60-гадоў працягваецца гісторыя кахання жыхароў вёскі Дубае Марыi Мікалаеўны і Уладзіміра Яўхімавіча Хлус. 21.by

60-гадоў працягваецца гісторыя кахання жыхароў вёскі Дубае Марыi Мікалаеўны і Уладзіміра Яўхімавіча Хлус

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Полесская правда

>

60-гадоў працягваецца гісторыя кахання жыхароў вёскі Дубае Марыi Мікалаеўны і Уладзіміра Яўхімавіча Хлус
19 кастрычніка жыхары вёскі Дубае Марыя Мікалаеўна і Уладзімір Яўхімавіч Хлус адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця. Увогуле гэты год для сям’і Хлус багаты на юбілейныя даты. У студзені сваё 80-годдзе адзначыў Уладзімір Яўхімавіч, а ў ліпені – Марыя Мікалаеўна.

Гісторыя іх маладога і прыгожага кахання пачалася ў далёкім 1957 годзе…

Уладзімір родам з вёскі Сасновічы Дубайскага сельсавета. Разам з другімі хлопцамі не раз прыязджаў на танцы ў Дубае. Месцам, дзе збіралася мясцовая моладзь, была старэнькая школа. Будынак хоць і невялічкі, але цёплы і ўтульны. Тут хлопцы і дзяўчаты любілі бавіць вольны час. Уладзімір Хлус быў добрым баяністам і нядрэнна спяваў, таму на танцах ён быў жаданым госцем.

У адзін з восеньскіх вечароў хлопец адчуў на сэрцы нейкую патаемную радасць. Яму здалося, што сёння незвычайны вечар – адбудзецца нешта значнае. І сапраўды, яго юнацкае сэрца не падманула. На танцах ён заўважыў дзяўчыну, якую раней тут ніколі не бачыў. Звалі яе Марусяй, яна была з Дубае. Дзяўчына здавалася зусім маладзенькай, гадоў сямнаццаці, не болей. Была апранута ў квяцістую сукенку з белым каўнерыкам, цёмныя густыя яе валасы былі заплецены «кошыкам». Уладзімір падсеў на лаўку да незнаёмкі і стаў граць на баяне знаёмую для ўсіх песню. Да іх пацягнуліся другія маладыя людзі,  і ўжо хор гучаў моцна і зладжана.

Пасля спеву Маруся ўсміхнулася, азірнулася на Уладзіміра, а ён таксама не зводзіў з яе вачэй. Восеньская ноч паволі абдымала вёску, а маладыя ўзіраліся адзін у аднаго, нібы зачараваныя, і маўчалі…


60-гадоў працягваецца гісторыя кахання жыхароў вёскі Дубае Марыi Мікалаеўны і Уладзіміра Яўхімавіча Хлус
З таго незвычайнага вечара маладыя больш ніколі не разлучаліся. Праз год яны згулялі вяселле і пачалі жыць у Дубае: спачатку ў бацькоў Марыі, а затым маладыя пабудавалі ўласны дом. З часам у маладой пары нарадзіліся  дочкі Раіса, Любоў, Алена і сынок Аляксандр.

Марыя Мікалаеўна нейкі час працавала начальнікам аддзялення сувязі ў вёсцы Дубае, потым бібліятэкарам Дубайскай сельскай бібліятэкі. Уладзімір Яўхімавіч, будучы яшчэ зусім маладым мужчынай, працаваў начальнікам Пінскай канторы сувязі, бібліятэкарам Дубайскай сельскай бібліятэкі, бухгалтарам Дубайскага сельвыканкама, суднапрапускніком на гідравузле, а таксама загадчыкам Дубайскага сельскага клуба. Уладзімір Яўхімавіч славіўся на ўсё наваколле сваёй ігрой на баяне. Таму ў вольны час граў на вяселлях не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх.

Прайшоў час, дзеткі выраслі. Усе атрымалі адукацыю і цяпер жывуць у Пінску. Але яны не забываюць родны дом і, як тыя птушкі, на святы і ў выхадныя дні злятаюцца ў роднае гняздо. Цяпер у Марыі Мікалаеўны і Уладзіміра Яўхімавіча падрастаюць сем унукаў і дзевяць праўнукаў.

У хаце сям’і Хлус заўсёды весела і ўтульна. І не дзіва, што ўсе вяселлі дзяцей і ўнукаў, народзіны праўнукаў святкавалі і прадаўжаюць святкаваць у бабулі з дзядуляй. Сам гаспадар бярэ ў рукі баян і іграе, а дзеці спяваюць і танцуюць. А яшчэ, калі быў жывы дзед Яўхім (бацька Уладзіміра Яўхімавіча), дык той барабаніў у бубен. Словамі нельга перадаць, колькі радасці, задору і шчасця ў такіх святах!..

Канешне, зараз здароўе ўжо падводзіць і Марыю Мікалаеўну, і Уладзіміра Яўхімавіча, але ж на старасці гадоў яны не засталіся ў адзі-ноце. Іх падтрымліваюць дзеці, унукі і праўнукі, якія мараць толькі аб адным: каб дзядуля і бабуля пажылі на свеце як мага даўжэй, радавалі іх сваім шчодрым сэрцам, адорвалі дабрынёй і мудрасцю.

Таццяна Палхоўская.

Comments are closed.

 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика