Лідзію Іванаўну Верашчаку павіншавалі са 100-годдзем камсамола. 21.by

Лідзію Іванаўну Верашчаку павіншавалі са 100-годдзем камсамола

06.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

М. Ч. Пугаўка і Ю. А. Васілеўскі разам з Л. І. Верашчака

М. Ч. Пугаўка і Ю. А. Васілеўскі разам з Л. І. Верашчака

Гэта былі лепшыя гады, — так лічыць Лідзія Іванаўна Верашчака з вёскі Каўшэлева. Яна мае на ўвазе камсамольскія часы, калі ўсе савецкія юнакі і дзяўчаты, згуртаваныя ва Усесаюзны Ленінскі камуністычны саюз моладзі, сваімі карыснымі справамі і ўчынкамі працавалі дзеля дабрабыту савецкай краіны.

— З вялікай настальгіяй у душы ўспамінаю той перыяд жыцця, — кажа Лідзія Іванаўна. — Тады я жыла ў калгасе “Усход”, працавала ў аддзеле кадраў сельгаспрадпрыемства. Мяне як найбольш актыўную жанчыну абралі ў 1981 годзе камсамольскім арганізатарам гаспадаркі. Моладзі ў вёсках было вельмі многа. Працавала яна на жывёлагадоўчых фермах і ў паляводстве, на трактарах і аўтамабілях, у школе і калгаснай канторы. 43 юнакі і дзяўчаты камсамольскай арганізацыі сельгаспрадпрыемства “Усход” з’яўляліся аднымі з лепшых у раёне. Мы пастаянна праводзілі сходы не проста ў глядзельнай зале мясцовага клуба, а выязджалі на палеткі, на фермы, у мехмайстэрні — туды, дзе кіпела жыццё гаспадаркі, дзе памнажаліся і павялічваліся здабыткі вяскоўцаў. Добра памятаю, як у вёсцы Шыці ўзвялі мемарыяльны комплекс на месцы пахавання жыхароў спаленых вёсак у Вялікую Айчынную вайну. Мы, камсамольцы, узялі шэфства над ім: сачылі за парадкам, праводзілі тут суботнікі, а таксама мерапрыемствы патрыятычнага накірунку.

Дарэчы, дзякуючы плённай рабоце камсамольцаў у справе патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, наша калгасная арганізацыя заняла першае месца ў БССР. Мы мелі гонар прадстаўляць рэспубліку на ўсесаюзным патрыятычным конкурсе ў горадзе Тула. Але ж сельгасработы, якія неўзабаве пачаліся ў гаспадарцы, не дазволілі нам адправіцца ў РСФСР. Тым не менш, у Туле Шаркаўшчынскі раён прадстаўляла дэлегацыя нашага райкама камсамола.

Ужо працяглы час Лідзія Іванаўна пражывае ў Каўшэлеве, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але, як кажа сама жанчына, сядзець без справы яна не можа. Займаецца хатняй гаспадаркай, працуе на ўласным участку зямлі. Разам з мужам Леанідам Генадзьевічам удзельнічае ў народным фальклорным калектыве “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору. Спадарожнік жыцця іграе на баяне, а жонка выдатна спявае і танчыць.

Лідзія Іванаўна была запрошана на святкаванне 100-годдзя УЛКСМ, якое праходзіла ў раённым Цэнтры культуры 1 лістапада, але крыху падвяло здароўе, і яна не мела магчымасці папрысутнічаць на юбілейным мерапрыемстве. Таму намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі і першы сакратар райкама БРСМ Міхаіл Часлававіч Пугаўка павіншавалі Лідзію Іванаўну з векавым юбілеем камсамола непасрэдна ў раённай бальніцы, уручылі ёй Падзяку старшыні райвыканкама, кветкі, пажадалі найхутчэйшага выздараўлення, каб і надалей жанчына займала актыўную жыццёвую пазіцыю.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика