каманды адначасова выконвалі заданні вядучага. Ацэньвалася сінхроннасць і навізна рухаў. Кім мы толькі ні былі ў гэты танцавальны вечар: ваўкамі, сабакамі, лісамі, робатамі, матацыклістамі і г. д. Трэба было ўявіць, як пад вызначаную музыку маглі б танцаваць прапанаваныя жывёлы і рэчы, і прадэманстраваць камандай, сінхронна, свой варыянт танца.

Але ж мы ехалі ў Балгарыю не толькі на адпачынак. Нас чакаў вельмі сур’ёзны Міжнародны конкурс Wave Idea, які праходзіў у канцэртнай зале Албена-Вар’етэ. 24 харэаграфічныя калектывы бралі ўдзел у конкурсе. Гэта прадстаўнікі з Расіі (Калінінград, Уладзівасток), Літвы (Плунге, Прыенай), шмат калектываў з Беларусі: з Мінска (8 калектываў), Бабруйска, Оршы, Мазыра, Магілёва, Глуска і нашых Стоўбцаў. Прафесійнае журы ў складзе харэографаў з Грузіі, Беларусі, Балгарыі ацэньвала конкурсныя выступленні. «Лявоначкі» выступалі ў дзвюх узроставых групах (намінацыя «Народны танец»). У малодшай узроставай групе лаўрэацкі дыплом першай ступені прынесла пастаноўка «Гарэзлівая полечка». Лаўрэацкі дыплом другой ступені ва ўзроставай групе 10-12 гадоў прынесла пастаноўка полькі «Туды-сюды». Таксама за высокі выканальніцкі ўзровень калектыў атрымаў Кубак сярэбранай хвалі, а кіраўнік ансамбля Людміла Несцярук – падзяку за якасную падрыхтоўку калектыву да фестывалю. Усім удзельнікам фестывалю арганізатары зрабілі падарунак: майкі з лагатыпам Wave Idea, якія вельмі спадабаліся дзецям. Wave Idea – гэта не толькі фестываль, але і шмат крэатыўных конкурсаў. Падчас фестывалю дзеці танцавалі ў басейне, як сінхраністы, будавалі каралеўскі трон з пяску, весяліліся на пеннай дыскатэцы на беразе мора, радаваліся выбухам салютаў у гонар фестывалю, а дарослыя ўдзельнічалі ў конкурсе караоке, дзе занялі трэцяе месца. Аднак, у любой казцы заўсёды бывае канец. Вось і наша балгарская казка скончылася. Так не хацелася развітвацца з фестывалем, з морам і сонцам, з утульнымі домікамі, вясёлымі аніматарамі і арганізатарамі фестывалю. Удзельнікі ансамбля ўдзячны бацькам за тое, што яны змаглі падарыць сваім дзецям шыкоўны адпачынак. Дзеці прывезлі бацькам з Албены сувеніры і фотаздымкі на памяць.

Дык якога ж колеру атрымалася лета для «Лявоначак»? Колеру перамогі, радасці, натхнення, весялосці, цеплыні і незабыўных эмоцый шчасця. На «Хвалі ідэй» і пад ветразем Брыганціны балгарская вандроўка запомніцца ўсім удзельнікам калектыву яркімі эмоцыямі, новымі сяброўствамі і ні з чым непараўнальным адчуваннем лета!

Ала ЯРМАК

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якога колеру лета? На гэтае пытанне кожны адкажа па-свойму. Але большасць апытаных скажуць: «Рознакаляровае!» Столькі фарбаў, колькі нам дорыць лета, няма ні ў адной...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика