Аўтар падручнікаў – з Бярозы!. 21.by

Аўтар падручнікаў – з Бярозы!

06.09.2018 17:24 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З асаблівым хваляваннем першых вераснёўскіх дзён чакае дырэктар сярэдняй школы №1 г. Бярозы імя В.Х. Галаўко  Мікалай Васільевіч Жуковіч. І гэта апраўдана – па яго чарговым вучэбным дапаможніку “Літаратурнае чытанне” пачнуць займацца па ўсёй рэспубліцы ўжо вучні 4 класа з беларускай і рускай мовамі навучання. Як успрымуць дзеці і настаўнікі новую кнігу? Ці спадабаецца ім афармленне вокладак, форзацаў і старонак? Ці не складанымі пададуцца падабраныя мастацкія творы айчынных класікаў і сучасных пісьменнікаў? Ці стане новая кніга чытання апорай выхавання нацыянальна свядомай асобы і фарміравання неабходных чытацкіх уменняў?

Асоба Мікалая Васільевіча ўнікальная тым, што ён зараз пакуль адзіны ў рэспубліцы настаўнік, які на конкурснай аснове стаў пераможцам і персанальным аўтарам аж трох вучэбных дапаможнікаў па беларускім літаратурным чытанні для вучняў 2, 3 і 4 класаў. А гэта значыць, што па кнігах нашага земляка вучацца амаль усе дзеці пачатковых класаў усёй Беларусі.

Яго аўтарству належаць і тры дапаможнікі для настаўнікаў: “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (выдавецтва “Аверсэв”, 2007), “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (“Аверсэв”, 2015), “Літаратурнае чытанне ў 2 класе” (“Нацыянальны інстытут адукацыі”, 2017). Дырэктар-зямляк, акрамя выканання сваіх функцыянальных абавязкаў у роднай школе, штогод папаўняе вучэбна-метадычны комплекс распрацоўкамі прыкладнага каляндарна-тэматычнага планавання і метадычнымі каментарыямі да ўрокаў, якія пастаянна друкуюцца на старонках рэспубліканскіх навукова-метадычных часопісаў “Пачатковая школа” і “Пачатковае навучанне”. Пазней творчы педагог плануе выдаць асобныя дапаможнікі для настаўнікаў пад загалоўкамі “Літаратурнае чытанне ў 3 класе” і “Літаратурнае чытанне ў 4 класе”. У час летняга адпачынку Мікалай Васільевіч паралельна як сааўтар рыхтаваў старонкі яшчэ аднаго вучэбнага дапаможніка школьнікам – “Беларуская літаратура” для вучняў 9 класа.

Якімі інавацыйнымі асаблівасцямі вызначаюцца кнігі літаратурнага чытання пад аўтарствам Жуковіча? Па-першае, гэта ўвядзенне мэтавызначэння праз старонкі-навігатары. Дырэктару ўдалося на мове вучняў увесці асноўныя праграмныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці: школьнікі «павінны ведаць і разумець», а таксама «ўмець». Пры пастаноўцы задач за аснову браліся падыходы метаду актыўнай ацэнкі, з якім аўтар асабіста пазнаёміўся дзякуючы стасункам з польскімі выкладчыкамі і творчай камандзіроўцы ў Варшаву.

Па-другое, раней тлумачэнне невядомых дзецям слоў традыцыйна ў падручніках-хрэстаматыях знаходзілася пасля твора. У вучэбных дапаможніках Жуковіча спецыяльная рубрыка «Слоўнік» размешчана перад праграмным тэкстам, бо ўяўляецца мэтазгодным спачатку падрыхтаваць юнага чытача да ўспрымання верша, апавядання ці казкі, а ўжо потым пераходзіць да знаёмства з самім творам і аналізу яго зместу.

Па-трэцяе, інавацыйны падыход яскрава назіраецца ў падручніку для вучняў 2 класа з беларускай мовай навучання, у якім аўтар размясціў на зялёных плашках пазнавальна-выхаваўчы матэрыял пад рубрыкай “Звярніце ўвагу”. Напрыклад, школьнікам будзе цікава даведацца, што верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» стаў любімым творам першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына і дапамог яму палюбіць неба і стаць лётчыкам.

Да новых набыткаў дапаможніка па літаратурным чытанні можна аднесці ўвядзенне бярозаўскім дырэктарам разнастайных заданняў для парнай або групавой работы ў класе пад аднайменнай рубрыкай з мэтай развіцця вуснага маўлення дзяцей. Мікалай Васільевіч перакананы, што вучні пачатковых класаў хутчэй і смялей загавораць па-беларуску, калі будуць весці размову не толькі з настаўнікам, але і з равеснікамі.

Упершыню ў дапаможнікі па літаратурным чытанні аўтар Жуковіч увёў рубрыку “Пафантазіруйце”, якая дае магчымасць маленькім чытачам прагназаваць змест мастацкага твора і развіваць у іх літаратурна-творчыя здольнасці. Настаўнік у час дэкламацыі недачытвае праграмны твор, а прапануе вучням самім працягнуць сюжэт далей ці здагадацца па загалоўку і прадстаўленым малюнку, аб чым будзе весціся гаворка ў апавяданні ці казцы.

Далучаюць да літаратурнай творчасці вучняў 2–4 класаў і асобныя заданні рубрык “Давай це абмяркуем тэму разам” і “У свеце прыгожага”, дзе падаецца не толькі жывапісны ці скульптурны твор мастацтва, але і пэўнае заданне, напрыклад, скласці па прадстаўленых пытаннях вусны партрэт адлюстраванага галоўнага героя. У 4 класе з мэтай развіцця менавіта творчасці спецыяльна ўведзена і рубрыка “Хвілінкі творчасці”.

Новы вучэбны дапаможнік “Літаратурнае чытанне” для вучняў 4 класа вызначаецца падборкай інавацыйных заданняў для фарміравання чытацкай пісьменнасці (граматнасці). Заданні распрацаваны з мэтай адаптацыі выхаванцаў да ўдзелу ў маніторынгу па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў па лініі міжнародных праграм TIMSS, PISA, PIRLS.

Усе дапаможнікі аўтара М.В. Жуковіча спалучаюць у сабе сінтэз мастацтваў – музыку і выяўленчае мастацтва. Калі ў 2 і 3 класах, акрамя абавязковых вершаў, апавяданняў і казак, прадстаўлены ў асноўным карціны жывапісу айчынных і замежных мастакоў, то ў 4-м ужо рэкамендуецца слуханне песень на вывучаныя вершы, прысутнічаюць фотаздымкі помнікаў старажытнага дойлідства, помнікаў асветнікам і героям Вялікай Айчыннай вайны, мастацкія пейзажныя фотаздымкі і, вядома, ілюстрацыі.

Ёсць у Мікалая Васільевіча яшчэ адзiн вельмi значны напрамак творчай зацiкаўленасці – жыццё i лiтаратурная дзейнасць пiсьменнiкаў-землякоў: паэтэсы Нiны Мацяш, драматурга Мiколы Арахоўскага і празаіка Івана Сы чыка. Дырэктар – даўнi i шчыры прапагандыст творчасцi паэткi. Яшчэ з першых крокаў сваёй педагагiчнай дзейнасцi iмкнуўся захапiць вучняў асобай i вершамi аўтаркi “Паэмы  жнiва”. Менавiта Мiкалай Васiльевiч дамогся таго, што Нiна Мацяш напiсала яму як  настаўнiку для працы з вучнямi сваю аўтабiяграфiю, а ён затым паслаў яе ў друк, што стала набыткам масавага чытача. Калi Ніны Язэпаўны не стала, бярозаўскі дырэктар апублiкаваў успамiны пра сустрэчы з ёю, пра сумесныя паездкi да прыхiльнiкаў яе творчасцi. Пазней таленавіты дырэктар разам са сваімі вучнямі дапоўнiў бiяграфiю творцы, засяродзiўшы ўвагу на яе сям’i, на дзiцячых i юнацкiх гадах паэткi. Даследчыкі сустрэлiся i запiсалi ўспамiны яе сваякоў, аднакласнiкаў. Сабраны матэрыял аказаўся цiкавым i свежым. Такім чынам юныя літаратуразнаўцы пад кіраўніцтвам свайго дырэктара сабралі ўнікальны матэрыял пра згаданых творцаў-землякоў – драматурга і празаіка. У выніку – чакае выхаду яшчэ адна кніга эсэ “Сцвярджаць высокае мастацтва”.

Нарадзіўся і ўзгадаваўся Мікалай Васільевіч на Бярозаўшчыне ў старажытнай палескай вёсцы Здзітава. Тут атрымаў сярэднюю адукацыю. Дакладнасцi i выразнасцi маўлення ад сваiх шасцярых дзяцей патрабавала мацi настаўнiка, таму менавіта яна была першай “філалагіняй”. Любоў да чытання, да касы і плуга прывіваў бацька.  А яшчэ яны перадалi свайму сыну ў спадчыну любоў да народнай песнi i казкi. Школьныя настаўнiкi паглыбiлi гэтую любоў i прадвызначылi жыццёвы выбар – быць настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры. Сам М.В. Жуковiч пра гэта скажа так: “Любоў да народнай песнi i казкi, ваеннай прозы Кузьмы Чорнага i Васiля Быкава, дзiцячае “дырэктарства”, аўтарытэт школьных настаўнiкаў-фiлолагаў сталi складнiкамi выбару спецыяльнасцi, пра што нi разу не пашкадаваў”. Настаўнiкам Мікалай Васільевіч хацеў стаць з ранняга дзяцiнства, выступаючы iнiцыятарам гульнi ў школу, дзе ён заўсёды быў строгiм i патрабавальным, за што бацькi далi свайму старэйшанькаму мянушку Дырэктар, як бы прадчуваючы, кiм той стане на доўгiя гады свайго жыцця.

У 1985 годзе ён скончыў Брэсцкi педiнстытут i вярнуўся ў свой раён. З маладым задорам пачынаў працаваць у Шылiнскай базавай школе, не шкадаваў сiл i часу на заняткi з вучнямi i ў хуткiм часе быў прызначаны намеснiкам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Тут распачаў сваю навукова-метадычную творчасць: актыўна дзяліўся вопытам выкладання беларускай мовы і літаратуры на старонках рэспубліканскіх навукова-метадычных часопісаў “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура” і “Настаўніцкай газеты”. Затым была праца настаўнікам-філолагам у СШ №2 г. Бярозы.

У 1994 годзе Мiкалая Ва-сiльевiча прызначаюць дырэктарам школы №1 г. Бярозы iмя В. Х. Галаўко. На гэтай пасадзе ён шчыруе ўжо 25 год. Дырэктар па сутнасцi – настаўнiк настаўнiкаў. Ёсць, аднак, сярод выпускнiкоў школы, якую ўзначальвае М.В. Жуковiч, нямала тых, хто пад яго ўплывам абраў педагагiчную прафесiю, сярод iх i двое яго сыноў Аляксандр і Андрэй. Абодва працуюць трэнерамі па футболе ў спартыўнай школе г. Бярозы. Трэці, Сяргей, прыёмны гадаванец, збiраецца таксама стаць трэнерам па лёгкай атлетыцы, а пакуль што перайшоў у 10 клас. Што ні кажы, але выразна праглядваецца настаўнiцкая дынастыя Жуковiчаў.

У адным з інтэрв’ю Мікалай Васільевіч, настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, уладальнік намінацыі  “Аўтар” штогадовай прэміі “Людзі “Маяка – 2017”, выказаў сваю запаветную мару, якая многае гаворыць пра яго як грамадзяніна і асобу: “Мне дужа хочацца, каб прадмет беларускай літаратуры і мовы заняў належнае і дастойнае месца. Я даўно пераканаўся: калі беларусы пачнуць адчуваць сябе беларусамі на сваёй культуры і мове, тады нас прызнаюць і іншыя народы. Па нашай культуры ўжо прызнаюць. Возьмем, да прыкладу, прад-апошняе Еўрабачанне. Упершыню мы заспявалі па-беларуску. І нас прынялі”.

Жадаем Мікалаю Васільевічу і надалей ажыццяўлення ўсіх мар і памкненняў, сіл і цярпення.

Фота аўтара.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З асаблівым хваляваннем першых вераснёўскіх дзён чакае дырэктар сярэдняй школы №1 г. Бярозы імя В.Х. Галаўко Мікалай Васільевіч Жуковіч. І гэта апраўдана – па яго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика