Італія — мае абдымкі. Венецыя. 21.by

Італія — мае абдымкі. Венецыя

18.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


З Фларэнцыі мой шлях ляжаў у Падую. І гэта быў самы няўдалы пункт ўсяго маршруту. Пра горад я ведала толькі, што тут вучыўся Францыск Скарына, а яшчэ — што тут адбывалася дзеянне маёй любімай п’есы Шэкспіра “Утаймаванне ўпартай”. У выніку Падуя сустрэла мяне пяцігадзінным чаканнем на вакзале. Справа ў тым, што хлопец, якога знайшла на сайце каучсерфінгу (пошук жылля) і ў якога павінна была спыніцца, нечакана паехаў у іншы горад. У выніку позна ўвечары мяне з вакзала забраў яго сябар. Усю дарогу я баялася, каб мяне не абрабавалі, хлусіла, што мой тата працуе ў міліцыі, а мама ў судзе і, наогул, у наступным горадзе мяне чакае хрышчоная маці, калі я ёй не патэлефаную, яна выкліча паліцыю. Але ўсё абышлося. Сям’я хоста не ведала англійскай мовы, але гэта былі вельмі мілыя людзі. Бацька — жывапісец, сястра — графік. Адпаведнай была і кватэра: сцены абвешаны карцінамі так, што не відаць шпалераў, на шматлікіх шафах безліч кніг, а ў пярэднім пакоі адпаліраванае срэбнае люстэрка! За ўвесь кароткі час знаходжання ў Падуі самыя яркія ўражанні звязаны менавіта з гэтай сям’ёй. І на наступны дзень я перастала шкадаваць, што вырашыла зазірнуць туды. Але толькі да таго часу, пакуль цягнік не прывёз мяне ў Венецыю.


Кватэра ў Падуі

Горад


“Бессоница. Гомер. Тугие паруса.
Я список кораблей прочел до середины…”
Не ведаю чаму, але менавіта гэтыя радкі верша Восіпа Мандэльштама трывала асацыююцца ў мяне з Венецыяй.
Невыразны вакзал, як шырма фокусніка, хавае ад турыстаў Вялікі канал. Яшчэ не паспяваеш падумаць: “І вось такім будзе ўвесь горад?”, а за паваротам — вялікая вада, масты, стракатыя вулачкі, гоман турыстаў і чаек. Заміраю, гляджу на гэта, не саромеючыся разяўленага рота, адчуваю, як слёзы апякаюць вочы, і разумею: усё — прапала.
Так і ішла з разяўленым ротам, не саромеючыся здацца “тыповым турыстам” і праз нейкіх паўгадзіны канчаткова заблукала ў перапляценні вуліц, якія нават калідорамі не заўсёды можна было назваць. Прыезджаму згубіцца ў Венецыі лёгка, можна сказаць, нават абавязкова. Таму што глядзець у карту і па баках адначасова не атрымліваецца, а не глядзець па баках, калі ты ў гэтым горадзе ўпершыню — злачынства.
Першае, чаму здзіўляешся — каналы тут як дарогі. Няма набярэжных, спускаў з прыступкамі і іншага, чым звычайна ўпрыгожаны рэкі. Катары падплываюць да самых дзвярэй палацаў, прыпынкі вапарэта — маршрутных цеплаходаў — калышуцца на баржах, бялізна сушыцца на шнурах, нацягнутых паміж суседнімі дамамі.
Потым пачынаеш чуць цішыню. Вядома, складана назваць цішынёй рознагалосы лопат, трэск лодак і плёскат вады. Але няма звыклых гукаў вялікага горада: шуму матораў, гудкоў аўтамабіляў. Паветра не пахне прагрэсам — сажай, выхлапамі і фабрычным дымам. Няма і бруду, хоць, здавалася б, у горадзе, дзе нават сабак выгульваюць на выкладзеных каменем пляцоўках, а людзей больш, чым квадратных метраў, не-не ды заваляецца фанцік. Тым больш, маючы перад вачыма вобраз многіх іншых гарадоў Італіі, не ў прыклад бруднейшых. Але ці то мне неверагодна шанцуе, ці то Венецыя сапраўды такая, ці то горад адкрываецца тым, што ты хочаш бачыць — у маё трохдзённе тут чыста. Нават пры тым, што Венецыю абвінавачваюць у смуродзе, асабліва ў перыяд спёкі, калі апускаецца ўзровень вады ў каналах. Але мне не сустрэлася непрыемных пахаў, хоць падмуркі агаліліся на добрыя паўтара метра.
Я ведала, што ў гэтым горадзе што ні будынак — то палац, і таму не турбавала сябе даведнікам. Проста атрымлівала асалоду ад краявідаў, запамінала ўсё, што
бачыла. Хостэл знаходзіўся на самым краі паўночнага раёна Канарэджа. Дабралася да яго за гадзіну, але ўжо на наступны дзень пераход да плошчы Сан-Марка заняў у мяне не больш за дваццаць хвілін. Хостэл суседнічаў з храмам. Нумар мне далі на аднаго чалавека. Адчыняеш вокны,
а за імі — лагуна, закат і могілкі з Бродскім.

Першы вечар у Венецыі быў хутчэй азнаямленчы. Усе музеі і храмы ўжо зачынілі, я нікуды не спяшалася і проста гуляла. Плошчу Сан-Марка з Палацам Дожаў упершыню ўбачыла ў прыцемках. Неба было малінавае, ліхтары яшчэ не запалілі, і гарэлі толькі лямпы рэстаранаў, таму палац здаваўся не белым, а нейкім пастэльна-ружовым, у разводах фіялетавага.
У свой час палац быў “сэрцам” палітычнага жыцця горада, рэзідэнцыяй дожаў — кіраўнікоў Венецыянскай рэспублікі, месцам працы юрыдычных і цэнзарскіх службаў, тайнай паліцыі. Цяпер гэта — анфілады залаў, карціны і пару дзясяткаў легенд, праўдзівых і не вельмі.
Звычайна білеты ў Палац Дожаў купляюцца ў звязцы. Напрыклад, ёсць варыянт: адзін білет з правам уваходу ў чатыры музеі, размешчаныя на Сан-Марка, або “праязны” на наведванне адзінаццаці музеяў. Але яны не ўключаюць наведванне катоўні і моста Уздыхаў. А між тым, мост Уздыхаў названы так не таму, што пад ім цалуюцца закаханыя. Праз гэты мост вялі асуджаных да зняволення, і від з яго — апошняе, што гаротныя бачылі перад пакараннем. Не так рамантычна, але затое цяпер вы ведаеце праўду.
Хоць, не буду хлусіць, закаханыя ўсё ж цалуюцца пад мостам.
Абяцала сабе разабрацца з квіткамі заўтра, але ў выніку вырашыла пакінуць гэта да наступнай паездкі. Па-першае, тры дні ў Венецыі — мала нават без музеяў і экскурсій, па-другое — будзе нагода вярнуцца.
Сонца садзілася, Гранд Канал пераліваўся ў лагуну, калыхаліся прышвартаваныя і накрытыя на ноч гандолы, на тым беразе запальваўся агнямі востраў Сан-Джорджа-Маджорэ, фарвартар перасякалі крэйсеры на буксірах— далей па набярэжнай порт — у рэстаранах гралі аркестры, кожны сваю мелодыю, але ў агульным гукавым фоне яны зліваліся ў адну, трохі сумную і цягучую.
Галубы — абавязковы атрыбут плошчы — ужо спалі. Людзей як быццам стала менш, але на самай справе гэта з’явілася прастора, бо Сан-Марка адзіная “плошча” ў Венецыі, астатнія носяць сціплыя назвы “пляцовак”.
Я прасядзела на набярэжнай даўжэй, чым планавала, пакуль месяц не падняўся над лагунай, а потым пайшла ў бок порта, сустракаючы круізныя лайнеры, і зусім выпадкова натрапіла на марскія вароты Арсенала. Побач — уваход для “сухапутных”. Пільнуюць яго львы: маленькія і вялікія, хто сядзіць, хто ляжыць, хто стаіць — як быццам тоўсты намёк для тых, хто яшчэ не зразумеў: Венецыю ахоўвае леў.

Шкада толькі, што Арсенал закрыты для наведвання і трапіць на яго тэрыторыю можна толькі падчас выстаў Біенале. Аднак працуе кампазіцыя ваенна-марскога музея, дзе экспануюцца мадэлі судоў венецыянскага флоту розных перыядаў.
Я вярнулася сюды на наступны дзень. Самы ўражлівы экспанат — букінтора — барка, упрыгожаная залатымі фігурамі і разьбой, — парадны транспарт дожаў, на якім яны ў дзень царкоўнага свята Узнясення выходзілі на цырымонію заручын з Адрыятычным морам.
Адкрытая для наведвання экспазіцыя можа здацца невялікай, але я правяла там амаль дзве гадзіны: не маючы магчымасці сфатаграфаваць экспанаты, запісвала і, зусім як у дзяцінстве, складала гісторыі пра марскія паходы. Паказальна, што з усёй амаль трохтыднёвай паездкі па Італіі ў мяне захавалася не больш за трыста фотаздымкаў, затое спісаны два “паходныя” нататнікі.
У апошні дзень паездкі вырашыла скарыстацца шанцам і пракаціцца на вапарэта па Вялікім Канале, а потым працягнуць паездку да вострава імя Святога Міхаіла архангела, які вядомы хутчэй як могілкі Сан-Мікеле. У нас яго таксама ведаюць, бо менавіта там пахаваны знакаміты рускі паэт Іосіф Бродскі.
Характэрна, што Сан-Мікеле вельмі чыстыя і прыгожыя, нягледзячы на тое, што многія магілы тут ужо няма каму даглядаць. За парадак адказваюць работнікі саміх могілак.
Магілу Бродскага знайсці няцяжка, на карце яна адзначана маркерам. Гэта простае надмагілле з выбітым надпісам на латыні: “Са смерцю не ўсё канчаецца”. Там квітнеюць ружы, а людзі пакідаюць вершы ў канвертах, кветкі, цыгарэты.
Я — сваю шарыкавую ручку.
Ежа


Венецыя — вельмі дарагі горад нават у параўнанне з астатняй Італіяй. Кубачак кавы тут каштуе ў сярэднім на адзін-паўтара еўра даражэй, чым у Рыме, напрыклад. Таму харчавацца ў кафэ і рэстаранах для людзей з сярэднім дастаткам не вельмі выгадна. Я вырашыла гатаваць сама ў хостэле, балазе на суседнім скрыжаванні кожны дзень разбівалася невялікая крама з садавіной і гароднінай, а побач быў прадуктовы магазін. Дарэчы, крам тут зусім няшмат, і часта бывае, што без карты з дакладным адрасам іх даволі цяжка знайсці. Затое ў кожнай ёсць аддзел кулінарыі. Што цікава — аліўе ў іх называецца “рускі салат”.
Важна, што крамы зачыняюцца звычайна рана, кругласутачных дакладна няма, таму тым, хто збіраецца вячэраць пасля васьмі вечара, варта паклапаціцца пра прадукты загадзя.
Яшчэ хацела зазірнуць на знакаміты рыбны рынак Рыяльта. Як няцяжка здагадацца, ён знаходзіцца недалёка ад аднайменнага самага прыгожага і папулярнага моста горада.

Гандлююць на рынку ранішнім уловам. Крабы яшчэ варушацца, калі іх выкідаюць на абсыпаныя лёдам прылаўкі. Таму прыходзіць сюды трэба да адкрыцця, я дабралася да яго да васьмі раніцы. Прылаўкі проста гнуліся ад разнастайных морапрадуктаў, некаторых з прадстаўнікоў марской фауны наогул бачыла ўпершыню. Напрыклад, папулярнасцю тут карысталіся ракавінкі, якія прадаваліся кілаграмамі і каштавалі ад трох еўра за сетку. Спакуса пакаштаваць, што гэта такое, была вялікай, але вырашыла не рызыкаваць і купіла паўкіло звычайных крэветак, а на суседніх, новых радах — гародніну і садавіну. А вось жанчына, што стаяла перада мной у чарзе, забрала з сабой ракавінкі, а на агароднінных радах купіла кветкі цукіні. Потым у хостэле распавялі, што іх прынята фаршыраваць сырам рыкота і абсмажваць у кляры, але мне дагэтуль не давялося прыгатаваць такое.
Кожную раніцу па дарозе да цэнтра горада купляла ў краме на суседняй вуліцы нектарыны — з тых часоў такой смачнай садавіны не давялося знайсці больш нідзе. А ўвечары, перад тым, як вярнуцца ў хостэл, дапазна сядзела на набярэжнай, назіраючы, як праз праліў самалёты заходзяць на пасадку ў аэрапорт.
Людзі


Вельмі сумняваюся, што за ўвесь час знаходжання ў гэтым горадзе мне пашчасціла сустрэць хоць аднаго карэннага венецыянца. Адзіны стопрацэнтны італьянец — гаспадар хостэла — быў выхадцам з Рыма.
У першы ж дзень у нас адбылася вельмі цікавая размова. Я прыехала позна, вельмі хацела пайсці пагуляць, аднак баялася выходзіць у горад ўначы адна.
— Скажыце, а мяне не абрабуюць, калі апынуся ў цэнтры ноччу? — спытала ў гаспадара.
— Толькі калі вельмі папросіце, — адказаў ён, не адрываючыся ад запаўнення папер.
Пасля даведалася, што Венецыя лічыцца самым бяспечным горадам Італіі і адным з самых бяспечных у Еўропе.
У выніку тут аказалася поўна нейкіх зусім раптоўных і нечаканых сустрэч.
У першы ж дзень сядзела на набярэжнай, а побач паўгадзіны размаўлялі два японцы. У рэшце рэшт адзін з хлопцаў звярнуўся да мяне. Разгаварыліся, і аказалася, што яны абодва — студэнты, вучацца ў Лондане. Што здзівіла, гісторыю незалежнай Беларусі гэтыя хлопцы ведалі добра. Хоць да таго дня ў Італіі мне не сустрэўся ні адзін замежнік, які наогул ведаў бы, што гэта за краіна такая — “Беларусь”.
А ўжо перад самым ад’ездам здарылася самая смешная і нечаканая сустрэча. Я вельмі стамілася за цэлы дзень шпацыраў і зайшла купіць марожанае перад цягніком у Верону. Не змагла знайсці цэннік і дрыготкім голасам спытала:
“Із іт евро пятьдесят?” Яшчэ не паспела зразумець, што ляпнула, а прадаўшчыца засмяялася і адказала: “Да, девушка, евро пятьдесят”. Аказалася, што яна родам з Украіны, а ў Венецыю прыехала на заробкі і жыве тут ужо год.
У цэлым, не лічачы сустрэчы з хрышчонай маці, гэта быў адзіны выпадак, калі я размаўляла на рускай мове больш за дваццаць хвілін.
***
З’язджаць з гэтага горада было шкада да слёз. І ўжо падыходзячы да вакзала, закінула ў канал усю дробязь, што была ў кашальку. Пакуль гэта не спрацавала, але шчыра веру, што яшчэ вярнуся ў Венецыю.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Фларэнцыі мой шлях ляжаў у Падую. І гэта быў самы няўдалы пункт ўсяго маршруту. Пра горад я ведала толькі, што тут вучыўся Францыск Скарына, а яшчэ — што тут...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика