Калі побач добрыя людзі. 21.by

Калі побач добрыя людзі

12.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЮЗЭФА Фабіянаўна заўсёды любіла кветкі. У яе двухпакаёўцы на першым паверсе яны былі на ўсіх вокнах, патанаў у кветках і балкон. Расліны адказвалі ўзаемнасцю — квітнелі пышна і багата. “У вас жыве любоў!” — пачула аднойчы ў свой адрас жанчына. Чаму кажу пра гэта ў прошлым часе? Не, Юзэфа Фабіянаўна і зараз нераўнадушная да кветак. Вось толькі вырошчваць іх ужо не можа: чацвёрты год пайшоў, як хваробай прыкаваная да ложка…

Юзэфу Сульжыцкую з нагоды Дня пажылых людзей наведалі выконваючая абавязкі старшыні раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Валянціна Стрэж і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская. Кіраўнікі грамадскіх фарміраванняў падтрымалі жанчыну добрым словам, уручылі невялікія падарункі.
— Цяжка ўсведамляць сваю бездапаможнасць, — падзякаваўшы, кажа Юзэфа Фабіянаўна. — Але мае сяброўкі кажуць у адказ на скаргі: “Не грашы Богу. Ты — дагледжаная”.
І жанчына расказвае, якіх яна мае памочнікаў. З родных гэта пляменніца Наталля Чапукова, якая кожны дзень пасля работы спяшаецца да цёткі, яе дзеці. Часта наведваюцца сяброўкі Ірына Тачыцкая, Вера Марозава, Ганна Акуневіч, Людміла Дуброўская. Апошняя нават аксаміткі на балконе пасадзіла, даглядае дзве шыкоўныя архідэі на падаконніку ў пакоі і букецік хрызантэм на столік каля ложка паставіла — ведае, чым парадаваць хворую. А Валянціна і Рыгор Шпакоўскія прыдумалі шпакоўню павесіць на дрэва, што насупраць акна Юзэфы Фабіянаўны. Жанчына назірае за птушкамі, вясной чакае іх прылёту, цешыцца з іх спеваў. Суседка Жанна Малафей таксама ў госці заходзіць. Сацработнік Руслан Зянько кожны дзень дапамагае: і накорміць, і ў магазін сходзіць. А да гэтага Павел Мацкевіч прыходзіў, яму часта дапамагала жонка Юлія. Ім таксама жанчына вельмі ўдзячна.
Юзэфа Сульжыцкая родам са Смаргонскага раёна, бацькі жылі за сем кіламетраў ад Свіры. У дзіцячым узросце яе ў выніку цяжкай хваробы паралізавала. Пяць гадоў праляжала, пакуль у Маскву да радні не перабралася. Там лячылася, а потым і вучылася. Атрымала дыплом бухгалтара, дарэчы, з адзнакай. Здароўе поўнасцю не вярнулася, але жыццё зайграла зусім іншымі фарбамі. Прыехала на радзіму, тут сястра перацягнула ў Мядзел, дзе жыла сама. Юзэфа Фабіянаўна ўладкавалася ў райспажыўтаварыства, дзе дваццаць гадоў адпрацавала на складзе ў халадзільніку, атрымала кватэру. Весці актыўны лад жыцця дапамог і “запарожац”, які жанчына атрымала як інвалід. На ім нават у Маскву ездзіла, ва Уладзімірскую вобласць. І зараз усмешка на вуснах ад успамінаў пра тое, як тэхагляд праходзіла. “Дзе ж ты носішся? — пытаўся знаёмы з дыягнастычнай станцыі. — На такіх аўтамабілях у год кіламетраў дзвесце наязджаюць, а ў цябе — дзве тысячы!” І знаёмых вазіла, калі прасілі. “Старалася дапамагаць людзям, — кажа Юзэфа Фабіянаўна. — А зараз што? Хіба словам”.
Доўгімі днямі жанчына глядзіць па тэлебачанні серыялы, асабліва пра міліцэйскага сабаку Мухтара падабаюцца, цікавяць таксама пазнавальныя перадачы. Чытаць любіць, але вочы хутка стамляюцца. Таму, расстаўляючы прыярытэты, чытае спачатку любімую “Нарачанку”, а потым — як атрымаецца. Пра “Дажынкі”, сталіцай якіх стаў Мядзел, Юзэфа Фабіянаўна таксама ўсё ведае. Сяброўка Людміла Дуброўская відэа прынесла. Асабліва ўразіла святочнае шэсце, строі ўдзельнікаў. Спадабаўся таксама феерверк. Якія эмоцыі адчула ад убачанага? Безумоўна, гэта — гонар за Мядзельшчыну і яе жыхароў.

Іна ЯРЧАК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЮЗЭФА Фабіянаўна заўсёды любіла кветкі. У яе двухпакаёўцы на першым паверсе яны былі на ўсіх вокнах, патанаў у кветках і балкон. Расліны адказвалі ўзаемнасцю —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика