Житель Сморгони переехал в тихий уголок Ушаччины из-за необычного увлечения. 21.by

Житель Сморгони переехал в тихий уголок Ушаччины из-за необычного увлечения

11.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апошнім часам давялося бачыць нямала людзей, якія перабраліся з гарадоў у маляўнічыя ўшацкія мясціны: нехта знайшоў тут паратунак ад мітусні “каменных джунгляў”, кагосьці прывабіла любоў да агародніцтва, паляўніцтва ці рыбалкі, многіх пад схіл гадоў пацягнула да бацькоўскай вотчыны. А вось былы жыхар Смаргоні Ілья Міхайлавіч Кастко па ўсёй Беларусі шукаў зацішны куточак, дзе б ён змог пасяліцца разам з вялікай кампаніяй сваіх сяброў – знайшоў жа яго менавіта на Ушаччыне, набыўшы сядзібу ў маленькай вёсачцы Стайкі.

Свая гісторыя ў кожнага

Але перш чым справіць наваселле, давялося правесці будаўнічыя работы, прычым, звязаны яны былі зусім не з паляпшэннем жыллёвых умоў самога гаспадара: побач з домам з’явіўся вальер у 600 квадратных метраў – жылплошча для прыгаданых вышэй сяброў. Ужо не адно дзесяцігоддзе Ілья падбірае і выходжвае кінутую і асуджаную на смерць жывёлу, шукае для яе новых гаспадароў. За гэты час на яго рахунку каля сотні выратаваных жывых душ. “Проста люблю братоў нашых меншых больш, чым самога сябе”, – тлумачыць сваё захапленне мужчына. Зараз побач з ім на сядзібе жывуць 8 сабак і 6 катоў. Сярод іх і пародзістыя “каўказцы”, і простыя дварнягі, а ў кожнай асобіны свая гісторыя з’яўлення ў “зграі” Міхалыча.

Балонку Ёшу ён убачыў на дарозе, дзе яе рвалі сабакі. Спачатку маленькую пухнатую істоту прыняў за ката, кажа, што вагі ў ёй было паўтара кілаграма, разадраныя шыя і грудзі… Павёз у Мінск, зрабілі дзве аперацыі – і вось ужо 14 год Ёша заўсёды побач з гаспадаром, і ў машыне, і дома. “На жаль, зусім нямнога ёй засталося. Неаперабельная пухліна. У сабак нават хваробы амаль такія, як у людзей. Яна пакутуе, але стараецца мяне не засмучаць…” – расказвае Ілья пра сваю верную сябровачку, што сустрэла нас у хаце.

Кожную падобную страту Ілья пераносіць балюча: той, хто губляў дамашніх гадаванцаў, гэта зразумее. Не так даўно, напрыклад, ад таго ж дыягназу памерла “заслужаная ветэранша” Ядвіга. Сабаку, якога спісалі па ўзросце з пітомніка ваенізаванай аховы, Ілья прывёз з Расіі – і свае апошнія чатыры гады жывёла правяла пад апекай клапатлівага гаспадара. “Вялікі дзякуй дзяўчатам-ветэрынарам з полацкай клінікі – тры гадзіны аперыравалі, а калі ўжо пачалі зашываць – спынілася сэрца, не вытрымаўшы болю”.

Ваўчыная кроў і правілы гасціннасці

Хутчэй за ўсё, не было б ужо на свеце і прыгажуна Тора: нашчадка ваўка і сабакі Ілья забраў да сябе, калі даведаўся, што яго гадуюць для смяротных сабачых баёў. Зараз жа гэты статны звер, які спалучае ў сабе рысы абаіх продкаў – гонар “зграі”, якую, прынамсі, некалькі год таму ўжо папоўнілі і трое яго дзяцей – Герда, Чук і Гек. Яны хоць і маюць чвэрць ваўчынай крыві, аднак ні страху, ні беспадстаўнай агрэсіі да людзей не праяўляюць. Ды ўсё ж, калі гаспадар прапанаваў мне зайсці разам з ім у вальер, было, канечне, крыху не па сабе. “Галоўнае – не баяцца і захоўваць спакой. Адрэналін, які выпрацоўвае спалоханы арганізм, дае драпежнікам падставу для нападу! – правёў ён інструктаж і ўсміхнуўся: – Давай руку і не хвалюйся: побач са мной ты ў гарантаванай бяспецы!” І сапраўды, гадаванцы, па ўсім відаць, прытрымліваюцца правіла “Сябар гаспадара – наш сябар”. У хуткім часе яны ўжо бралі з маіх рук кавалкі курыных касцей. Паводдаль стаяў толькі Тор – ваўчыная натура не дазваляе гэтак цесна кантактаваць з незнаёмым чалавекам…

“Дык ці можна заваяваць давер ваўка?” – пытаюся ў Ільі. “Можна, аднак вельмі няпроста. Давялося мець стасункі з адным з самых знакамітых вучоных-заолагаў Ясонам Бадрыдзе, які некалькі год пражыў разам са зграяй ваўкоў, дасканала вывучыўшы іх павадкі, а калі ў наваколлі Тбілісі знішчылі гэтых драпежнікаў, змог штучна аднавіць від, гадуючы ваўчанят і адаптуючы іх да натуральнага асяроддзя. Тым, хто цікавіцца гэтай тэмай, раю пачытаць публікацыі вучонага – адкрыеце для сябе вельмі шмат. “Сярод ваўкоў я правёў лепшыя гады свайго жыцця”, – прызнаецца Ясон Бадрыдзе, і я яго цалкам разумею: у адрозненне ад чалавека, жывёла ніколі не здрадзіць і адкажа на дабро любоўю…”

Праз узлёты і падзенні

Напэўна, разважаць так мусіць чалавек з няпростым лёсам. І сапраўды, жыццё майго субяседніка было насычаным на ўзлёты і падзенні. Ураджэнец невялікай вёсачкі на Міёршчыне з 11 год працаваў у калгасе, дапамагаў бацькам гадаваць жывёлу. Аднойчы яго вельмі ўразіла, што муж старэйшай сястры, які быў мараком, прыехаў да іх у вёску з Мінска на таксі! І Ілья ўмацаваўся ў жаданні паступіць у мараходнае вучылішча, пасля заканчэння якога доўгі час працаваў на рыбалавецкім судне, пабываў у 17 краінах. Калі ж канчаткова сышоў на бераг, ажаніўся і на заробленыя сродкі пабудаваў трохпавярховы дом. Для савецкіх 80-х гэта было нонсэнсам: “кампетэнтныя органы” ўчынілі пільную праверку і знайшлі тое, што хацелі: на невялікую частку будматэрыялаў не аказалася патрэбных дакументаў. У выніку крымінальны артыкул, канфіскацыя маёмасці, некалькі год пазбаўлення волі.

Выпрабаванні не зламалі, і ў 90-я Ілья ўступіў з ранейшым жаданнем здабыць дастатак для сям’і. “Чым толькі не займаліся ў тыя смутныя гады! Першы капітал зарабілі тым, што пяклі з жонкай дома пячэнне на продаж. Жылі мы тады ўжо ў Смаргоні, і гэты прымежны гарадок называлі “маленькім беларускім Чыкага”. Тут нават быў свой доларавы мільянер, які адкрыў першую ў былым Саюзе жэньшэневую фабрыку. Мы ж стварылі сямейны бізнес па вырошчванні таматаў: пасадзілі 4 тысячы кустоў і… “задавілі” мясцовае райспажыўтаварыства – у выніку нам “парэкамендавалі” перавезці сваю агароднінную справу ў іншы горад. Аднак даходаў хапіла, каб пабудаваць новы дом, даць дзецям добрую адукацыю”, – расказвае мужчына.

Ціхі прыстанак

“Адразу скажу, што ні на каго не трымаю крыўды, бо разумею, як няпроста жыць побач з чалавекам з маімі захапленнямі”, – заўважыў Ілья ў адказ на пытанне, што прымусіла немаладога ўжо мужчыну сарвацца са звыклага месца і памяняць камфортны гарадскі катэдж на спартанскі вясковы быт у незнаёмым месцы. Проста ў адзін момант рэбрам стала пытанне пра тое, што “сабачы прытулак” трэба ліквідаваць. Такую ўмову агучылі родныя, лопнула цярпенне і ў суседзяў – “яшчэ раз пачуем ноччу брэх – атруцім!”

… Ён жа не змог здрадзіць сябрам і сваім перакананням. Пакінуўшы сям’і ўсе здабыткі, зноў пачаў жыццё з чыстага ліста. “Пераязджаю на хутар каля Ушач, апроч дома і лазні атрымаў малочную казу, курэй, кошку, сабаку, 19 калод пчол! Побач лес і возера!” – напісаў ён сябрам-“сабачнікам”, з якімі мае зносіны ў сацыяльных сетках.

Адаптацыя праходзіць няпроста. Засушлівае лета не спраўдзіла спадзяванняў на мёд і ўраджай, дапамагае тое, што ёсць сваё малако ды яйкі, але на сціплую пенсію вельмі складана пракарміць вялікую жывёльную брацію. Таму Ілья Міхайлавіч быў бы вельмі ўдзячны сваім новым землякам, калі б у выпадку вымушанага забою ці падзяжу жывёлы яны падзяліліся з яго гадаванцамі непатрэбным мясам (яго тэлефон ёсць у рэдакцыі).

Многія лічаць яго дзіваком, аднадумцы ж называюць сціплым героем, пра што сведчаць водгукі на сайце: “У наш час, калі некаторыя кідаюць нават уласных дзяцей, такія гуманісты – вялікая рэдкасць”. “Ты – малайчына! Твой байцоўскі дух, твая любоў дапамагаюць не толькі жывёлам, але і людзям!”

Ад душы хочацца пажадаць Ільі Міхайлавічу моцнага здароўя і, канечне, каб ушацкая зямля стала для яго спрыяльнай і гасціннай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнім часам давялося бачыць нямала людзей, якія перабраліся з гарадоў у маляўнічыя ўшацкія мясціны: нехта знайшоў тут паратунак ад мітусні “каменных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика