Брату і сястры — Алегу Васільевічу Машару і Зоі Васільеўне Ліпскай — споўніцца 12 студзеня па 80 гадоў. 21.by

Брату і сястры — Алегу Васільевічу Машару і Зоі Васільеўне Ліпскай — споўніцца 12 студзеня па 80 гадоў

11.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алег Васільевіч Машара напярэдадні свайго 80-гадовага юбілею

Алег Васільевіч Машара напярэдадні свайго 80-гадовага юбілею

Калі жыццё пражыта дастойна, то і на душы радасць і супакой. Прысвяціць свой век роднай зямлі — двайное шчасце, гэта ў поўнай ступені адчуваюць многія нашы вясковыя жыхары. Свой дом, гаспадарка, дарослыя дзеці і ўнукі, а магчыма, ужо і праўнукі… У такім выпадку і пенсійны ўзрост не перашкода і нават не падстава для засмучэння. Наадварот, маршчынкі на твары непазбежныя, галоўнае, каб іх не было на сэрцы.

Заўсёды надзейнай апорай і падтрымкай для ўсіх сваіх родных былі і з’яўляюцца брат і сястра Зоя Васільеўна Ліпская і Алег Васільевіч Машара — карэнныя жыхары нашага раёна, а ў мінулым — адны з лепшых працаўнікоў шаркаўшчынскага краю. 12 студзеня яны адзначаюць свой 80-гадовы юбілей.

Зоя Васільеўна і Алег Васільевіч нарадзіліся на хутары Ліпава (побач з Гуркамі) у вялікай сям’і, дзе акрамя іх выхоўвалася яшчэ чацвёра дзетак. З дзяцінства бацькі прывучылі ўсіх сваіх дзяцей  да нялёгкай сялянскай працы.

— Жылі бядней, чым у цяперашнія часы, але былі дружнымі, вясёлымі, дамы свае на замкі ніколі не зачынялі, — успамінае Зоя Васільеўна былыя часы. — Бацька наш, які, на жаль, заўчасна памёр, быў конюхам, таму коней і ўсю іншую жывёлу люблю з самага дзяцінства. Напэўна, таму і адпрацавала ўсё жыццё на ферме: спачатку даглядала калгасных свіней, потым  цялят. І так аж да самай пенсіі. Агульны працоўны стаж Зоі Васільеўны Ліпскай налічвае 40 год, а яе старанная праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна неаднаразова адзначалася ўзнагародамі рознага ўзроўню.

У 22 гады Зоя выйшла замуж у вёску Зарэчча. Адразу ж уладкавалася на мясцовую свінаферму на працу, дзе і адпрацавала наступныя 7 год. А пасля ўсё жыццё, аж да самай пенсіі, на тэрыторыі былога калгаса імя Гагарына даглядала цялят на ферме. У 1969 годзе разам з мужам у Наваселлі пабудавалі ўласны  дом, там Зоя Васільеўна пражывае і сёння.

Зоя Васільеўна Ліпская з сястрой Вольгай (фота з сямейнага архіву)

Зоя Васільеўна Ліпская з сястрой Вольгай (фота з сямейнага архіву)

Па словах самой юбіляркі, цяжкай сялянскай працы ніколі не баялася, пры тым што работа даглядчыцы ў былыя гады прадугледжвала менавіта ручную працу — напружаную і нялёгкую, асабліва для жанчыны.

Разам з мужам Яўстафіям (якога не стала тры гады назад), Зоя Васільеўна выхавала дзвюх дачок. Старэйшая Тамара ўсё жыццё пражыла ў Архангельску. Пэўны час працавала бухгалтарам, потым займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю, цяпер жанчына ўжо на заслужаным адпачынку. Малодшая дачка Таццяна пражывае непадалёку ад маці ў суседняй вёсцы Зарэчча і працуе начальнікам аддзела базы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ “Агратэхсэрвіс”.

У Зоі Васільеўны ўжо чацвёра дарослых унукаў — усе атрымалі вышэйшую адукацыю і знайшлі сваё месца ў жыцці. Дачакалася юбілярка і свайго першага праўнука Сямёна, хлопчыку яшчэ адзін год і два месяцы.

Будучы ўжо даўно на пенсіі, бабуля і сёння здзіўляе ўсіх родных сваімі здольнасцямі: як і шмат гадоў таму, яна па-ранейшаму  вяжа і вышывае надзвычай прыгожыя рэчы для ўсіх членаў сваёй сям’і, выдатна спявае, наведвае Свята-Успенскі храм у нашым гарадскім пасёлку, клапоціцца пра ўсіх сваіх родных.

Родны брат Зоі Васільеўны Алег Васільевіч Машара таксама ўсё жыццё пражыў і адпрацаваў у нашым раёне, у вёсцы Гуркі. Нездарма кажуць, што вялікі патрыятызм пачынаецца з таго месца, дзе чалавек нарадзіўся і жыве. Пасля заканчэння 7-гадовай школы паступіў у вучылішча механізацыі ў вёсцы Опса Браслаўскага раёна. Пасля вучобы юнак разам з усёй сваёй групай накіраваўся ў далёкі Казахстан, як тады казалі, “падымаць цаліну”. У 1959 годзе з Казахстана быў прызваны ў армію: службу праходзіў у чыгуначных войсках. Разам з іншымі ваеннымі будаваў чыгуначную станцыю ў горадзе Омск, потым пракладваў чыгуначную дарогу на поўначы Расіі. Пасля службы ў арміі вярнуўся на радзіму, спачатку 2 гады адпрацаваў у меліярацыі ў вёсцы Язна Міёрскага раёна. А калі на тэрыторыі раёна распачаў сваю дзейнасць дарожна-будаўнічы раён-26 (сучаснае ДБУ-26), перавёўся на працу ў гэту арганізацыю. Працаваў на трактары С-100 бульдазерыстам. Неаднаразова атрымліваў узнагароды за сваю сумленную працу. Новы бульдозер Алег Васільевіч атрымаў і ў калгасе “Маяк”, куды перайшоў з ДБУ-26 за некалькі гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак.

У наступным годзе Алег Васільевіч і яго жонка Ніна Пятроўна Машара адзначаць сваё залатое вяселле — 50 год, пражытых разам. Іх дачка Ірына працуе ў магазіне “Меркурый” нашага гарадскога пасёлка. Ужо стала дарослай і ўнучка Дзіяна — маладая дзяўчына жыве і працуе ў Віцебску.

Як адзначаюць самі брат і сястра, прадстаўнікі старэйшага пакалення вялікай і дружнай сям’і , усё жыццё яны жылі і  працавалі на карысць роднай зямлі, каб забяспечыць дастойную будучыню сваім дзецям і ўнукам, каб іх жыццё было больш лёгкім, простым і шчаслівым, чым у іх саміх.

А дзеці Зоі Васільеўны Ліпскай і Алега Васільевіча Машары шчыра павіншавалі сваіх самых родных людзей з адметнай датай у жыцці і расказалі, што менавіта бацькі заўсёды былі для іх прыкладам і многаму навучылі. Работа, сям’я, дзеці, гаспадарка, удзел у грамадскім жыцці сяла для іх ніколі не былі цяжарам. Дзяцей, а потым і ўнукаў юбіляры выхоўвалі з клопатам і дабрынёй, прывучалі іх да працы, вучылі не баяцца цяжкасцяў і радавацца кожнаму дню. І дзверы іх дамоў заўсёды шырока адчынены для ўсіх родных і сяброў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика