Нібыта шчодрай восені ўсмешка. 21.by

Нібыта шчодрай восені ўсмешка

18.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Яе звонкі ясны голас ведаюць і пазнаюць многія жабінкаўцы. І гэта зусім не дзіўна. Настолькі шмат мерапрыемстваў правяла за апошнія дзесяцігоддзі Валянціна Славуціч у якасці вядучай на розных раённых падмостках. Да таго ж шчырая прамяністая ўсмешка, якою Валянціна Анатольеўна нібыта дзеліцца са сваімі суразмоўцамі, літаральна ўзнімае настрой і дорыць супакой.

Як сонца за хмару, бывае, заходзіць

НАВАТ КРЫХУ не верыцца, што сёлетняя восень шасцідзясятая ў жыцці Валянціны Славуціч. Настолькі маладою, трошкі гарэзлівай дасюль выглядае юбілярка. Нездарма ж калегі кажуць: “Бывае яна такая розная: задуменная, вясёлая, але заўжды сардэчна простая!”
Колькі гадоў таму перад тым, як чарговы Дзень беларускага пісьменства павінен быў адбыцца на Гомельшчыне, у Хойніках, сустрэўся з Валянцінай Анатольеўнай. Яе “фірменная” ўсмешка сапраўды прамянілася, нібыта свята ехала ў госці непасрэдна да яе:
— Чулі, на радзіме Івана Мележа будзе Дзень пісьменства? Гэта ж цудоўна!
Тут і высветлілася, чаму навіна выклікала такое захапленне ў абаяльнай “гаспадыні чытальнай залы” бібліятэкі. Аказваецца, яна зямлячка аўтара “Палескай хронікі”, а таму і насамрэч “свята едзе ў нашу хату!” Жанчына шчыра радавалася падзеі, якая павінна была адбыцца на малой радзіме. Ды раптам іскрыстая ўсмешка патухла, нібыта яркае сонца за хмару закацілася. Гэта ўспомнілася Валянціне, што родны Хойніцкі раён мо найбольш папакутаваў ад чарнобыльскай бяды…
Вёска Партызанская, у якой прыйшла на свет, на шчасце, у зону адчужэння не патрапіла. І ўсё ж заўсёды сэрца крыху шчыміць, болем сціскаецца, як згадае жанчына, што некалі радыяктыўная хмара накрыла родную старонку, непаўторную ў сваім харастве, наймілейшую ва ўсім свеце.

Нават і подыум ёй падуладны

МЕЛЕЖАВА ЗЯМЛЯЧКА, відаць, нездарма выбрала ў жыцці свой працоўны шлях, звязаны з кніжнымі справамі.
Дапытлівая і цікаўная, з маленства ўлюбёная ў прыгожае пісьменства, яна свядома пасля школы накіравалася ў Магілёў, дзе ў тамтэйшым тэхнікуме вучылі на бібліятэкара. І вось ужо на працягу чатырох дзясяткаў гадоў Валянціна Анатольеўна аддае сябе культуры, прынамсі, бібліятэчнай справе, у якой яна сапраўдны прафесіянал.
Як атрымала маладзенькая бібліятэкарка дыплом у горадзе на Дняпры, лёс скіраваў яе ў іншы куток Беларусі — бліжэй да горада над Бугам. А калі дакладней — у нашу Жабінку. Хоць пра што мы кажам?! Жабінка настолькі шчыльна прапісалася ў біяграфіі Валянціны Анатольеўны, што даўно стала сваёю. Для многіх, вельмі многіх будзе дзівам, што яна не мясцовая нараджэнка. Да новай сваёй радзімы Валянціна Славуціч здаўна прырасла душою, тут і сябры, з якімі лягчэй крочыць па жыцці.
…Яе заўважылі яшчэ тады, сорак гадоў назад, як толькі прыехала ў Жабінку. Высокую, прыгожую, як арабіну, гнуткую дзяўчыну нават прасілі прадстаўляць на подыуме жаночае адзенне.
А было гэта так. Каб стварыць рэкламу сваім вырабам, у мясцовым камбінаце бытавых паслуг спецыяльна для Валянціны пашылі вячэрнюю сукенку. І яна, як сапраўдная мадэль, дэманстравала яе на сцэне ГДК, а затым ездзіла на паказы яшчэ і ў Кобрын ды Брэст. Вось такая зорачка, аказалася, за кніжнымі стэлажамі хавалася!

Сярод пісьменніцкай кагорты хапае ёй заўжды работы

ЯШЧЭ ЧАСЦЕЙ, чым на подыум, (мо сотні, калі не тысячы разоў!) даводзілася Валянціне Анатольеўне выходзіць на падмосткі ў ролі вядучай розных святаў ды юбілеяў, вечарын і ранішнікаў, “капуснікаў” для работнікаў культуры ды афіцыйных мерапрыемстваў, на якія збіраліся шматлікія жабінкаўцы. Мо найбольш запамінальныя з іх — мітынгі-рэквіемы 11 верасня на месцы колішняга Драмлёва, нашай “вогненнай вёскі”. Неаднойчы бачыў, як нават не вуснамі, а здаецца, самою душой прамаўляла яна словы, прысвечаныя памяці людзей, знішчаных у той чорны дзень. Гэтак перажывала даўнюю чужую трагедыю, што, здавалася, вось-вось сама заплача. А людзі, якія чулі яе праніклівы голас, насамрэч слёзы цішком выціралі…
Не менш запамінальныя — спатканні з цікавымі людзьмі, што жывуць на Жабінкаўшчыне або прыязджаюць у госці да жабінкаўцаў. Іх вельмі шмат, з кім наша гераіня вяла творчыя сустрэчы, запрашаючы і іншых да размовы. Асабліва любіць Валянціна Анатольеўна і сёння весці мерапрыемствы з удзелам майстроў пяра, якія заўсёды надзвычай выдатныя суразмоўнікі. Можна шмат успомніць цікавых момантаў, што ўзнікалі падчас такіх спатканняў. Згадаем усяго адзін.
Неяк высадзіўся ў Жабінцы сапраўдны сталічны пісьменніцкі “дэсант”. Найстарэйшым быў сярод гасцей галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. Выступаючы перад аўдыторыяй, Уладзімір Сцяпанавіч пажартаваў: можна гэтую сустрэчу смела ператварыць у выязную рэдакцыйную нараду, бо пісьменнікі з Жабінкі — актыўныя аўтары сталічнага дзіцячага выдання. А затым падзяліўся сваімі пошукамі. Некалькі гадоў правёў у архівах ды падарожжах, збіраючы “пад адной вокладкай” усіх Ліпскіх, родных ды аднафамільцаў. А затым звярнуўся да вядучай, якая ад нараджэння насіла гэткае прозвішча:
— Куды ні трапіш — паўсюль хоць саюз Ліпскіх абвяшчай. Вось і з нашай цудоўнай гаспадыняй, мабыць, мы нейкія сваякі!
Вынікам гэтых росшукаў стала кніга з адмысловай назвай “Я”. Хоць распавядае ў ёй аўтар не толькі пра сябе, але й пра ўвесь той неабсяжны “саюз Ліпскіх”.

…Штогод, штодня і кожную хвіліначку.
Пасляслоўе

РОЗНЫХ КРУГЛЫХ дат сёлета нямала назбіралася. Поўніцца імі жыццёвая скарбонка юбіляркі. Каб пашырыць навыкі ды веды, роўна трыццаць гадоў таму яна скончыла Мінскі інстытут культуры. Так патрэбна было, каб у прафесіі сваёй развівацца, рухацца далей.
Хоць носіць зараз прозвішча Славуціч, ды за славаю асабліва не гоніцца. Найбольш душы не чуе Валянціна Анатольеўна ва ўнуках Святаславу ды Аляксандру. Бо мае адну галоўную мару-спадзяванне: каб толькі родным-блізкім шчасце шчодра ўсміхалася — штогод, што-дня і кожную хвіліначку!
На здымку: бібліятэкар чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна СЛАВУЦІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. Яе звонкі ясны голас ведаюць і пазнаюць многія жабінкаўцы. І гэта зусім не дзіўна. Настолькі шмат мерапрыемстваў правяла за апошнія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика