Сапсаваны пацалунак. 21.by

Сапсаваны пацалунак

13.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Развітальны пацалунак сёлетняга лета выдаўся сапраўды гарачым. Ад жнівеньскай спякоты ратуюць хіба што прахалодныя ночы. Сонечныя ванны штодня радуюць аматараў бронзавага загару. Відаць, поўдзень сам прыйшоў у госці да тых, хто не змог трапіць у яго абдымкі. Вось толькі мора-акіяна не хапае — а так можна было б выстаўляць нябеснай канцылярыі самую высокую адзнаку.


На жаль, і з азёрамі-рэкамі, прыдатнымі для паўнацэннага воднага адпачынку, на Ашмяншчыне нягуста. Адно з нешматлікіх прывабных месцаў — Вішнеўскае возера непадалёку ад райцэнтра. У спякотныя дні тут літаральна яблыку няма дзе ўпасці: гараджане і вяскоўцы, дзеці, падлеткі і дарослыя — усе шукаюць паратунку ля вады. Асабліва людна на возеры ў выхадныя.

Трэба адзначыць, што аб адпачываючых тут паклапаціліся. На возеры вызначаны месцы для купання дзяцей і дарослых, яны агароджаны буйкамі. Абкошана тэрыторыя — ёсць дзе адпачыць і пазагараць. Для тых, хто стаміўся ад бязлітасна пякучых промняў, прадугледжаны навес. Ёсць таксама кабінкі для пераапранання, прыбіральня. Па перыметры вадаёма расстаўлены сметніцы. Маўляў, усё, як і павінна быць. Камусьці не падабаецца, што нанач возера закрываецца — яно агароджана і рада вітаць адпачываючых да 20.00, — аднак відавочна, што гэта зроблена для бяспекі.

І ўсё ж, акрамя гаспадарскай рукі, адчуваецца тут і іншае… Тысячы маленькіх маячкоў выглядваюць з травы. Жаўтаватыя з белым — недакуркі, шэрыя — шалупінне ад семак, рознакаляровыя — паперкі ад цукерак… Чаго тут толькі няма?! І гэта ў некалькіх кроках ад сметніцы! А бачылі б вы за плотам! Цэлафанавыя пакеты, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, абгорткі ад марозіва і іншай смакаты, якую бяруць з сабой на адпачынак.

Мабыць, ніколі не зразумею, як можна рэшткі сваёй правізіі, няхай сабе і «бяскрыўднае» шалупінне, пакінуць тым, хто прыйдзе сюды пасля цябе: сваім знаёмым, сябрам, дзецям ды і ўвогуле незнаёмым людзям. Пасля такіх пікнікоў цяжка знайсці чысты лапік, каб нават прысесці на траве, не кажучы пра тое, каб легчы і пазагараць.

Можна шукаць апраўданні: маўляў, да сметніцы ажно дзесяць крокаў (!) альбо яна аказалася перапоўненай, а можна сабраць сваё смецце і данесці яго ў вызначанае месца. Чалавек разумны пачынаецца з малога, а датуль мы ўсе неандэртальцы, якія не могуць перасягнуць рубяжа выключна спажывецкіх адносін.

Вось так проста, здавалася б, нязначным штрыхом можна сапсаваць самы салодкі пацалунак. Даруй нам, шчодрае лета!

Людміла РЫБІК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Развітальны пацалунак сёлетняга лета выдаўся сапраўды гарачым. Ад жнівеньскай спякоты ратуюць хіба што прахалодныя ночы. Сонечныя ванны штодня радуюць аматараў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика