“Гаспадар марскіх глыбінь”. 21.by

“Гаспадар марскіх глыбінь”

20.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Так назвала свой малюнак 9-гадовая Дашанька Карпук з Азятаў. Яе работа стала пераможцай Міжнароднага конкурсу жывапісу, які праходзіў у кастрычніку-лістападзе ў Маскве. Развіваць талент дзяўчынцы дапамагаюць заняткі пад кіраўніцтвам Вольгі Данілюк у Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў.

У пяцігадовым узросце Дашка ўпершыню ўбачыла мора і палюбіла яго. Як усім дзецям, ёй падабалася не толькі купацца ў ім і будаваць на беразе прыгожыя замкі з пяску, але й назіраць за марскімі хвалямі. Дзяўчынка прыкмеціла, што кожны дзень мора рознае: мяняе свой колер, можа быць надта цёплым і халодным, спакойным і бушуючым. Тады ж яна ўпершыню ўбачыла медуз і задумалася: якія яшчэ насельнікі жывуць у марскіх глыбінях?!
Пасля таго Даша з бацькамі адпачывалі на моры не адзін раз. А дома дзяўчынка вывучала падводны жывёльны і раслінны свет і здзіўлялася, наколькі ён багаты і разнастайны. У выніку прыйшла да высновы, што моры і акіяны — гэта месцы, дзе жывуць некалькі мільёнаў відаў розных дзіўных істот. Яна пазнаёмілася з васьміногамі, чарапахамі, скатамі, акуламі, дэльфінамі, іншымі жывёламі. Найбольш спадабаліся кіты за іх уменне выпускаць “фантан” і прыгожа падымаць хвост над воднай паверхняй.
Дзяўчынка заўсёды хацела намаляваць свайго марскога ўлюбёнца — кіта, і вось такая магчымасць надарылася. Педагог Вольга Данілюк, якая выкладае ў Дашы выяўленчае мастацтва, прапанавала ёй паўдзельнічаць у Міжнародным конкурсе жывапісу, які праводзіўся ў рамках Міжнароднага фестывалю дзіцяча-моладзевай творчасці і педагагічных інавацый “Кубак Расіі па мастацкай творчасці — Асамблея Мастацтваў”. Ра-зам вызначыліся з тэмай — “Падводны свет”. Даша вырашыла адразу, што на малюнку будзе кіт — гаспадар марскіх глыбінь, менавіта так яна і назвала сваю работу. Праца над ёю заняла няшмат часу — усяго некалькі дзён. Як расказала сама юная мастачка, працавалася ёй лёгка, бо пра жыццё кітоў шмат чаго ведае. У працэсе стварэння малюнка выкарыстоўвала фіялетавую, сінюю, белую гуаш, потым дадавала жоўтую і зялёную. У цэнтры кіт — сапраўдны гаспадар марскога царства, а вакол яго — дзівосны падводны свет. Свайму герою Даша і імя прыдумала — Тэры. У размове расказала, што па характары ён добры, дружалюбны, ніколі не сумуе. Да сваіх абавязкаў — аховы марскіх глыбінь — ставіцца сур’ёзна і адказна. За гэта і паважаюць яго насельнікі падводнага царства.
У пачатку лістапада былі падведзены вынікі конкурсу. Работа Дашы Карпук стала пераможцай ва ўзроставай катэгорыі “Малодшая група” (ад 8 да 10 гадоў). Гэтая навіна была прыемнай нечаканасцю і вялікай радасцю як для самой юнай мастачкі і яе бацькоў, так і для педагога Вольгі Данілюк.
Вольга Генадзьеўна расказала, што Даша займаецца маляваннем у дзіцячай школе мастацтваў другі год. У класе восем вучняў ад 9 да 12 гадоў з Жабінкі, Хмелева і Азятаў. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень і доўжацца па тры гадзіны. Дзеці вывучаюць пяць прадметаў: малюнак, жывапіс, скульптуру, кампазіцыю і гісторыю мастацтваў. Яны вучацца не толькі маляваць, але і знаёмяцца з асноўнымі законамі, якімі аперыруе мастак у сваёй рабоце.
Педагог адзначыла, што ўсе яе выхаванцы таленавітыя і зацікаўлены тым, чым займаюцца. Паўдзельнічаць у конкурсе яна прапаноўвала ўсім вучням, але так атрымалася, што адгукнулася толькі Даша. Немалаважная заслуга ў гэтым і бацькоў дзяўчынкі, якія падтрымалі ініцыятыву дачушкі і педагога. Вольга Данілюк лічыць, што конкурс — выдатная магчымасць мабілізавацца, убачыць свой узровень, атрымаць ацэнку кампетэнтнага журы, пачуць парады прафесіяналаў.
— Даша вельмі любіць маляваць гуашшу, таму і сваю конкурсную работу стварала менавіта гэтымі фарбамі, — расказала Вольга Генадзьеўна. — Яны дазваляюць рабіць пэндзлем мазкі і тычкі, расфарбоўваць. З акварэллю працаваць больш складана, яна не дапускае памылак. Хочацца сказаць, што Даша — вялікая малайчынка, уседлівая і працалюбівая, ёй лёгка даюцца заданні. Работы дзяўчынкі вылучаюцца. У малюнку яна бачыць форму і тон, у жывапісе — колер, адчувае кампазіцыю і аб’ём. Гэта важныя складнікі выяўленчага мастацтва, якому Даша паспяхова навучаецца, што і пацвердзіў конкурс.
У сваю чаргу дзяўчынка прызналася, што з задавальненнем наведвае заняткі, і адлегласць ад Азятаў да Жабінкі — не перашкода для гэтага. Разам з ёю прыязджаюць і аднакласніцы Варвара і Аляксандра. Дарэчы, усе трое зай-маюцца яшчэ і плаваннем, а таксама вывучаюць англійскую мову.
Талент да малявання ў Дашы Карпук ад матулі Наташы, якая таксама мае такое захапленне. У размове дзяўчынка падзялілася сваёй марай: у будучым яна хоча быць дызайнерам. У бліжэйшых планах — прадоўжыць маляваць на марскую тэматыку, якая так вабіць юную мастачку. Хто ведае, можа дэльфіны, якія хутка з’явяцца на паперы, заваююць сэрцы журы і прынясуць новую перамогу. Поспехаў табе, Даша!


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара. Так назвала свой малюнак 9-гадовая Дашанька Карпук з Азятаў. Яе работа стала пераможцай Міжнароднага конкурсу жывапісу, які праходзіў у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика