Разам спазнаць свет. 21.by

Разам спазнаць свет

13.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Удзельнікаў міжнароднага маладзёжнага праекта з пяці краін – Італіі, Эстоніі, Азербайджана, Расіі і Беларусі — прымалі ў нашым музычным каледжы імя М.К. Агінскага.

Удзельнікі міжнароднага маладзёжнага праекта ў час круглага стала.
Удзельнікі міжнароднага маладзёжнага праекта ў час круглага стала. "Маладзечанская газета"


Ініцыяваны праект некамерцыйнай арганізацыяй «Together» («Разам»), што базіруецца ў Люксембургу. Яе прадстаўніцтвы ёсць у многіх еўрапейскіх краінах, разглядаецца пытанне аб адкрыцці і ў Беларусі. У перспектыве таксама стварэнне ў Маладзечне маладзёжнага цэнтра вольнага часу, у якім будуць ладзіцца бясплатныя адукацыйныя мерапрыемствы, забаўляльныя праграмы, настольныя гульні.
Наша рэспубліка на працягу пяці гадоў прымае своеасаблівы форум пад эгідай «Together», накіраваны на прапаганду культур розных народаў, абмен вопытам у гэтым кірунку, а таксама ў ва-
ланцёрстве і правядзенні асветніцкіх трэнінгаў.

У Беларусі пляцоўкай маладзёжнага праекта з’яўляецца наш музычны каледж. Яго каардынатар — выкладчык па класе фартэпіяна Руслан Апановіч. Ён адзін з нямногіх педагогаў у каледжы, які свабодна валодае англійскай мовай, на якой і ажыццяўляецца праект. Руслан Іосіфавіч гаворыць, што ў яго студэнцкія гады такія форумы былі рэдкасцю.

— У сучаснай моладзі значна больш перспектыў. Міжнароднае супрацоўніцтва выдатная магчымасць cпазнаць свет, няхай сабе і завочна. Гэта абагачае духоўна кожнага чалавека і культуру грамадства ў цэлым, — заўважае педагог. — Зрэшты, у сённяшніх рэаліях не так складана ажыццявіць падарожжа практычна ў любую краіну. Галоўнае – мэта! А тэарэтычныя веды заўсёды на карысць. Каштоўны праект і тым, што можна ўдасканаліць веды па англійскай мове.

У праекце пад эгідай «Together» удзельнічае моладзь ад 16 да 30 гадоў. Многія юнакі і дзяўчаты набываюць або ўжо набылі прафесіі ў сферы мастацтва. Штогод тэма праекта мяняецца. І яе абавязкова зацвярджае Еўрапейскі камітэт. Летась, напрыклад, сустрэча прысвячалася бяспецы дарожнага руху, сёлета — сучасным і спрадвечным традыцыям розных народаў і мае назву «Рабі гэта ў рытме». Усе ўдзельнікі прадстаўлялі свае краіны і рыхтавалі творчыя прэзентацыі. Юнакам і дзяўчатам было чаму здзівіцца і павучыцца адзін у аднаго. Навучэнцы каледжа імя М.К. Агінскага сталі адзінымі прадстаўнікамі ад Беларусі. Яны найперш уразілі замежных гасцей ігрой на шматлікіх музычных інструментах і выцінанкай. Наогул, кожны жадаючы змог паспрабаваць асвоіць беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

За сем дзён знаходжання ўдзельнікі пабывалі на экскурсіі па нашым горадзе, з’ездзілі ў Мінск, дзе адбылася сустрэча ў Прадстаўніцтве Еўрапейскага саюза (ЕС). Таксама яны наведалі музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Кожны атрымаў сертыфікат удзельніка праекта, які каці-
руецца ў Еўропе і лічыцца бонусам пры паступленні ў розныя навучальныя ўстановы і пры прыёме на работу, бо пацвярджае валоданне замежнай (англійскай) мовай.

***
Пераважная большасць удзельнікаў міжнароднага праекта прыехала ў Беларусь упершыню. Мы пацікавіліся аб тым, што маладыя людзі да гэтага ведалі пра нашу краіну, як адкрываюць яе для сябе.

Ірына АКІЛБАЕВА (Расія):
— Перш чым прыехаць у Маладзечна, ведала толькі, як завуць Прэзідэнта вашай краіны і назвы некаторых гарадоў – Гродна, Віцебск, Брэст. Там я, канечне, ніколі не была. А яшчэ чула пра Белавежскую пушчу і тое, што летам у вас больш прыгожа, чым зімой. Вельмі хачу з’ездзіць у Гродна, бо там цудоўныя касцёлы, і ў Брэст, які называюць горадам-героем. У Мінску пабывала ўжо. Вельмі цікава! У ім пераплятаюцца тры культуры: еўрапейская (напрыклад, вуліца Зыбіцкая), савецкая і мадэрн (маштабныя гандлёвыя цэнтры, якія складана ўпісваюцца ў агульную карцінку). Калі гаварыць пра беларускую культуру, то мне найбольш падабаюцца танцы – з імі пазнаёмілася ў час міжнароднага праекта ў вашым музычным каледжы.

Кемал ЗЕЙНАЛЫ (Азербайджан):
— У Беларусі бываў шмат разоў. Бачыў многія вялікія гарады, а цяпер адкрываю для сябе малыя. Яны, канечне, адрозніваюцца па сваім развіцці. Напрыклад, нядаўна, пазнаёміўся з Гудагаем, Салігорскам, Маладзечнам. Мне вельмі падабаецца ваша нацыянальная кухня, асабліва стравы з бульбы. Але яны складаныя ў прыгатаванні. Я пакуль асвоіў толькі пюрэ. У нас усё проста: шашлык – і пад’еў.

Марка БАЗІЛЕ (Італія):
— У інтэрнэце прычытаў, што ў Беларусі прыгожыя дзяўчаты. Таму вельмі хацелася сюды прыехаць. І вось я ў Маладзечне! Беларускія дзяўчаты сапраўды прыгожыя – пераканаўся ў гэтым асабіста. Затое ў нас кухня больш смачная. Па-добраму здзівілі, калі можна так сказаць, цэны «на жыццё». У Італіі ўсё значна даражэйшае. Відавочная і шчырая гасціннасць беларусаў. Таксама ваш народ паважае законы. Вельмі ўразіла мяне дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, асабліва разьба па дрэве. Пабываў у Мінску – атмасферны горад! Шыкоўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

Дзмітрый ВАСІЛЬЦОЎ (Эстонія):
— Я бываў у Беларусі ў дзяцінстве, а яшчэ гэтым летам. І вось зноў тут. У Гомелі жыве мой дзед па бацькавай лініі. Таму беларускі край заўсёды ў сэрцы. У мяне, як, напэўна, і ў многіх іншаземцаў, ёсць пэўныя стэрэатыпы пра Беларусь. Напрыклад, што тут усе ядуць шмат бульбы. На самай справе, рацыён кожнай сям’і залежыць ад яе дастатку. У Беларусі, дарэчы, нізкія цэны ў рэстаранах і на фаст-фуд. Архітэктура ў нашых краінах розная. Мажліва, Талін можна параўнаць з Мінскам, але ён значна большы. Затое беларусы і эстонцы падобныя дружалюбнасцю. А яшчэ мне вельмі падабаюцца беларускія народныя танцы, эстонскія – больш простыя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Удзельнікаў міжнароднага маладзёжнага праекта з пяці краін – Італіі, Эстоніі, Азербайджана, Расіі і Беларусі — прымалі ў нашым музычным каледжы імя М.К. Агінскага....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика