Тройчы ўрачыстасць. 21.by

Тройчы ўрачыстасць

15.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З’яўленне на свет маленькага чалавека — радасная і хвалюючая падзея для яго бацькоў, дзядуляў і бабуль. Яе з нецярпеннем чакаюць, да яе рыхтуюцца. Не ўсе ўсведамляюць, што гэта вялікі Божы дар, цуд, пасланы як узнагарода за нашы старанні, выпрабаванні, а часам і авансам. Бо выхаванне дзяцей — гэта адначасова і сапраўднае шчасце, і высакародная праца — карпатлівая, штодзённая, якая з гадамі спорна акупіцца. Вядома, пры ўмове, калі выконваць свае бацькоўскія абавязкі добрасумленна, з душой. Калі з першых дзён атуліць сваіх родных крывінак пяшчотай і любоўю, засцерагчы ад бед і трывог.


Глыбока сімвалічна, што ў Тыдзень маці, які шырока адзначаецца ў нашай краіне, у актавай зале Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася ўрачыстая рэгістрацыя нованароджаных падчас выпіскі іх з матулямі дадому. Урачыстасць у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і правялі супрацоўнікі аддзела загс райвыканкама Галіна Калмук і Аксана Жук.
Так, у сям’і Івана і Алёны Дудко з’явілася на свет дачушка, якой бацькі далі імя Арына. А ў сем’ях Уладзіслава і Яўгеніі Івашкевіч, Марата і Аляксандры Баран нарадзіліся сыночкі, якіх таты з матулямі вырашылі назваць адпаведна Ілья і Яраслаў.
Начальнік аддзела загс райвыканкама Галіна Калмук, звяртаючыся да бацькоў нованароджаных, пажадала ім выхаваць сваіх дзяцей добрымі, спагадлівымі, сапраўднымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі нашай любімай Беларусі. “Памятайце, сапраўдная школа сардэчнасці, душэўнай цеплыні, сумленнасці, прыстойнасці — у сям’і, — падкрэсліла Галіна Іосіфаўна. — А ў ёй галоўныя настаўнікі — вы! Выхаванне дзяцей — ваш самы адказны і цяжкі жыццёвы экзамен. Ад усёй душы жадаю вытрымаць яго з гонарам. Шчасця вам і вашым дзецям!” Бацькі замацавалі подпісамі акты аб нараджэнні дачушкі і сыночкаў. Атрымалі яны і першы дакумент сваіх дзяцей — пасведчанне аб нараджэнні.
Шмат цёплых слоў пачулі ў свой адрас бабулі і дзядулі. Яны выхавалі дзяцей, якія самі сталі бацькамі і падаравалі ім унукаў, што стануць прадаўжальнікамі іх роду на зямлі. А для гэтага, безумоўна, прыкладуць і свае намаганні, і цяпло сэрцаў.
Былі і конкурсы. У тым ліку — “Прадказанне “Кім стане ваш малыш?”, выбары самага “прасунутага” таты. Прагучаў і жартоўны рэцэпт выхавання немаўляці. А ў якасці дадатку да яго бацькі
атрымалі падарунак — 10 запаведзяў выхавання дзіцяці.
З віншаваннем да шчаслівых бацькоў, дзядуляў і бабуль звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна пажадала ўсім мудрасці, здароўя, цярпення, бо толькі ў любові і пяшчоце дзеці змогуць вырасці шчаслівымі.
Ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” мела слова яе старшыня Ганна Падгол. Ганна Мікалаеўна павіншавала ўсіх з адметнай падзеяй у іх жыцці. Пажадала немаўляткам расці здаровымі і шчаслівымі, радаваць сваіх бацькоў. Уручыла ўсім на памяць ад жансавета інструкцыі-пажаданні “Як сябе паводзіць”. Былі і падарункі ад Мядзельскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру.
З прывітаннем да малышоў і іх матуль з татамі звярнулася таксама старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Валянціна Стрэж. Валянціна Анатольеўна павіншавала ўсіх прысутных з гэтай радаснай нагоды. Уручыла юным грамадзянам Беларусі падарункі.
Упэўнена, што гэта мерапрыемства пакіне добры след у сэрцах маладых бацькоў, іх родных. І яны зробяць усё, што толькі змогуць, каб іх дзеці, унукі раслі шчырымі, працавітымі, паважалі старэйшых і сталі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З’яўленне на свет маленькага чалавека — радасная і хвалюючая падзея для яго бацькоў, дзядуляў і бабуль. Яе з нецярпеннем чакаюць, да яе рыхтуюцца. Не ўсе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика