Дом и усадьба семьи Савич в посёлке Мирный напоминает исторический музей. 21.by

Дом и усадьба семьи Савич в посёлке Мирный напоминает исторический музей

Размер текста:
A
A
A

Дзе ў нашым раёне можна ўбачыць экспазіцыю ваеннай зброі? На “Прарыве” ды ў музеі – скажа большасць ушачан, а вось жыхары Мірнага дададуць у гэты пералік і свой пасёлак. Гарматы, кулямёты і іншыя рэканструяваныя ўзоры зброі часоў Вялікай Айчыннай размясціліся на падворку Яўгена Леанідавіча і Тамары Іванаўны Савічаў, утварыўшы міні-музей пад адкрытым небам. Калі ж зацікаўлены гэтым відовішчам прахожы атрымае ад гаспадароў запрашэнне зайсці ў госці, то ён убачыць, што выстаўка зброі – далёка не адзіная адметнасць гэтай сядзібы. Можна доўга разглядаць элементы добраўпарадкавання, адмысловыя кампазіцыі з дрэва, што ўпрыгожваюць участак. Шмат цікавага і ў самім доме, які нагадвае гістарычны музей: тут і этнаграфічны куток з рэчамі старажытнага побыту, і парад экспанатаў савецкай эпохі ад керагазу з патэфонам да чырвонага сцяга, што вісіць над канапай, заклікаючы да перамогі камунізму…

“Дзед, а дзе дыск? – запытаў мой унук Ян, калі ўбачыў гэты патэфон і даведаўся, што на ім слухалі музыку. Прыйшлося купіць на Камароўцы вінілавую пласцінку для камплекту – затое хлопчык будзе ўяўляць, пад што танцавалі яго прадзед з прабабкай”, – тлумачыць сваё “музейнае” захапленне гаспадар сядзібы. А яго жонка дадае, што большасць рэчаў калекцыі здабыта імі тут, у Мірным, куды сямейная пара прыязджае, каб адпачыць ад напружанага сталічнага жыцця.Дом и усадьба семьи Савич в посёлке Мирный напоминает исторический музей

А яно сапраўды такое, асабліва ў Яўгена Леанідавіча – прафесара Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, аўтара каля 300 навуковых прац. Як і многія аднагодкі пасляваеннага пакалення, вясковы хлопчык са Жлобінскага раёна меў вялікую прагу да ведаў. Пасля вучобы ў Бабруйскім аўтатранспартным тэхнікуме ён амаль 10 год працаваў у Віцебску ў аблаўтаўпраўленні, завочна скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, паступіў у аспірантуру і застаўся на кафедры тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара. Некалькі тысяч спецыялістаў, што падрыхтаваны ім за 38 год, працуюць на заводах, у аўтапарках, на станцыях тэхнічнага абслугоўвання не толькі Беларусі, а і многіх замежных краін. Яўген Леанідавіч памятае калі не ўсіх, то вельмі многіх сваіх вучняў. Некаторыя з іх сталі паспяховымі кіраўнікамі – як, напрыклад, цяперашні дырэктар сталічнага грузавога парка. Прыгадвае і студэнтаў-замежнікаў. “Трапіў да нас аднойчы сірыец, і настолькі слабы быў па вучобе, што на пасяджэнні кафедры паўстала пытанне аб адлічэнні. Я ж згоды не даў, сказаўшы калегам, што мы не ведаем, у якіх умовах ён набываў базавыя веды, што варта пацярпець, даць яму шанс. Аказалася, што хлопец вучыўся ў акопах у перапынках паміж баямі, потым жа яго накіравалі ў Савецкі Саюз атрымліваць патрэбную краіне прафесію інжынера. І ведаеце, насамрэч гэты студэнт аказаўся здольным, выправіў прабелы, а па спецыяльных прадметах увогуле паспяваў добра – і паехаў на радзіму дыпламаваным спецыялістам”, – прыгадвае прафесар гісторыю са сваёй практыкі. Увогуле ж Яўген Леанідавіч з тых выкладчыкаў, якіх любяць студэнты. Ён заўсёды ўмеў наладзіць з імі таварыскія зносіны.

Прынамсі, менавіта гэта акалічнасць паспрыяла таму, што 14 год назад лёс прывёў сям’ю Савічаў у наш раён. Студэнты добра ведалі, што іх прафесар – заўзятар зімовай рыбалкі. Неяк адзін з іх прапанаваў: “У мяне на Ушаччыне бабулін дом ля возера, там такія месцы! Давайце з’ездзім на выхадныя!” Трапіўшы ў Мірны, прафесар быў проста зачараваны прыгажосцю тутэйшых краявідаў, да таго ж пасябраваў з бацькамі студэнта, якімі, да слова, аказаліся прадстаўнікі раённай улады Канстанцін Анатольевіч і Раіса Пятроўна Пачэпкі. Калі ж у наступны візіт ён запытаў у мясцовых жыхароў, ці прадаюцца ў пасёлку хаты, – тыя паказалі на адзін з дамоў: “Ды вось гэты, напрыклад!”

Прыводзілі ў парадак сядзібу некалькі год, давялося добра прыкласці рукі, затое зараз сюды з радасцю прыязджаюць дзеці і ўнукі. Савічы кажуць, што ў Мірным – самае чыстае паветра, і хоць не маюць тут каранёў, лічаць пасёлак сваім родным месцам. “У мяне цяпер як бы дзве малыя радзімы, – кажа Я.Л.Савіч. – Другой стаў Мірны, ну а галоўная, канечне, – вёска Успалішча, дзе з’явіўся на свет, дзе пахаваны продкі. Ніколі яе не забываю. Вось ужо 26 год кожнае лета з дапамогай старшыні мясцовага сельвыканкама арганізую сустрэчы землякоў, падчас якіх праводзім “генеральную ўборку” вёскі, могілак, запрашаем ксяндза, які асвячае месцы пахаванняў, потым варым на прыродзе юшку, абмяркоўваем навіны. На маю думку, у пытаннях добраўпарадкавання людзі павінны праяўляць больш ініцыятывы і самастойнасці, не спадзявацца толькі на сельсавет ці іншыя службы. Гэта зямля нашых продкаў, якія яе апрацоўвалі, трымалі ў парадку, а цяпер гэта наш абавязак. Часта чую ад людзей, што ў іх не хапае часу на годныя справы. Але лічу, што гэта глупства, адгаворка. Я – чалавек ужо немалады і моцна заняты, аднак размяркоўваю час так, каб паспець зрабіць максімальна шмат карыснага. Гэтаму вучу і моладзь, а яна ў нас у пераважнай большасці вельмі дастойная!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе ў нашым раёне можна ўбачыць экспазіцыю ваеннай зброі? На “Прарыве” ды ў музеі – скажа большасць ушачан, а вось жыхары Мірнага дададуць у гэты пералік і свой...
 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика