Спорт, спорт…. 21.by

Спорт, спорт…

24.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

НЕ ТОЛЬКІ АБ МЯСЦОВЫМ

Размовы сярод балельшчыкаў на стадыёне перад пачаткам ці ў перапынку матча звычайна вядуцца на футбольныя тэмы. Прычым самага высокага маштабу. У сёлетнім чэрвені-ліпені – пераважна аб перспектывах, а затым – выніках чэмпіянату свету ў Расіі. Калі прыслухоўваўся да рэплік суседзяў, то разумеў, што Месі, Модрыч, Неймар, Дзюба… – прозвішчы футбольных зорак для сапраўдных заўзятараў – як вобразы выдатна знаёмых людзей, а вось любімых ці не надта – іншая справа.

А цяпер на стадыёне «Юнацтва» вялося жывое абмеркаванне перамогі мінскага «Дынама». Так нечакана футбалісты сталіцы Беларусі разграмілі «Зеніт» з Санкт-Пецярбурга. Чатыры «сухія» мячы – у вароты не абы-якой каманды, а той, што мае вялікую фінансавую падтрымку ад усемагутнага расійскага «Газпрама».

Поспехі беларускага футбола сапраўды акрыляюць. А як жа наш, мясцовы «Нёман-Агра»? У апошняй, згаданай сустрэчы стаўбчане атрымалі на сваім полі каманду, можна сказаць, з вытворчай назвай «Бумпрам». І без пошуку даных на сайце можна зразумець, што прадстаўляе гэты калектыў цэлюлозна-папяровую прамысловасць абласнога цэнтра. А ў Гомелі ён, так сказаць, малодшы футбольны брат. Бо ёсць яшчэ больш знакамітыя – каманда вышэйшай лігі з назвай свайго горада – «Гомель». А яшчэ «Лакаматыў», з якім сапернічалі стаўбчане падчас удзелу ў турніры камандаў першай лігі. Дарэчы, і сёлета нашы балельшчыкі мелі магчымасць назіраць за гульнёй гомельскіх чыгуначнікаў. Яны атрымалі перамогу над «Нёманам-Агра» з лікам 3:1 і працягнулі барацьбу за Кубак Беларусі.

Цяпер жа «Бумпрам». Зноў жа прыгадвалі, што ў матчы першага круга стаўбчане адолелі сапернікаў у Гомелі – 3:1. І далей у гамяльчан справы ішлі не лепшым чынам. І, як бачна з турнірнай табліцы, пакуль яны на апошнім, пятнаццатым месцы з набранымі пяццю ачкамі.

Толькі ж без барацьбы ніхто не ўступае. І стаўбчане настроіліся належным чынам. Гульня вялася з тэрытарыяльнай перавагай нашай каманды. На 30-й хвіліне матча Багдан Дубовік адкрыў лік, а незадоўга да завяршэння сустрэчы Дзмітрый Даўбейка яго падвоіў. І ўжо ў дабаўлены да асноўнага час госці крыху «падсаладзілі пілюлю», правялі гол у адказ. 2:1 на карысць каманды «Нёман-Агра» – такі канчатковы вынік адлюстравала табло на стадыёне «Юнацтва».

Змешчаная ніжэй турнірная табліца дае ўяўленне аб тым, якія перспектывы ў кожнай каманды. Нашы нёманцы, як бачна, пакуль месцяцца ў сярэдзіне футбольнага пелетона. І падняцца вышэй будзе вельмі няпроста. Чарговая сустрэча стаўбчан будзе ва Уздзе ў наступную суботу. 1 верасня «Нёман-Агра» прыме на стадыёне «Юнацтва» брэсцкі «Рух», 8 верасня – сустрэча ў Мінску з «Крумкачамі», 15 верасня прыедуць у Стоўбцы «Асіповічы», 22 верасня – выезд у Рэчыцу да «Спадарожніка». Відавочна, усе бліжэйшыя сапернікі – з верхняй паловы турнірнай табліцы.

А вось азначэнне «фаварыт» нярэдка не пацвярджаецца футбольнай практыкай, калі парадак, значыць, воля да перамогі, зладжаныя дзеянні каманды, б’юць клас. І ў гэтым радзе перамогі ў міжнародных сустрэчах барысаўскага БАТЭ, выйгрыш зборнай Расіі над сапернікамі з Іспаніі на чэмпіянаце свету. Прыкладаў такіх багата. Спадзяёмся, што наш «Нёман-Агра», у якім цяпер робіцца стаўка не на гастралёраў, а на мясцовых ігракоў, праявіць усе найлепшыя якасці дзеля перамогі.

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

ЗАКОНЫ МУЖНАСЦІ

Марафонскі бег – спорт мужных. Адолець, прытым з максімальным вынікам, дыстанцыю 42 з лішкам кіламетры, апярэдзіць сапернікаў – для гэтага неабходны майстэрства, вытрымка, выключная воля да перамогі. А калі марафонскія выпрабаванні па сіле прадстаўніцам, хоць наўрад ці правільна так гаварыць, слабога полу… Адным словам, усё гэта выклікае захапленне.

Канкрэтна факт са спартыўнай хронікі. На спаборніцтвах чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Берліне пераможцай стала беларуска Вольга Мазуронак, у пяцёрку наймацнейшых увайшлі таксама Марына Даманцэвіч і Настасся Іванова. І зборная жаночая каманда Беларусі па марафонскім бегу стала чэмпіёнам Еўропы.

Вольга Мазуронак, якая жыве і трэніруецца ў Плешчаніцах пад Мінскам, – адна з галоўных алімпійскіх надзей беларускага спорту. У Марыны Даманцэвіч большы вопыт паспяховых выступленняў на прэстыжных спаборніцтвах сусветнага і еўрапейскага рангу, у тым ліку і на Алімпійскіх гульнях. І да яе асобы ў стаўбчан асаблівая ўвага. Памятаецца, як спіс лепшых спартсменаў Стаўбцоўшчыны па выніках года ўзначальвала Марына Карніцкая, выхаванка Дзераўнянскай ДЮСШ. Закончыла школу, вышэйшую навучальную ўстанову, выйшла замуж. І прыемна цяпер сачыць за поспехамі нашай знакамітай зямлячкі, якая стабільна ў радах наймацнейшых у самым няпростым відзе лёгкаатлетычнай праграмы.

Удзельнікі Алімпійскіх гульняў, ураджэнцы Стаўбцоўскага раёна, – Аляксандр Гоцкі і Марына Даманцэвіч-Карніцкая. І яны прыклад нашым юным лёгкаатлетам, якія мараць аб высокіх п’едэсталах гонару. Далягляды ж і для масцітых, і для тых, хто імкнецца стаць дастойнай зменай, – спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. У тым ліку і тыя, што адбудуцца ў сталіцы Беларусі ў наступным годзе: ІІ Еўрапейскія гульні і матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы «Еўропа – ЗША».

Перамогі куюцца неймавернай працай, выключнай воляй і вытрымкай. Ці ж не гэта адчувалі і гледачы ля экранаў тэлевізараў, калі назіралі, як пад спякотным сонцам Берліна нашы мужныя дзяўчаты імкнуцца першымі перасягнуць рысу жаданага фінішу.

Ф. ФЯДОТАЎ

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НЕ ТОЛЬКІ АБ МЯСЦОВЫМ Размовы сярод балельшчыкаў на стадыёне перад пачаткам ці ў перапынку матча звычайна вядуцца на футбольныя тэмы. Прычым самага высокага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика