Лидеры Мяделського района по уборке зерна. 21.by

Лидеры Мяделського района по уборке зерна

15.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ЖНІВО ў раёне ўпэўнена набліжаецца да завяршэння. У кожнай гаспадарцы вызначыліся свае лідары. Імі ганарацца, іх ставяць іншым у прыклад і адзначаюць за руплівую працу.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Сівіцкая рэгулярна бывае ў гаспадарках Мядзельшчыны, сустракаецца з работнікамі на палетках, цікавіцца, як захоўваецца тэхніка бяспекі, ці ёсць у людзей спецадзенне, магчымасць памыцца, як наладжана харчаванне, бо хлебаробы, без перабольшвання, працуюць да сёмага поту.

У мінулую пятніцу разам з Таццянай Эдуардаўнай наведалі шэраг сельскагаспадарчых таварыстваў, каб ушанаваць хлебаробаў, якія дабіваюцца найвышэйшых паказчыкаў у сваёй паўсядзённай працы. Першым на шляху — ААТ «Сваткі». Штогод у час жніва на слыху прозвішчы руплівых механізатараў з гэтага таварыства: Уладзіміра Швайкоўскага, Пятра Скурко, Яўгена Сівіцкага, машыніста сушыльнай ўстаноўкі Віталія Ганчарова і многіх іншых.
— Думаю, прадстаўнікі ніякай іншай прафесіі не заслугоўваюць такой пашаны, як хлебаробы. Менавіта іх сілы накіраваны на тое, каб мы з вамі мелі на сваім стале самы галоўны прадукт — хлеб. Толькі хлебароб ведае, колькі поту трэба праліць, каб яго вырасціць. Вось чаму ў час такой адказнай сельскагаспадарчай кампаніі, як уборка вырашчанага ўраджаю, у цэнтры асаблівай увагі — удзельнікі жніва, — гаворыць прафсаюзны лідар.
Уладзіміра Швайкоўскага сустрэлі на машынным двары: ён ухіляў паломку камбайна. Безумоўна, настрой у хлебароба быў не з лепшых, бо здарыўся прастой у такі гарачы час. Пачуўшы шчырыя словы падзякі ў свой адрас, Уладзімір крыху павесялеў…
На зернесушыльным комплексе ў Сватках ішла няспынная работа. На некалькі хвілін мы адарвалі ад працы машыніста Віталія Ганчарова, каб павіншаваць яго з працоўнымі дасягненнямі, уручыць пісьмо-падзяку і каштоўны падарунак.

— Мы прыехалі, каб сказаць вялікі дзякуй за намаганні, якія вы ўкладаеце ў дапрацоўку вырашчанага ўраджаю. Жадаем моцнага здароўя, удачы, дастатку і каб вы працавалі з задавальненнем, — гаворыць Таццяна Эдуардаўна.
— Дзякуй, вялікі дзякуй, — сціпла прамовіў Віталій Мікалаевіч. — Скажу шчыра, не чакаў. Вельмі прыемна…
Неўзабаве на збожжаток прыехаў аўтамабіль «МАЗ», за рулём якога быў Міхаіл Шчуцкі. Шчырыя словы віншавання і падарунак ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі таварыства атрымаў ён за старанне і руплівасць. А вось механізатара Яўгена Сівіцкага, які трактарам «МТЗ-3522» з прычэпам «3ПТС-12» адвозіць ад камбайнаў збожжа, мы сустрэлі па дарозе на хлебнае поле ля вёскі Андрэйкі, дзе працавалі камбайны. Зразумела, не чакаў Яўген такой увагі да сябе, таму быў здзіўлены і шчыра ўдзячны.
Камбайны стаялі на ўскрайку поля, хлебаробы якраз палуднавалі. Тут жа былі дырэктар гаспадаркі Мікалай Варабей, галоўны аграном Тамара Мінчук. А прыехалі мы сюды, каб выказаць шчырыя словы падзякі камбайнеру Пятру Скурко. Ён з’яўляецца лідарам не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.
— Ці дасягнеце тысячнага рубяжу па намалоце? — пытаюся ў Пятра Іванавіча.
— Цяжка сказаць. Жніво ў гаспадарцы заканчваецца. Буду старацца, — прамовіў ён у адказ.

Сярод камбайнераў ААТ «Свір-агра» на хлебных палетках асаблівым стараннем вызначаецца экіпаж у складзе камбайнера Аляксандра Сафрановіча і яго памочніка Генадзія Малькевіча. А на адвозцы першынство за вадзіцелем аўтамабіля «МАЗ» Генадзіем Шылаком. Менавіта яны прымалі віншаванні ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама пісьмы-падзякі за працоўную перамогу і каштоўныя падарункі.
У гэты ж дзень былі ўшанаваны камбайнер Васіль Лісіцкі і вадзіцель «МАЗа» Мікалай Васілевіч з ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга». Таццяна Эдуардаўна паведаміла, што днём раней Мядзельшчыну наведаў старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта работнікаў лёгкай прамысловасці Міхаіл Касцян, які наведаў ААТ «Занарачанскі», павіншаваў з працоўнай перамогай маладога камбайнера Івана Сурвілу і вадзіцеля Івана Куркуля.
Жніво — гэта асаблівы час для ўсіх, хто мае да яго прамое дачыненне. І добрым дапаўненнем тут з’яўляюцца ўзнагароды, якіх удастоены кожны, хто добрасумленна і адказна працаваў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: Генадзій Малькевіч, Аляксандр Сафрановіч і Генадзій Шылак з ААТ «Свір-агра»; вадзіцель аўтамабіля «МАЗ» Міхаіл Шчуцкі.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЖНІВО ў раёне ўпэўнена набліжаецца да завяршэння. У кожнай гаспадарцы вызначыліся свае лідары. Імі ганарацца, іх ставяць іншым у прыклад і адзначаюць за руплівую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика