Ушачский районный центр культуры и народного творчества отметил 100-летний юбилей!. 21.by

Ушачский районный центр культуры и народного творчества отметил 100-летний юбилей!

05.12.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Месца цікавых сустрэч, канцэртаў і выстаў, усмешак і авацый. Усё гэта пра раённы Дом культуры. Пэўна, нямнога на Ушаччыне людзей, хто б хоць аднойчы не бываў тут. І ў пятніцу ў чарговы раз зала ўстановы запоўнілася гледачамі. Нагода для гэтага была незвычайная і вельмі ўрачыстая: галоўная клубная ўстанова раёна адзначыла векавы юбілей!
Прасачыць гісторыю Дома культуры можна было на спецыяльных фотавыставах у фае, падрыхтаваных цэнтральнай раённай бібліятэкай і музеем народнай славы. Усе, хто завітаў на мерапрыемства, ахвотна спыняліся ля чорна-белых фотаздымкаў, дзяліліся ўспамінамі, знаходзілі штосьці знаёмае ці нават вельмі блізкае. “Гэта Дзень прызыўніка, а тут – першакрасавіцкая гумарына, вось выступаюць удзельнікі раённага конкурсу “Грай, гармонік!”, а тут я праводжу вытворчую нараду”, – на дзесяцігоддзі назад вярталася былы начальнік аддзела культуры Таццяна Міхайлаўна Малак, якая прысвяціла сферы 38 гадоў. “А на гэтых фота агляд мастацкай самадзейнасці. Памятаеце, як калісьці пры многіх арганізацыях існавалі свае творчыя калектывы? Вось, напрыклад, квартэт саўгаса “Ушацкі”, – далучаецца былы дырэктар Дома культуры Соф’я Мікалаеўна Тарасеня, якая кіравала ўстановай больш 20 гадоў. З задавальненнем у чарговы раз пагартала фотаальбом знакамітай агітбрыгады “Трубачы” Лідзія Мікалаеўна Шалыга: “Здаецца, так нядаўна было! Слава аб нашай агітбрыгадзе грымела на ўсю акругу, мы выступалі на фермах, палях, гэта традыцыя атрымала прадаўжэнне. Па маіх слядах пайшлі і трое маіх дзяцей, якія сёння прымаюць непасрэдны ўдзел ва ўрачыстасці”.

– Выдатная выстава, малайцы, што далі магчымасць успомніць і нам тыя часы! – агучылі меркаванне многіх прысутных ветэраны адукацыі Н.А.Васілеўская і Л.Р.Карабань, якія таксама зазірнулі на свята.
100 гадоў таму савецкая дзяржава ўвяла новую форму работы з насельніцтвам, каб людзі маглі адвесці душу. У снежні 1918 года згодна з пастановай РКП(б) у мястэчку Ушачы пачаў сваю дзейнасць клуб імя Карла Маркса. У тыя часы клубам называлі групу людзей, у якіх была адна мэта – сумеснае праводжанне часу за спевамі, праглядам кінафільмаў, чытаннем кніг. Пасля вайны ў аднаўленні клубаў дзяржава абапіралася выключна на дапамогу насельніцтва. У 1959 годзе ўпершыню адчыніў свае дзверы новы будынак раённага Дома культуры, дырэктарам якога стаў Іван Пятровіч Кабяк, які закладаў і асновы творчай дзейнасці калектыву. У розныя гады кіравалі галоўнай культурнай установай У.П.Казачонак, А.І.Барысенка, С.М.Бабіна, А.М.Гаўрылаў, У.У.Кузьмічоў, С.М.Тарасеня, А.А.Гарбачова, Г.У.Елісеева. У 2014-м раённы Дом культуры быў перайменаваны ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, які ўзначаліла М.П.Макрыдзіна.
– У перыяд маёй работы ў аддзеле культуры актыўна праводзіўся рамонт сельскіх устаноў, наспявала і вострая неабходнасць мадэрнізацыі раённага Дома культуры, – ужо са сцэны дзялілася ўспамінамі Т.М.Малак. – Каб закрыць пытанне з правядзеннем мерапрыемстваў у цёплы перыяд, метадам народнай будоўлі ўзведзена летняя танцпляцоўка. На час майго кіраўніцтва прыпала і знакавая падзея – адкрыццё ў 2008-м абноўленага Дома культуры, аснашчанага сучасным абсталяваннем. Адзначу, што праца клубных работнікаў заўсёды была складанай: трэба зацікавіць людзей, абудзіць у іх жаданне прыйсці на мерапрыемства!” Па хадайніцтве Таццяны Міхайлаўны, якая прадаўжае актыўную грамадскую дзейнасць, Віцебскае абласное аддзяленне Фонду міру падрыхтавала да юбілею калектыву раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падарунак – сертыфікат на 500 рублёў.
Сёння ў склад цэнтра ўваходзяць 10 сельскіх клубаў і Дамоў культуры, пры ім дзейнічае 15 клубных фарміраванняў, 4 з якіх маюць званне “народны”. Канцэрты, вечарыны, шоу-праграмы, дыскатэкі, сустрэчы – далёка не ўвесь пералік мерапрыемстваў, якія ладзяцца ва ўстанове. Практычна ўсе арганізацыі праводзяць на галоўнай сцэне раёна свае прафесійныя святы, многія з іх адгукнуліся на запрашэнне і прыйшлі раздзяліць урачысты момант.
– Для чалавека 100 гадоў – многа, а для галіны культуры – толькі росквіт. Дзякуючы людзям вашай прафесіі жыццё становіцца больш цікавым і яркім. Цяжка пераацаніць уклад клубнай сістэмы і ў захаванне беларускай культуры і традыцый, – адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка.

Сапраўды, для работнікаў гэтай сферы прафесія з’яўляецца стылем жыцця, частка якога праходзіць на сцэне. Зрэшты, многія з іх у гэты вечар падымаліся на яе не толькі з канцэртнымі нумарамі, а і за заслужанымі ўзнагародамі – Падзякамі старшыні райвыканкама, райсавета дэпутатаў, граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Дарэчы, аддзелам сумесна з прафсаюзам работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму былі адзначаны два народныя калектывы, якія даўно сталі візітнай карткай Ушаччыны – “Матырынская спадчына” і “Ветэран”.
– Хочацца выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна і арганізацыям за падтрымку. Без вас не атрымалася б пераўтварыць у жыццё нашы смелыя праекты, сярод якіх рэканструкцыя бою на “Прарыве”, 90-годдзе ўтварэння раёна і многія іншыя. Асаблівая ўдзячнасць за веды і вопыт нашым ветэранам, – адзначыла М.П.Макрыдзіна.
У адрас былых работнікаў галіны ў гэты дзень прагучала нямала цёплых слоў. І вельмі справядліва зазначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, што яны заслугоўваюць асобай пашаны, бо іх дзейнасць праходзіла ў іншых умовах: не мелася спецыяльнага абсталявання, было малым фінансаванне, усё будавалася на энтузіязме. Насычанай атрымалася ўрачыстасць не толькі на ўспаміны, а і на музыкальныя віншаванні. У чарговы раз выдатны настрой усім падарылі як самі работнікі ўстановы-юбіляра, так і выкладчыкі, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў, самадзейныя артысты.
За гэтыя гады калектыў цэнтра культуры назапасіў шмат творчага матэрыялу, а з нагоды юбілею яны прыадкрылі закуліссе, пазнаёміўшы гасцей з сакрэтным архівам. Ён хоць і жартоўны, але багаты на экспанаты. Сярод іх, напрыклад, пояс, за які нашы культработнікі заткнулі ўсіх сапернікаў на абласным конкурсе вясельных абрадаў “Вялікая вясельніца-2017”, узяўшы гран-пры. Яшчэ адзін экспанат – слёзы членаў журы, сабраныя падчас прагляду пастаноўкі “З крыніц спрадвечных Ушаччыны”, якая трапіла ў тройку лепшых на 24-м фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, і “пальма першынства” – гэтае дрэва прывезлі ўдзельнікі дзіцячага калектыву “Спадчына” з абласнога форуму па фальклоры. Маецца ў арсенале культработнікаў і серп з молатам, якім яны збіраюцца каваць новыя перамогі. І верыцца, што ўсё ў іх атрымаецца!
Вольга КАМАРКОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Месца цікавых сустрэч, канцэртаў і выстаў, усмешак і авацый. Усё гэта пра раённы Дом культуры. Пэўна, нямнога на Ушаччыне людзей, хто б хоць аднойчы не бываў тут. І ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика