“Удзячна ўсім, с кім звязаў мяне лёс”. 21.by

“Удзячна ўсім, с кім звязаў мяне лёс”

14.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— Мая малая радзіма — вёсачка Новікі ў Сваткаўскім сельсавеце. Тут нарадзілася, вырасла і жыву дагэтуль. І лепшага, даражэйшага за гэтыя мясціны для мяне нічога няма. Нездарма ж так прыгожа пісаў і пра нашу цудоўную Мядзельскую зямлю, і пра родную Пількаўшчыну, якая знаходзіцца непадалёку ад маіх Новікаў, у сваіх вершах наш знакаміты зямляк, народны паэт Беларусі Максім Танк.
Да працы была прывучана з маленства. А таму, калі закончыла школу, нават у думках не было некуды падацца з дому. Ды што і казаць, так рабілі многія вясковыя дзеці. У тэхнікуме атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю і прафесію бухгалтара. Але працавала ў мясцовым калгасе амаль сорак гадоў эканамістам, прычым доўгі час і галоўным. Сваю работу вельмі любіла, адносілася да яе з душой.
Гаспадарка наша пастаянна была ў ліку перадавых. Неаднаразова выходзіла пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, бо мела нядрэнныя паказчыкі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. А якія людзі тут! Многія за сваё старанне былі адзначаны і ўрадавымі ўзнагародамі.
І кіраўнікі ў нас былі руплівыя, неабыякавыя. Памятаю Іосіфа Францавіча Тарасёнка — памяркоўнага, гаспадарлівага і да людзей уважлівага. Нездарма яго ад нас у раён забралі. З добрага боку ўзгадваецца і Пётр Давыдавіч Чарняўскі. Надзейныя былі і спецыялісты. Той жа Пётр Давыдавіч пачынаў працоўны шлях галоўным інжынерам. Вельмі руплівай і адказнай была галоўны аграном Тамара Іванаўна Чычэрына. Кампетэнтнай зарэкамендавала сябе галоўны бухгалтар Яніна Іванаўна Ясюкевіч. Дарэчы, з ёй я хадзіла ў адзін клас, разам вучыліся ў тэхнікуме, а пасля працавалі поплеч да пенсіі. Ды і цяпер падтрымліваем цесныя сувязі.
Калі прыехалі ў Сваткі Тарасёнкі, Ала Іванаўна ўладкавалася эканамістам. Мы з ёй адзін кабінет займалі. Таму па крупінках старалася перадаць усё, што ведала сама, ёй. І калі адыходзіла на заслужаны адпачынак, на пасаду галоўнага эканаміста парэкамендавала менавіта Алу Іванаўну, бо была пераканана, што яна справіцца з абавязкамі выдатна. І не памылілася. Больш за тое, задаволена, што замену сабе падрыхтавала надзейную, бо мая былая напарніца вось ужо 24 гады годна ўзначальвае эканамічную службу таварыства.
З удзячнасцю і павагай узгадваю таксама былога дырэктара Сваткаўскай сярэдняй школы Зою Іванаўну Лубешку. Наша гаспадарка заўсёды падтрымлівала цесную сувязь з навучальнай установай, і яе кіраўнік — шчыры, інтэлігентны — часта бываў на нарадзе. Калгас, чым мог, дапамагаў падшэфнай школе, а вучні, у сваю чаргу, разам з настаўнікамі шчыравалі на ўборцы бульбы, актыўна выходзілі на суботнікі. Многія выпускнікі ахвотна заставаліся ў гаспадарцы, паказваючы прыклады стараннай працы на розных участках. Мяне асабіста Зоя Іванаўна часта запрашала ў школу, каб правяла з дзецьмі ўрокі па эканамічнай адукаванасці. І я рабіла гэта з задавальненнем. І цяпер рада кожнаму спатканню з колішнім дырэктарам школы, якога ўсе ў нашай мясцовасці паважаюць.
На сваёй малой радзіме я і асабістае шчасце знайшла. Мой муж, Канстанцін Паўлавіч, мясцовы, у адной вёсцы раслі. Вельмі працавіты, добры і спагадлівы чалавек. Ніколі не сказаў у мой адрас дрэннага слова. Наадварот, заўсёды падтрымліваў, дапамагаў, за што яму вельмі ўдзячна. У кастрычніку мінулага года споўнілася роўна 60 год, як разам крочым па жыцці, дзелячы ўсё пароўну. Між намі павага і ўзаемаразуменне, не згасла і былое каханне. Бог падараваў нам добрых дачок Ганну і Ірыну, зяця Пятра. Радуемся і ўнучкай Крысцінай, якая мае ўжо сваю
сям’ю і разам з мужам Аляксандрам выхоўвае дачушку — нашу праўнучку Алісу. Цешымся з мужам, гледзячы на сваіх родных, радуемся, што яны ў нас дружныя, што ў іх сэрцах жывуць дабрыня і павага да людзей, у тым ліку да нас. Яны не мінаюць бацькоўскі дом, памятаюць пра нас у святы і будні, дапамагаюць.
Калі па шчырасці, то мне шанцуе на добрых людзей: і раней, калі працавала, і зараз, калі знаходжуся на заслужаным адпачынку. Толькі добрае магу сказаць пра работнікаў Сваткаўскай амбулаторыі. І, найперш, пра ўрача агульнай практыкі (загадчыцу) Людмілу Аляксандраўну Новік і медыцынскую сястру Таццяну Міхайлаўну Роўду. Калі скалечыла нагу, давялося звяртацца да іх па медыцынскую дапамогу. Была ўзрушана той дабрынёй, шчырасцю, з якой яны ставіліся і да мяне, і да іншых пацыентаў лячэбнай установы. Нага доўга не гаілася, а таму некаторы час вымушана была правесці і ў сценах Крывіцкай участковай бальніцы. На шчасце, у гэтым гарадскім пасёлку жыве мая дачка, якая і забрала нас з мужам да сябе. Прыйшлася даспадобы чуласць, уважлівасць крывіцкіх медыкаў: урача-тэрапеўта (загадчыка) участковай бальніцы Ігара Міхайлавіча Новіка, урача тэрапеўтычнага аддзялення Віты Канстанцінаўны Івінскай, медыцынскіх сясцёр, санітарак. У гэтыя святочныя дні хачу падзякаваць ім усім за кампетэнтнасць і прафесіяналізм, вернасць клятве Гіпакрата, за залатыя рукі і адкрытыя сэрцы. Шчасця вам, паважаныя медыкі, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага ў працы і ў жыцці.
Не магу не назваць і яшчэ адну неабыкавую жанчыну — сацыяльнага работніка Галіну Іванаўну Малько. Яшчэ і не так шмат, толькі сем месяцаў, яна прыходзіць да нас. Але і гэтага часу хапіла, каб пераканацца ў яе шчырасці і неабыякавасці. Днямі наша памочніца адзначыла сваё прафесійнае свята, а нядаўна і 50-годдзе з дня нараджэння. Таму хачу павіншаваць яе з гэтымі адметнымі датамі. Пажадаць поспехаў і ўдачы.
Карыстаючыся выпадкам, перадаю навагодняе прывітанне сваім родным, сябрам, знаёмым, былым калегам па працы. Я вас усіх памятаю і люблю. Ад душы зычу здароўя, сямейнага шчасця, здзяйснення запаветных мар. Каб вас радавалі дзеці, унукі, а кожны новы дзень дарыў цудоўны настрой і быў лепшым за папярэдні.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Мая малая радзіма — вёсачка Новікі ў Сваткаўскім сельсавеце. Тут нарадзілася, вырасла і жыву дагэтуль. І лепшага, даражэйшага за гэтыя мясціны для мяне нічога...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика