Родная вёска натхняе. 21.by

Родная вёска натхняе

14.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

110818e

Слабада – вёска, якая заняла адну з лепшых мясцін для свайго існавання. Некалькі хвілін – і ты ў Стоўбцах, а адна гадзіна – і ўжо ў сталіцы. Яна налічвае восем вуліц, дзе жывуць здатныя і працавітыя людзі. Свята вёскі, якое дайшло і да Слабады, дало магчымасць пераканацца ў гэтым.

Як заўсёды, свята пачалося са спеваў пад гукі гармоніка і знаёмства з жыхарамі. Першай гасцей сустрэла сям’я Аляксея Курылы. Аляксей і яго жонка Алена тут нарадзіліся, вучыліся ў адным класе, нават сядзелі разам за партай. Гаспадар адзначыў: «Далёка не прыйшлося хадзіць – сустрэў сваё каханне ў родных мясцінах. Маем дачку і сына». На свяце роднай вёскі ўсёй сям’ёй яны віталі і частавалі гасцей.

Хата за хатай, падворак за падворкам здзіўлялі гасцей свята ўсё больш і больш. Кожная сям’я нагатавала шмат смачных страў: і дранікі, і аладкі з мёдам, і нават юшка ў гарбузе. А ад вырабаў ручной працы немагчыма было адвесці вочы. Куды ні глянеш – вышыўкі, намаляваныя карціны, лялькі і іншыя вырабы жыхароў. Так, Тамара Кажамяка прадэманстравала свае карціны, вышытыя крыжыкам. І распавяла: «Я закончыла Мінскі тэхналагічны тэхнікум. Затым па размеркаванні паехала працаваць на Слуцкую фабрыку мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». А калі выйшла на пенсію, то пачала займацца вышыўкай. На вышыўку адной карціны ў мяне ідзе каля двух месяцаў. Афармленнем таксама займаюся сама, ужо ёсць спецыяльная тэхналогія. Раней вышывала па схемах, зараз – дзякуючы спецыяльнай праграме ў інтэрнэце».

Часта жыхары пакідаюць родную вёску і едуць шукаць лепшага жыцця ў горад, але Слабада – гэта той куток, у які нельга не вярнуцца. Марыя Гамза нарадзілася ў вёсцы Аталезь, нейкі час жыла ў Казахстане, затым – у Беларусі, у Стоўбцах. Цяпер жа пераехала ў Слабаду, чым вельмі задаволеная. «Людзі тут вельмі добрыя і ветлівыя, з суседзямі жывём душа ў душу», – адзначае Марыя Мікалаеўна.

З кожным новым знаёмствам у Слабадзе пацвярджалася, што тут сапраўды жывуць таленавітыя, крэатыўныя людзі, памятаюць гісторыю родных мясцін. Так, сям’я Сілко перад гасцямі прадэманстравала ўвесь радавод, выкарыстоўваючы фотаздымкі, старадаўнія карціны, якія належалі яшчэ продкам. Не абышлося і без асабістых творчых прац. Кожны ў гэтай сям’і на ўсе рукі майстар. Нехта збірае старыя рэчы, хтосьці займаецца тэхнікай, а іншы вырабляе рэчы з таго, што ёсць пад рукамі. Унучка Кацярыны Пятроўны Сілко Дар’я таксама не губляе магчымасці паказаць сваю таленавітасць – яна і вышывае, і займаецца бісерапляценнем. Мабыць, гэта не толькі здольнасць, а яшчэ і ўплыў таго асяроддзя, у якім нарадзіўся і жывеш.

У гэты дзень, як і заўсёды, усе аднавяскоўцы з гонарам і любоўю гаварылі пра родную вёску. Чыталі вершы, спявалі. Кожны жыхар, кожны падворак заслугоўвалі толькі лепшых слоў. Мерапрыемства набліжалася да сваёй урачыстай часткі, і было цікава запытацца ў Святланы Клімовіч, старасты вёскі, аб яе ўражаннях. Яна адзначыла: «Кожная сям’я на нешта багатая. Недзе гэта працавітасць, дзесьці рамяство, а для некаторых багацце – рэліквія іх роду. І ў гэтым мы ўпэўніліся. Кожны падворак чымсьці адзначаны і адзначаны з гонарам».

З прывітальнымі словамі да жыхароў звярнуўся старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік: «Слабада – у ліку найпрыгажэйшых вёсак Стаўбцоўскага раёна. Тут жывуць таленавітыя людзі, якія ўдзельнічаюць не толькі ў развіцці населенага пункта, але і ўсяго раёна. Гэта людзі, якія імкнуцца да самага галоўнага: каб іх дзеці, унукі жылі ў дастатку. Менавіта гэтае свята сабрала ўсе пакаленні жыхароў вёскі разам. Сабрала пагутарыць, павесяліцца і запомніць гэты дзень назаўсёды».

Падчас мерапрыемства са сцэны гучалі прозвішчы старажылаў, самых малодшых жыхароў, шматдзетных маці, працаўнікоў розных прадпрыемстваў. Юзэфа Шчорс (92 гады), Вольга Шарупіч (91 год) і Людміла Касабуцкая (90 гадоў) – старэйшыя жыхаркі вёскі Слабада. Хочацца пажадаць ім моцнага здароўя яшчэ на доўгія гады, каб з імі заўсёды былі побач родныя і блізкія людзі. Самай малодшай жыхаркай стала дзяўчынка Яна, якая нарадзілася ў шматдзетнай сям’і Алены і Уладзіміра Смірновых. Слабада багатая на шматдзетныя сем’і. Гэта гаворыць аб тым, што вёска працягвае адраджацца. Самахвал, Казлоўская, Лявончык, Лукашэвіч, Паляшук, Смірнова, Салапонава – менавіта яны ўзбагачаюць Слабаду маладым пакаленнем і горда нясуць званне маці. Дваццаць дзевяць былых і цяперашніх працаўнікоў таксама атрымалі ўзнагароды.

А потым вёска танцавала і спявала разам з цыганскім тэатрам GipsyBand. Напэўна, ніхто не мог уседзець на месцы. Здавалася, што Слабада будзе да самага ранку спяваць у гонар роднай вёскі. Мабыць, так яно і было…

Ксенія РУБІН

Фота аўтара і Нэлі АСТРЭЙКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Слабада – вёска, якая заняла адну з лепшых мясцін для свайго існавання. Некалькі хвілін – і ты ў Стоўбцах, а адна гадзіна – і ўжо ў сталіцы. Яна налічвае восем вуліц,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика