«Пераклады» на лыжкі – нясвіжскія фішкі! . 21.by

«Пераклады» на лыжкі – нясвіжскія фішкі!

11.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

А могуць хлопцы «Лявоніху» і на балалайках збацаць!

Гісторыя «Нясвіжскіх лыжкароў» вядзецца з 2006 года. Беларускім віртуозам пакарыліся пляцоўкі Польшчы, Літвы, Латвіі, Казахстана… А колькі сусветна вядомых твораў было «перакладзена» на лыжкі – бадай, ужо і не злічыць. Цікава, але як і з якой нагоды ў калектыве прапісаўся адзін з самых каларытных народных інструментаў, не ведае нават кіраўнік «Нясвіжскіх лыжкароў» Уладзімір Сухавей.

Бязлітасная канкурэнцыя
– Выпускнік педагагічнага ўніверсітэта імя Танка, у 1984 годзе я вярнуўся ў Нясвіж па размеркаванню. Пайшоў настаўнікам музыкі ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Малады, энергічны, амбіцыйны – літаральна гарэў ідэяй стварыць які-небудзь студэнцкі ансамбль. Але была пэўная складанасць: у каледжы вучыліся адны дзяўчаты, хлапцоў днём з агнём было не знайсці, – смяецца Уладзімір Сухавей. – Ну што, сабраў невялікі дзявочы калектыў: гралі на бас-гітары, барабанах, саксафоне, скрыпцы. Але ж я «народнік», мне гармонік і акардэон бліжэй… Ды толькі з дзяўчатамі гэта было немагчыма.

У 2006 годзе ў каледжы адкрылася аддзяленне фізічнай культуры і сюды, нарэшце, прыйшлі вучыцца хлопцы. Менавіта з іх удзелам Уладзімір Сухавей і спраўдзіў сваю мару: арганізаваў мужчынскі інструментальны ансамбль. Тут былі і баян, і флейта, і балалайка, і бубен, і нават барабан! Калектыў невялікі – усяго 5 чалавек, але жадаючых трапіць у яго было зашмат. Паступова ў ансамблі з’явіліся каса, шумёлы, цёрка, трашчоткі, агого. І вось аднойчы нехта прынёс на рэпетыцыю лыжкі…

– Можа, хацеў які жартаўнік пасмяяцца: ідзе рэпетыцыя – і тут пасярод балалайкі драўляны грукат! Але мне ідэя з лыжкамі спадабалася, вырашыў паспрабаваць, увёў у калектыў аднаго лыжкара. Пасля яшчэ аднаго, яшчэ. І што ў выніку? Лыжкі бязлітасна выцеснілі некаторыя інструменты. Такая вось музычная канкурэнцыя!

998

Музыкі, танцоры, акрабаты
Сёння народны ансамбль «Нясвіжскія лыжкары» (званне «народны» калектыў атрымаў у 2009 годзе) – гэта дзве групы музыкаў: 8 чалавек непасрэдна лыжкары, яшчэ 7 – удзельнікі аркестра. Без іх, кажа Уладзімір Сухавей, нават самыя звонкія лыжкі могуць не загучаць.

– Лыжкары – гэта аснова нашага калектыву. Яны даюць шалёную энергетыку, задаюць рытм, заводзяць, свісцяць, грукочуць. Можна, канешне, выканаць той жа «Танец з шаблямі» толькі на лыжках, але калі дадаць чароўную флейту, задзірлівую балалайку, меладычны баян – зусім іншае гучанне будзе.

У рэпертуары нясвіжскіх музыкаў ёсць арыгінальныя інструментальныя творы на тэмы народных танцаў, песень, найгрышаў беларускага, рускага, польскага народаў, асноўную частку якіх апрацоўвае сам кіраўнік. Найбольш папулярныя – «Весялуха», «Лявоніха», «Беларускі карагод». Кожная кампазіцыя – не проста музычны твор у сучаснай аранжыроўцы. Гэта маленькае тэатралізаванае прадстаўленне, інструментальна-харэаграфічнае і нават акрабатычнае шоу. Чаго вартая адна п’еса «Рассыпуха»: ансамбль грае народныя мелодыі, а ў гэты час чатыры хлапцы трымаюць на плячах дзве аграмадныя лыжкі ў чалавечы рост, а пяты робіць на «брусах» акрабатычныя элементы, на руках ходзіць! А як вам такое: старэйшыя хлапцы «грукаюць» на лыжках сваю партыю, а малодшыя выносяць вялізную лыжку і пачынаюць за яе спрачацца – зразумела, у жартоўнай форме.

– Гледачам – смех і задавальненне, а маім музыкам – мазалі ды сінякі, – смяецца кіраўнік ансамбля. – Хаця ўсё залежыць ад самога чалавека: калі стараецца, лупае па каленках з усяе сілы, дык і сінякі будуць. Яшчэ калі граеш на лыжках, іх трэба сінхронна перамяшчаць ад плячэй, грудзей і да каленяў, каб быў не толькі гук, але і прыгожая карцінка. Гэта складана… Хаця і лыжкам дастаецца: стабільна восем-дзесяць лыжак за год разбіваем. Быў час, калі мае падапечныя наўмысна ламалі драўляныя інструменты: грукалі так, што толькі трэскі ў залу ляцелі. Гледачам падабаецца, а мне трэба галаву ламаць – дзе ўзяць новую лыжку? Свайго пастаяннага майстра-лыжкара няма – раней супрацоўнічалі з адным мясцовым умельцам, але ён памёр ужо.

Самы круты калектыў 

На стварэнне адной музычна-тэатралізаванай п’есы патрэбна мінімум тры гады.

– Чаму так многа? – пытаюся ў кіраўніка «Нясвіжскіх лыжкароў».

– Лічыце самі: два гады я выношваю ідэю ў галаве. Хаця, шчыра кажучы, ідэі нумароў мне падкідвае жонка Ганна Іванаўна Сухавей, па сумяшчальніцтву загадчык аддзялення музыкі Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа і канцэртмайстар ансамбля «Нясвіжскія лыжкары». Яна галава, мозг – а я рукі. Яшчэ год трэба, каб вывучыць і адшліфаваць п’есу. Абавязкова працую ў тандэме з нашым харэографам Кацярынай Лабаза. І, нарэшце, бясконцыя рэпетыцыі: збіраемся падчас заняткаў, пасля іх. Прагульшчыкаў у мяне няма, жадаючых трапіць у калектыў шмат, ніхто і не рызыкне «прагуляць». Адсюль і выдатныя вынікі, і запрашэнні за мяжу, і шматлікія прэміі. І самая каштоўная для нас узнагарода – спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі – таксама вынік плённай і карпатлівай працы. Гэта высокая ацэнка заслуг не толькі цяперашняга складу калектыву, але ўсіх, хто быў у ім задзейнічаны.

Удзельнікі ансамбля – гэта ў асноўным студэнты нашага каледжа, таму склад ансамбля пастаянна мяняецца – выпускнікі ўладкоўваюцца па размеркаванню, на іх месца прыходзяць першакурснікі. Але ўзровень майстэрства застаецца нязменна высокім.

Як прызналіся самі лаўрэаты прэстыжнай прэміі, яны і марыць не маглі, што калі-небудзь будуць стаяць на пляцоўцы Палаца Рэспублікі і атрымліваць дзяржаўную ўзнагароду – як сімвал прызнання іх таленту.

IMG 6636

– Я проста раблю тое, што падабаецца, і стараюся рабіць гэта добра, – кажа Уладзіслаў Сініцын, студэнт 4-га курса Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, будучы настаўнік пачатковых класаў. – На першым курсе сам падышоў да Уладзіміра Яўгенавіча, папрасіў праслухаць: хацеў займацца музыкай на сур’ёзным узроўні, а пра «Нясвіжскіх лыжкароў» усе казалі, што гэта самы круты калектыў. Уладзімір Яўгенавіч узяў мяне ў ансамбль, але паставіў на барабаны. А калі даў, нарэшце, лыжкі, я ўжо разагнаўся дык разагнаўся. І танцаваць магу, і свісцець, і грукаць грамчэй за ўсіх.

Уладзіслаў плануе вярнуцца ў Нясвіж па размеркаванню. Кажа, ні на якую сталіцу не прамяняе родны горад і сваю другую сям’ю – «Нясвіжскіх лыжкароў».

Шчаслівы білет выцягнуў і першакурснік Дзмітрый Дранчук, будучы настаўнік замежнай мовы. Толькі чатыры месяцы таму прыйшоў у славуты ансамбль – а сёння ўжо выступае ў Мінску. Хвалюецца, перажывае, рукі дрыжаць, а тэлефон ні на хвіліну не змаўкае. Бацькі, сябры – усе віншуюць з такім кар’ерным узлётам. Хаця сам хлопец лічыць сябе пакуль дылетантам: «Я толькі дзве п’есы магу на лыжках сыграць, ды і беларускую музыку не надта дасканала ведаю. Гэта мой прабел, які трэба тэрмінова ліквідаваць».

А вось Павел Горбель ужо не хвалюецца: ён музыка са стажам. Чатыры гады граў у калектыве, а як скончыў каледж – размеркаваўся ў раённы цэнтр народнай творчасці і вярнуўся ў калектыў. Аб’ездзіў з лыжкарамі з дзясятак замежных гарадоў, але так цёпла, як у роднай Беларусі, кажа, не сустракаюць нідзе.

– Аматары народнай музыкі ёсць паўсюль, але тут людзі іншыя – больш духоўныя, адкрытыя, – тлумачыць хлопец. – Таму і эмоцыі, узнагароды, прызнанні тут самыя шчырыя. Хочацца несці людзям свята, добры настрой, хочацца паказаць ім усю прыгажосць нашай, айчыннай музыкі. Хай яна пакуль не вельмі папулярная, але гэта пытанне часу.

А свой час і час сваіх падапечных Уладзімір Сухавей размеркаваў ужо на гады наперад. Ён плануе асвоіць і паставіць «Беларускі сувенір» Яўгена Глебава. Гэта складаны твор, не кожнаму ён па зубах, але паспрабаваць хочацца. Не дзеля чарговых узнагарод – каб «драўляна» замацаваць месца беларускай народнай музыкі ў сусветнай культуры. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А могуць хлопцы «Лявоніху» і на балалайках збацаць! Гісторыя «Нясвіжскіх лыжкароў» вядзецца з 2006 года. Беларускім віртуозам пакарыліся пляцоўкі Польшчы,…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика