У зорнай пяцёрцы фіналістаў. 21.by

У зорнай пяцёрцы фіналістаў

18.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


“Сёння ў нашай хаце свята. Хата песнямі багата! Гуляць дык гуляць, гасцей сустракаць!” Менавіта гэтыя словы гучалі ў памяці, калі ехалі ў Мядзел на абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2018”. Ехалі не проста паглядзець свята, а стаць яго непасрэднымі ўдзельнікамі. Справа ў тым, што па выніках абласнога этапа конкурсу “Уладар сяла-2018” нам пашчасціла трапіць у зорную пяцёрку фіналістаў сярод 22 каманд вобласці. Пераможцу планавалася абвясціць у Мядзеле падчас свята.
Узгадалася, як усё пачыналася. Восенню мінулага года года мяне з жонкаю Анжалікаю запрасіла да сябе кіраўнік спраў Свірскага сельвыканкама Святлана Пісарчык і папрасіла паўдзельнічаць у раённым этапе конкурсу “Уладар сяла”. Паабяцала, што нам дапамогуць мясцовыя работнікі культуры і родная Свірская школа, у якой вучыўся я і чацвёра маіх старэйшых братоў і сясцёр. Мы пагадзіліся і зразумелі, як важна мець падтрымку ў такой справе. А конкурсы былі самыя розныя. Кожная сям’я правяралася на працавітасць, артыстызм, кемлівасць, спартыўную загартоўку. Першае, што адбылося, дык гэта наша сустрэча з прадстаўнікамі Свірскага Дома культуры і школы, якія вельмі хутка змаглі стварыць для нас сцэнічнае выступленне з элементамі мультымедыйнай прэзентацыі “Вітаем па-беларуску”. Да напісання сцэнарыя далучыліся мастацкі кіраўнік Дома культуры Валянцін Мацясовіч, бібліятэкары Алена Яновіч і Данута Саковіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Свірскі ВПК д/с-СШ” Вера Шукела і настаўнік гэтай школы Валянціна Пісарчык. У добрай творчай атмасферы яны старанна планавалі, як лепш паказаць мясцовы каларыт Нарачанскага краю, разгарнуць невялічкую панараму з жыцця нашага падворка. І, зразумела, тэму малой радзімы.
Тады ж на раённым этапе мы сталі пераможцамі, што вельмі парадавала. А вось прапанова ўдзельнічаць у абласным туры прымусіла моцна задумацца, бо добра ўсведамлялі, наколькі гэта складана і адказна. І ўсё ж рашыліся. Тым больш, што да леташняй групы падтрымкі далучыліся і некаторыя іншыя добрыя людзі. А гэта — дырэктар Свірскага ДК Ірына Селязнёва і хормайстар Ганна Трошына. Дзякуючы тым, хто нам дапамагаў, усё было падрыхтавана, на мой погляд, прыгожа, з густам.
А яшчэ трэба сказаць і пра падтрымку, якая сыходзіла ад раённага камітэта БРСМ, у прыватнасці — ад першага сакратара Марыны Апанасёнак і яе надзейнага памочніка Сяргея Багданава. Сяргей кіраваў стварэннем відэароліка пра нашу сям’ю “Усё мае”. Відэаролік неабходны быў, каб правесці інтэрнэт-галасаванне.
Сама паездка ў аграгарадок Сёмкава Мінскага раёна нам вельмі запомнілася. Абход нашых падворкаў рабіў губернатар Міншчыны Анатолій Ісачанка, а таксама першы сакратар абкама БРСМ Кірыл Шык. А карэспандэнты “Мінскай праўды”, завітаўшы на нашу сядзібу, не толькі ўзялі інтэрв’ю, але і сфатаграфавалі малодшага сына Ілью і размясцілі фотаздымак на першай старонцы газеты.
Мы не засмуціліся, што не сталі першымі, бо ўжо сам удзел у конкурсе пакінуў шмат цікавых успамінаў. Уразіла тое, як перажывала за нас група падтрымкі са Свіршчыны.
А мясцовы кінааматар Уладзімір Садоўскі нават фільм паспеў зняць як пра “Дажынкі” ўвогуле, так і пра наш конкурс “Уладар сяла-2018”. Як сказаў ён задаволена, памяць застанецца.
А яшчэ, узгадваючы тых, хто дапамог абуладкоўваць сядзібу, нельга не падзякаваць настаўнікам Свірскай школы Інэсе Бурдэцкай і Алене Мілаш, якія падзяліліся сваімі дасканалымі вышыўкамі, што вельмі пасавалі да інтэр’еру сядзібы.
Ёсць у нас у Свіры надзвычай патрэбныя людзям тры прыватныя магазіны: “Дамавічок”, “Утульнасць” і “Стыль”. Сядзіба ж павінна была выглядаць арыгінальна, і ад іх мы атрымалі фігуркі хатняй жыўнасці, дзякуючы чаму вясковы падворак набыў больш каларыту. Хацелася б нікога не забыць і ўсім падзякаваць. Папрацаваўшы сумесна з такімі людзьмі, мая сям’я зразумела, што іх праца часам бывае такой непрыкметнай, але вельмі патрэбнай людзям.
Шчыра дзякуем усім за дапамогу.

Г. ЗАХАРАЎ.
Жыхар в. Навасёлкі
Свірскага сельсавета.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Сёння ў нашай хаце свята. Хата песнямі багата! Гуляць дык гуляць, гасцей сустракаць!” Менавіта гэтыя словы гучалі ў памяці, калі ехалі ў Мядзел на абласны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика