Сегодня — День работников органов загса. 21.by

Сегодня — День работников органов загса

18.12.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 Гэта прафесійнае свята прапісана не ва ўсіх календарах, але мае дачыненне да кожнага чалавека. Самыя адметныя моманты 
нашага жыцця зафіксаваны ў запісах актаў грамадзянскага стану.

Штодня дзверы ў аддзел загса Міёрскага райвыканкама адчыняюць наведвальнікі. Прыходзяць як з прыемных, так і сумных нагод. Падаць заяву на стварэнне сям’і, зарэгістраваць нараджэнне дзіцяці, устанавіць бацькоўства, скасаваць шлюб, паведаміць пра страту блізкага чалавека, атрымаць даведку. Прычына візітаў адбіваецца на настроі работнікаў аддзела, але не ўплывае на належнае выкананне абавязкаў.

НАПЯРЭДАДНІ прафесійнага свята засталі начальніка аддзела загса Вольгу Галімбоўскую і галоўнага спецыяліста Вольгу Юнок за прыемным момантам іх работы. Рэгістравалі нараджэнне дзевяноста шостага дзіцяці — другога снежня ў сям’і Аляксандра і Наталлі Дуброўскіх з’явілася на свет дачушка Сафія. Праз дзесяць дзён тата прыйшоў за першым дакументам дачушкі.


— У трэці раз тут з такой нагоды, — радуецца ён. — Нашай старэйшай дачцэ Насці шэсць год, ходзіць у першы клас. Трохгадовая Ксенія наведвае дзіцячы сад. Яны выбралі імя для малодшай.


Сям’я Дуброўскіх жыве ў Чэрасах. Аляксандр — намеснік дырэктара мясцовай гаспадаркі. Наталля па адукацыі эканаміст, пакуль прысвячае ўвесь час дому і дзецям.


Разам з пасведчаннем аб нараджэнні на памяць пра прыемную падзею шчасліваму тату ўручылі фотаальбом для сямейных здымкаў і магніцік з надпісам “Я нарадзілася на Міёршчыне”.


— Дорым такія сувеніры бацькам падчас рэгістрацыі нараджэння дзетак. Хочацца падкрэсліць, што немаўляты з’явіліся на свет у Год малой радзімы, — гаворыць начальнік аддзела Вольга Галімбоўская.


 Рэгіструючы нараджэнні і шлюбы, работнікі загса звяртаюць увагу на прыгажосць Міёршчыны, адметныя даты яе гісторыі і сучасныя брэнды. У пар, якія ўступілі ў шлюб у 2014 годзе, захоўваюцца віншавальныя паштоўкі з напамінам, што іх сям’я — равесніца 500-годдзя Міёр. Тым, хто абменьваецца заручальнымі пярсцёнкамі напярэдадні фестывалю “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, дораць тэматычныя сувеніры. Невыпадкова вырашылі пакінуць напамін пра Год малой радзімы. Абедзве Вольгі нарадзіліся і выраслі ў Міёрах, стварылі тут сем’і і знайшлі сябе ў прафесіі, любяць родны гарадок і рады, што іх пачуцці падзяляюць маладыя пары з іншай мясцовасці, якія рэгіструюць шлюб на Міёршчыне.


— Прыемна, калі ў нашым аддзеле распісваюцца ўраджэнцы Міёрскага раёна, што пражываюць за яго межамі, — заўважае галоўны спецыяліст Вольга Юнок. — Рэгіструюць у нас шлюб карэнныя жыхары Наваполацка, Браслава, Верхнядзвінска, якія выбіраюць Міёршчыну з-за прывабных пейзажаў.


РАДУЕ міёрскіх работнікаў загса, што сёлета на дваццаць шлюбаў больш, чым у мінулым годзе. Па стане на 12 снежня, у раёне зарэгістравана 104 шлюбы, з якіх 80 — у Міёрах. Спадзяюцца да канца года зрабіць соты запіс акта аб нараджэнні. Такія падзеі нясуць пазітыўны зарад.


— Наша работа — гэта пастаянны перапад эмоцый, — гавораць субяседніцы. — Выдалі пасведчанне аб нараджэнні, павіншавалі бацькоў з папаўненнем сям’і, а праз дзесяць хвілін прыходзіць наведвальнік, які страціў блізкага. Колькі год таму віншавалі з новым статусам жаніха і нявесту, і вось яны зноў у нас з заявай аб скасаванні шлюбу. Калі бачым, што пачуцці яшчэ не страчаны, гутарым, прапаноўваем не спяшацца. І хоць зрэдку, але сям’ю ўдаецца ўратаваць.


РАЗАМ з чуласцю і суперажываннем для работнікаў загса важна ўнутраная стойкасць і засяроджанасць. Маючы справу з сур’ёзнымі дакументамі, трэба быць уважлівымі да кожнай літары і лічбы.


— Расказваючы пра работу ў органах загса, можна правесці паралель з айсбергам. Большая частка спраў нябачная. Штодня выдаём разнастайныя даведкі, прадастаўляем інфармацыю па запытах з розных арганізацый і ўстаноў, дапамагаем тым, хто цікавіцца гісторыяй свайго роду, адшукаць карані, — заўважае Вольга Галімбоўская. — Нашы надзейныя памочнікі — кіраўнікі спраў у Дзісенскім гарадскім і сельвыканкамах. Сёння і іх свята. Шчыра віншуем і жадаем як мага больш прыемных працоўных момантаў. Асобныя словы ўдзячнасці ветэранам і былым работнікам аддзела, якія прысвячалі сябе такой няпростай і вельмі важнай справе. 

ФАКТЫ:
- Сярэдні ўзрост у парах, якія сёлета зарэгістравалі шлюб у аддзеле загса райвыканкама: жаніхі — 30 год, нявесты — 28 год.
- Некалькі год запар у нашым раёне папулярныя імёны хлопчыкаў Аляксандр, Арцём, Мацвей, Дзмітрый, Кірыл, Максім, Раман, Яўген, Іван. Дзяўчынак часцей за ўсё называюць Сафія, Анастасія, Дар’я, Лізавета, Ульяна.


- У працяг стэнда “Вяселле ва ўсе часы” ў аддзеле загса збіраюць вясельныя фотаздымкі 2000-х гадоў. Можна падзяліцца сваімі фота.
- У мінулым годзе органы загса Беларусі адсвяткавалі 100-гадовы юбілей. За плённую працу Міёрскі аддзел загса адзначылі Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама.

ДЛЯ ДАВЕДКІ
Прафесійнае свята супрацоўнікаў загса звязана з падпісаннем Дэкрэта “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”. Адбылося гэта 18 снежня 1917 года. Згодна з дакументам, юрыдычную сілу набылі акты, зарэгістраваныя ў спецыяльных дзяржаўных органах, а не ў царкоўных метрычных кнігах.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Гэта прафесійнае свята прапісана не ва ўсіх календарах, але мае дачыненне да кожнага чалавека. Самыя адметныя моманты нашага жыцця зафіксаваны ў запісах актаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика