Лепшае, што маем: Смаргоншчына-2018

02.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Добрая традыцыя ўжо склалася ў нашым раёне – вітаючы новы год, падводзіць вынікі папярэдняга. Гэта дапамагае з удзячнасцю прыняць усё добрае, што адбылося за апошнія дванаццаць месяцаў і зрабіць высновы з таго, што ўдалым не назавеш. Сёння мы размаўляем пра найбольш важныя падзеі ў медыцыне, адукацыі, прамысловасці і іншых сферах жыцця нашага раёна са старшынёй райвыканкама Генадзем Харужыкам.

Геннадий Хоружик_5749.jpg
Эканоміка ў лічбах

Сёння ў Смаргонскім раёне працуюць 12 буйных прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя таго, вытворчай дзейнасцю заняты больш за 80 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. За 2018 год усе яны выпусцілі прадукцыі больш чым на мільярд рублёў, гэта 11% ад аб’ёму па Гродзенскай вобласці.

У параўнанні з 2017 годам удвая павялічыўся аб’ём экспарту. Сёння мы пастаўляем тавары ў 41 краіну свету, найбольш, безумоўна, гандлюем з Расіяй (57%), а таксама з Польшай, Літвой, Украінай і Казахстанам. Павялічыўся за год і аб’ём экспарту паслуг (на 11,2%). Пераважна гэта транспартныя і будаўнічыя паслугі, якія аказваліся рэзідэнтам 34 краін свету.

Іншаземныя інвестыцыі, прыцягнутыя ў раён, склалі больш за 68% ад аб’ёму ўсёй вобласці (каля 46 мільёнаў долараў ЗША). За мінулы год рэалізаваны інвестыцыйны праект “Вытворча-лагістычны комплекс” ААТ “Белагратэрмінал”, уведзены ў эксплуатацыю маслаэкстракцыйны завод. Нядаўна завяршылі яшчэ адзін інвестыцыйны праект – пабудавалі і адкрылі магазін ААТ “Санта Ритейл”. За апошнія месяцы таксама ў нашым горадзе былі пашыраны межы свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”. Яе рэзідэнтамі з’яўляюцца ЗТАА “Кранаспан”, ТАА “Кранаспан НТ”, ТАА “Ультра Плай”, ТАА “Еўрапластэкс інвест”, ТАА “Белагратэрмінал”, ААТ “Смаргонскі агрэгатны завод”.

За 2018 год адкрыліся 19 новых гандлёвых аб’ектаў і 4 кропкі грамадскага харчавання. 186 аб’ектаў аказваюць бытавыя паслугі. Найбольш сярод іх салонаў прыгажосці, нямала таксама аўтарамонтных майстэрняў. Шырока распаўсюджаны камп’ютарныя паслугі і паслугі па рамонце адзення.

Што ў бліжэйшай перспектыве? Плануецца не толькі мадэрнізацыя вытворчых ліній, закупка новага абсталявання, але і будаўніцтва новых прадпрыемстваў ТАА “Кранаспан НТ”,  ТАА “Ультра Плай”, ТАА “Еўрапластэкс інвест”.

Будзем адкрываць невялікія, зручныя магазіны ў крокавай даступнасці. Перш за ўсё - па вуліцах Савецкай і Леніна. У свабоднай эканамічнай зоне зарэгістравана новая кампанія па вытворчасці мэблі “Шынака Мэбля Бел”. Чакаецца прыцягненне замежных інвестыцый на сем мільёнаў долараў ЗША.

Радуе, што ўзровень беспрацоўя за 2018 год не перавысіў 2%.

Будуем і аднаўляем

Парадавалі па выніках 2018 года і будаўнікі. Усяго ўведзена ў эксплуатацыю чатыры шматкватэрных дома. Адзін на 70 кватэр па вуліцы Інжынернай, два на 72 кватэры – па Камсамольскай, чатырохкватэрны дом у Солах і 60 індывідуальных жылых пабудоў.

У пачатку гэтага года жыхары змогуць заняць свае кватэры ў новым доме па вуліцы Гагарына. А да канца 2019 наваселле адбудзецца ў дамах па вуліцы Камсамольскай і ў мікрараёне Усходнім. Кватэры ў адным з іх будуць свабодна прадавацца, а ў двух – прызначаны для тых, хто мае права на дзяржаўную падтрымку.

Да абласных “Дажынак” абновяцца вуліцы Леніна і Савецкая (у тым ліку і пешаходны бульвар), будынкі пашпартна-візавай службы, райвыканкама, раённага Цэнтра культуры і камбіната бытавога абслугоўвання. Парадуем жыхароў доўгачаканым падарункам – адкрыццём плавальнага басейна.

Трэція ў вобласці

Прыярытэтнымі напрамкамі ў сельскай гаспадарцы для нашага раёна застаюцца вытворчасць зерня, цукровых буракоў, масланасення рапсу, а таксама нарыхтоўка кармоў для жывёлы. Зерня ў 2018 годзе атрымалі 41,9 тысячы тон. Ураджайнасць – 24,9 ц/га. Гэтага, безумоўна, недастаткова, каб задаволіць усе патрэбы. Таму прынялі рашэнне ўбраць на зерне 323 гектары кукурузы (намалацілі каля трох тысяч тон). Цукровых буракоў сабралі больш за 85 тысяч тон. Нашмат больш, чым у 2017 годзе, нарыхтавалі травяных кармоў, таму поўнасцю забяспечылі патрэбы пагалоўя.

Лепш за ўсіх паказала сябе ў нарыхтоўцы кармоў гаспадарка “Агра Солы”. У яе – трэцяе месца па вобласці. Такое ж месца па вобласці і ў раёна ў цэлым.

За мінулы год ўведзена ў эксплуатацыю 11 сховішчаў травяных кармоў. У 2019 плануем пабудаваць яшчэ пяць.

Пра беспрацоўе і сацыяльную падтрымку

Свая станоўчая дынаміка і ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва. Адзін з галоўных напрамкаў – зніжэнне ўзроўню беспрацоўя. На прафесійнае навучанне накіраваны 92 чалавекі. Праз сродкі масавай інфармацыі мы інфармуем насельніцтва аб актуальных пытаннях на рынку працы. Для больш эфектыўнага пошуку месца працы прапануем беспрацоўным “Кірмаш вакансій”, дні прадпрыемстваў.

За 2018 год мы аказалі адрасную сацыяльную дапамогу 1633 жыхарам нашага раёна на агульную суму 505,5 тысячы рублёў. 16 жанчын узнагароджаны ордэнам Маці.

Год назад на базе філіяла цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадку Лылойці адкрылі сацыяльную бібліятэку, а ў чэрвені – стацыянарны сацыяльны пункт.

У жніўні стартаваў праект “Белмед”, ініцыятыва “Разам да здароўя”. Яго мэта – прафілактыка неінфекцыйных захворванняў у людзей сталага веку.

ремонт хирургия Сморгонь 9.jpg
Перамены ў медыкаў

У Смаргонскай раённай бальніцы сёння працуюць 168 урачоў-спецыялістаў, 8 урачоў-інтэрнаў, 540 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. З 1 жніўня да работы прыступілі 17 маладых спецыялістаў.

У 2018 годзе закуплена новае абсталяванне для аперацыйнага блока і ўрачэбных амбулаторый. Новае абсталяванне, а таксама аўтамабіль УАЗ набыты для аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. Пачаў сваю работу рэнтгенаграфічны мамограф.

У снежні пасля рамонту было адкрыта хірургічнае аддзяленне. Не такія маштабныя работы праведзены ў акушэрскім аддзяленні, амбулаторыях, харчблоку. У тэрапеўтычным аддзяленні паліклінікі па вуліцы Юбілейнай таксама новаўвядзенні. Там пацыентаў прымаюць урачы агульнай практыкі.

Анжелика КОРЯГИНА и Алина КОДЬ..jpg
Шчыруюць педагогі

Сістэма адукацыі Смаргонскага раёна захавала высокія паказчыкі мінулых гадоў. Галоўная ацэнка вучнёўскіх ведаў сёння – цэнтралізаванае тэсціраванне. Два вучні гімназіі атрымалі самы высокі вынік: Ірына  Новікава па англійскай мове (настаўніца Таццяна Гуновіч) і Уладзіслаў Харкевіч па матэматыцы (настаўніца Аксана Раманенка).

Вучні Смаргонскага раёна заваявалі 17 дыпломаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскіх алімпіяд. Яшчэ тры дыпломы прывезлі з абласнога конкурса даследчых работ “Крыштальная Альфа”.

За высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці лаўрэатам прэміі аблвыканкама “Чалавек года Гродзеншчыны” стала Святлана Піліпчук, настаўніца біялогіі школы №5. А вучаніца Крэўскай школы Кацярына Янголь выбрана старшынёй камісіі па грама­дзянска-прававых пытаннях і прафілактыцы супрацьзаконных паводзінаў у маладзёжным асяроддзі абласнога Маладзёжнага парламента.

Прыярытэтным напрамкам з’яўлялася аздараўленне дзяцей. У летні перыяд аздараўленне было арганізавана для 59% школьнікаў.

Што пра гаспадарчыя пытанні, то праведзены капітальны рамонт даху на будынку цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Адрамантаваны таксама харчблок сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У дзіцячым садку №6 заменены шляхі эвакуацыі. Рэканструкцыя праведзена і ў басейне лагера “Арляня”.

У некаторых школах заменена састарэлае абсталяванне ў камп’ютарных класах і харчблоках. А для Вішнеўскай школы набыты аўтобус для падвозу дзяцей.

Вяртанне Паўночных Афінаў.jpg
Якасны адпачынак забяспечаць культработнікі

Не праспалі 2018 год і культуролагі. Не толькі ў Беларусі вядомы нашы традыцыйныя фестывалі “Кераміка Крэва”, “Чароўны свет батлейкі”, “Вяртанне Паўночных Афінаў”, рэгіянальны конкурс-пленэр “Мой край Смаргоншчына”. Прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю завяршэння Першай сусветнай вайны. Музей-сядзіба ў Залессі збіраў дарослых і дзяцей на касцюмаваныя балі. Мы паў­дзельнічалі ў міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. З’явіліся і новыя мерапрыемствы, якія, спадзяёмся, стануць традыцыйнымі: абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі” і фестываль “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”.

Кожны аграгародок Смаргоншчыны мае свае адметныя святы. У Крэве гэта “Крэўскія жарты”, “Купалле” і “Купальскія матывы” прайшлі ў Залессі і Вішневе, фестываль побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод” у Жодзішках і “Свята беларускіх гаспадынь” у Сіньках, “Аграгарадок шчаслівых сямей” у Солах і народнае гулянне “Мядовы смак” у Бялкоўшчыне. Свята кветак адбылося ў Лылойцях, а “Кушлянская талака” ў Кушлянах. У Год малой радзімы прайшло таксама 39 святаў малых вёсак.

Нязменна радуюць дасягненнямі і навучэнцы школ мастацтваў. Дакументы аб падтрымцы на разгляд у Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі пададзены на Анастасію Ванееву, Дзяніса Кузьміна, Яўгена Мозера, Кірыла Гаўрова.

Працягваюцца работы па адраджэнні знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Выканана кансервацыя з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй сцяны Крэўскага замка. Адноўлена Кітайская альтанка ў англійскім пейзажным парку музея-сядзібы імя Агінскага. Там жа пачаліся работы па рэстаўрацыі канюшні.

Смаргонь спартыўна-турыстычная

Падрыхтоўкай маладых спартсменаў у нашым раёне займаюцца тры ўстановы: спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па футболе і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзаў. Тут дзеці займаюцца па пяці напрамках: баскетбол,у футболу, дзюдо, цяжкай атлетыцы і лёгкай атлетыцы Дзевяць ураджэнцаў нашага раёна ўключаны ў састаў нацыянальных каманд па розных відах спорту.

Створана фізкультурна-аздараўленчая група для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яны таксама могуць прымаць удзел у рознага кшталту спартыўных спаборніцтвах.

Трэба сказаць і пра турызм. Сёння ў раёне дзейні­чаюць 33 суб’екты аграэкатурызму. Распрацаваны 21 маршрут (сем веласіпедных, чатыры аўтобусна-пешаходных, тры пешаходных, тры веласіпедна-пешаходных, тры водных і адзін лыжны). Самыя папулярныя – водны маршрут па рацэ Вілія і аўтобусна-пешаходны “Сцяжынай вайны”.

Прыемныя ўзнагароды

высоцкі 066.jpg
У скарбонку ўзнагарод-2018 свой уклад унесла РУП “ЖКГ”. Сярод прамысловых, будаўнічых, камунальных арганізацый, а таксама прадпрыемстваў транспарту і сувязі, смаргонскія камунальнікі сталі трэцімі ў абласным конкурсе на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы. А іх сайт стаў уладальнікаў прэстыжнай прэміі “TIBO 2018”.

Настаўнік-дэфектолаг Жо­дзішкаўскай школы Вераніка Трушкова стала пераможцам абласнога конкурса “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя”.

Акрамя Святланы Піліпчук, якую згадвалі вышэй, прэмію “Чалавек года Гродзеншчыны” атрымаў Алег Высоцкі, начальнік участка механізацыі і спецыяльных работ ААТ “Будаўніча-мантажны трэст №41”.

Сям’я Харэвіч з Вішнева заняла другое месца на абласным этапе конкурсу “Уладар сяла”.

Нашы вучаніцы Валерыя Шпаковіч (школа №5) і Ганна Мізула (гімназія) сталі пераможцамі ў абласным конкурсе сачыненняў і вершаў “Мая Беларусь. Мая будучыня”.

З гонарам магу зазначыць, што прызнанне не абмінула і рэдакцыю газеты “Светлы шлях”. Вадзім Берзінь, мастацкі рэдактар, атрымаў ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Дыплом ІІІ ступені атрымаў журналіст Сяргей Юрэвіч за лепшую публікацыю пра ААТ “МТЗ”. Граматай грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” узнагароджана Галіна Козел, аўтар праграмы “Сямейная гасцёўня”. За высокапрафесійнае асвячэнне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносінаў, міжкультурнага дыяло­гу і сапрацоўніцтва з суайчын­нікамі за мяжой дыпломамі Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь узнагароджаны аддзел тэлевяшчання “ОКС-ТБ”, Смаргонскае радыё і рэдакцыя газеты. Рэдакцыя таксама атрымала дыплом ІІ ступені міністэрства па надзвыйчайных сітуацыях у намінацыі “За аператыўнасць і аб’ектыўнасць”, Ганаровую грамату абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму і Грамату Прэзідыума Гродзенскага абласнога савета Таварыства ратавання на водах. Прэзентацыйны ролік пра сям’ю Харэвіч аддзела тэлевяшчання “ОКС-ТБ” заняў І месца на абласным этапе конкурсу “Уладар сяла”.

Падрыхтавала Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва газеты “Светлы шлях”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Добрая традыцыя ўжо склалася ў нашым раёне – вітаючы новы год, падводзіць вынікі папярэдняга. Гэта дапамагае з удзячнасцю прыняць усё добрае, што адбылося за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика