Як у Будславе бусліка ратавалі. 21.by

Як у Будславе бусліка ратавалі

19.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзесьці з тыдзень таму ў рэдакцыю патэлефанавала наша даўняя сяброўка — пастаянная падпісчыца раённай газеты, бібліятэкар Будслаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Аксючыц. Галіна Сцяпанаўна звярнулася з незвычайнай просьбай: дапамагчы уладкаваць на зімоўку бусліка.

Яна паведаміла, што да яе ў бібліятэку прыйшла жыхарка аграгарадка Вольга Ермаковіч, якая расказала пра птушку, што была вымушана застацца зімаваць. У яе было вывернута крыло, і яна не змагла разам з астатнімі паляцець у вырай. Вольга Аляксееўна знайшла бусла ў парку. Злавіла яго, у багажніку аўтамашыны завезла дадому і выпусціла ў паветку. Дарэчы, птушка там хутка асвоілася. Пачала частавацца варанай бульбай, піла налітую ў посуд ваду. Хутка ўвогуле буслік пачаў паводзіць сябе як гаспадар, важна пахаджваючы па памяшканні туды-сюды. А ўжо праз некалькі дзён нават спрабаваў лятаць, узабраўшыся на куфар.
Прывязаліся да птушкі і гаспадары, і іх дзеці. Можа б і пакінулі яе ў сябе на зіму, але баяліся, каб не загінула падчас маразоў. Вось і папрасілі бібліятэкара паспрабаваць кудысьці ўладкаваць птушку. Галіна Сцяпанаўна, як ужо ведаем, звярнулася ў рэдакцыю. А таму і мы маем да выратавання будслаўскага бусліка дачыненне. Асабіста я патэлефанавала начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолію Леоніку, расказала пра птушку і папрасіла яе дзе-небудзь размясціць на зіму. Анатолій Уладзіміравіч тут жа паабяцаў дапамагчы. Праўда, сказаў крышку пачакаць, пакуль зможа забраць птушку.
Слова сваё кіраўнік экалагічнай службы раёна стрымаў. Літаральна праз некалькі дзён Анатолій Уладзіміравіч адправіўся ў Будслаў. Як пазней расказваў, па дарозе напачатку хваляваўся, як злавіць бусла, як завезці яго на новае месца жыхарства. А калі прыехаў, то са здзіўленнем убачыў, што перажываў дарэмна. Бо ніякіх цяжкасцей увогуле не было: гаспадыня спакойна падышла да птушкі, пагладзіла яе рукой па спіне, узяла на рукі, прынесла і пасадзіла ў багажнік аўтамашыны. Так і “перакачаваў” буслік
з Будслава ў НДЦ “Зубраня”. Яму знайшлося месца на экалагічнай пляцоўцы “Бабровая хатка”, створанай у дзіцячай адукацыйна-аздараўленчай установе, дзе жывуць многія звяры і птушкі — насельнікі Беларусі. Там, дарэчы, некалькі гадоў таму таксама зімаваў бусел, які не змог паляцець у цёплыя краіны. Так што
і гэты, з Будслава, не будзе пакрыўджаны — нават не трэба сумнявацца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзесьці з тыдзень таму ў рэдакцыю патэлефанавала наша даўняя сяброўка — пастаянная падпісчыца раённай газеты, бібліятэкар Будслаўскай сельскай бібліятэкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика