І больш за два дзясяткі “хуткіх” на парадзе. 21.by

І больш за два дзясяткі “хуткіх” на парадзе

19.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


БРЫГАДА службы хуткай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы нядаўна прадэманстравала свае ўменні ва Уздзе  на першых гульнях-спаборніцтвах сярод такіх жа брыгад вобласці. Мядзельшчыну на мерапрыемстве прадстаўлялі фельчары Нарацкай участковай бальніцы Вікторыя Малевіч і Кацярына Сухая, Свірскай — Дзяніс Хвалько і вадзіцель Юрый Усціновіч. Суправаджалі іх намеснік галоўнага ўрача Вольга Кавешнікава і старшыня прафкама, галоўная медсястра Алена Куцкевіч. А загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ала Панцюхіна не толькі рыхтавала каманду да ўдзелу ў спаборніцтвах, хварэла за яе, але і прымала ўдзел у судзействе. Ала Міхайлаўна і расказала пра падрабязнасці баталій, якія разгарнуліся сярод медыкаў вобласці:

— Падрыхтоўка каманды была вельмі інтэнсіўнай і напружанай. Для ўдзелу ў спаборніцтвах выбралі маладых і здольных спецыялістаў, якія паспелі сябе выдатна зарэкамендаваць. Кацярына Сухая мае каля сямі гадоў вопыту работы, Вікторыя Малевіч — крыху менш. Яны ўжо, што важна, спрацаваныя менавіта ў камандзе. Дзяніс Хвалько на “хуткай” працуе другі год, але паказаў сябе выдатным спецыялістам, таму вырашылі ўключыць у каманду і яго. Стаўку зрабілі на моладзь і, што радасна, не памыліліся. Важным укладам у агульны вынік стаў вопыт вадзіцеля Юрыя Усціновіча, бо яго аўтамабіль “Газель” з поўным абсталяваннем і ўкладкай, як патрабуе Міністэрства аховы здароўя, адзіны ў раёне, і ён у Свіры. Таму нарачанскім дзяўчатам трэба было падказаць, як вымаюцца насілкі, дзе што размяшчаецца. Ён усяляк імкнуўся дапамагчы камандзе, словам, быў паўнавартасным яе звяном.
Заданняў было шэсць, прычым загадзя пра іх ніхто не ведаў. Я з калегай з Чэрвеня ацэньвала ўзровень прафесіяналізму брыгад пры вострым парушэнні мазгавога кровазвароту. Сітуацыі арганізатарамі былі створаны максімальна падобныя да жыццёвых. Статыстамі
працавалі акцёры ў грыме, якія
адпаведна сябе паводзілі, на іх былі “раны”, “апёкі” і гэтак далей.
Удзельнікі па-сапраўднаму ўскрывалі ампулы, запраўлялі сістэмы, раскрывалі неабходнае дыягнастычнае і лячэбнае абсталяванне. Хіба толькі ін’екцыі былі несапраўднымі. Сярод сітуацый — востры каранарны сіндром (інфаркт міякарда), падчас якога праводзілася сардэчна-лёгачная рэанімацыя па поўнай праграме з выкарыстаннем усіх сродкаў, даступных для хуткай медыцынскай дапамогі. Была створана відовішчная імітацыя выбуху, падчас якога статысты “атрымалі” шматлікія траўмы. Трэба было вызначыць, у каго з іх якой ступені цяжкасці пашкоджанне і каму якую дапамогу трэба аказаць. Дарэчы, для стварэння гэтай сітуацыі былі задзейнічаны супрацоўнікі праваахоўных органаў і МНС. Усё было вельмі набліжана да рэальнасці, а таму — вельмі цікава. Яшчэ медыкі дэманстравалі прафесіяналізм падчас аказання дапамогі пры анафілактычным шоку і гіпертанічным крызе.
Удзел у мерапрыемстве прынялі 23 каманды. Гэта значыць,
і столькі ж спецыяльных транспартных сродкаў. Уяўляеце, які атрымаўся парад аўтамабіляў з уключанымі праблісковымі маячкамі і сірэнамі па вуліцах Узды? Шуму ў горадзе мы, канечне, нарабілі!
Хачу адзначыць выдатную арганізацыю мерапрыемства. Нас забяспечылі і чаем, і харчаваннем, мелася магчымасць у палатцы пагрэцца, бо было холадна
і ветрана. Ну і, канечне, слоў падзякі заслугоўвае наша каманда, якая годна выглядала на абласным узроўні. Высокае фізічнае
і эмацыянальнае напружанне не адбілася на іх прафесіяналізме.
У тройку лідараў мы не трапілі, бо пераможцамі выйшлі больш кваліфікаваныя ўрачэбныя, а не фельчарскія, як наша, брыгады з Мінскага (І месца), Дзяржынскага (ІІ месца) раёнаў і горада Мінска (ІІІ месца). Яны атрымалі грашовыя ўзнагароды. Нам жа на памяць аб мерапрыемстве засталіся вымпел і сертыфікат удзельніка. А яшчэ — незабыўныя эмоцыі ад духу спаборніцтва, магчымасць прафесійнага ўдасканалення і прыемныя моманты ад зносін з калегамі.

Запісала Іна ЯРЧАК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
БРЫГАДА службы хуткай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы нядаўна прадэманстравала свае ўменні ва Уздзе  на першых гульнях-спаборніцтвах сярод...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика