В Ушачах продолжается строительство детской школы искусств. 21.by

В Ушачах продолжается строительство детской школы искусств

15.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апошні раз з брыгадай цесляроў Ушацкай ПМК-66 мы сустракаліся напярэдадні прафесійнага свята якраз на будоўлі дзіцячай школы мастацтваў. Тады яны займаліся ўладкаваннем крокваў даху і работы былі бачны. Зараз будынак ужо пад металачарапіцай, аконныя праёмы закрыты шклопакетамі. Таму з вуліцы можа падацца, што на аб’екце ніхто не працуе. На самой жа справе будучая “музыкалка” напоўнена гукамі інструментаў, пакуль, праўда, будаўнічых.

У чацвер раніцай на першым паверсе спачатку не мог паверыць, што такая колькасць рабочых не замінае адзін аднаму – акрамя дзвюх брыгад нашага ПМК-66 пад кіраўніцтвам Аляксандра Касіча і Сяргея Курбакі тут было задзейнічана і шмат работнікаў Шумілінскага ПМК-70. Ушацкія будаўнікі займаліся абсталяваннем шматлікіх перагародак, а іх калегі з суседняга раёна паралельна манціравалі сістэмы ацяплення, каналізацыі, вентыляцыі, пракладалі электраправодку – наша ПМК-66 гэтыя віды работ не выконвае.

Але аб’ёмаў хапае ўсім, у гэтым упэўніваешся, як толькі трапляеш у вялікае памяшканне. Цесляроў жа брыгады С.Курбакі сустрэў на вуліцы – мужчыны разгружалі дастаўлены з Віцебска гіпсакардон, які ідзе на апрацоўку перагародак і столі, а за работай у памяшканні застаў М.І.Змітрачэнку – сцяна, ля якой завіхаўся ветэран прадпрыемства, была падзелена металапрофілем на роўныя квадраты, якія Мікалай Іванавіч акуратна закладаў мінеральнай ватай.

– Перагародкі, нібы пірог, – знаёміць з тэхналогіяй мужчына. – З абодвух бакоў па два слаі гіпсакардону, а паміж імі – яшчэ два: уцяпляльнік і гукаізаляцыя. Тут будуць кабінеты для заняткаў на розных інструментах, трэба каб навучэнцы адзін аднаму не перашкаджалі. Усё робім па праекце.

Тое, што яно і сапраўды так, бачыў на свае вочы – брыгадзір перыядычна адлучаўся, каб зірнуць на чарцяжы. Зрэшты, мабыць толькі гэтым і выдзяляецца C.Курбака сярод іншых работнікаў брыгады, бо нароўні з Мікалаем Коршунам і Аляксандрам Новікавым перастаўляе лясы і бярэцца за любы інструмент – дрыль або вуглашліфавальную машынку, вядомую практычна любому мужчыне як “балгарка”. Карыстаючыся выпадкам, заадно і высветліў, чаму гэты інструмент так клічуць у народзе – працаўнікі са стажам расказалі, што ў савецкія часы ў нас яго не рабілі, а завозілі з дружалюбнай СССР Балгарыі.

Ёсць на ўзбраенні будаўнікоў і больш сучасныя прыборы. Напрыклад, лазерны ўзровень, які вельмі спрашчае вымярэнні. Пасля іх правядзення члены брыгады разыходзяцца па розных участках. Вось і атрымлівалася, што пакуль у адным памяшканні манціруецца металічны каркас, у другім ён ужо ўцяпляецца, а ў трэцім – зашываецца. Гэтым працэсам займаліся Іван Шараг і Сяргей Гарыслаўка. Першы наразаў лісты гіпсакардону, а другі прыкручваў іх, стоячы на лясах: “Наскокаешся за дзень туды-сюды, трэба ж перастаўляцца”, – кажуць мужчыны.

А ўчора з раніцы брыгада А.В.Касіча чакала праверку. “Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Сяргеевіч Лосеў прыйдзе пракантраляваць якасць закладкі ўцяпляльніка, таму сцяну і не зашываем”, – патлумачыў брыгадзір. Між тым, у чаканні праверкі мужчыны не “курылі”, працавалі на іншым памяшканні, а гіпсакардон быў не такога колеру, як у суседнім. “Тут размесціцца санвузел, таму матэрыял вільгацеўстойлівы” – правёў для мяне кароткі “лікбез” Мікалай Міхаль. Трэба сказаць, што ў новай школе мастацтваў побач з танцавальнай залай і раздзявальнямі будуць нават душавыя.

Размаўляць на аб’екце цяжка – да “музыкі” будоўлі трэба прывыкнуць. Нельга і зяваць – ледзь не трапіў пад сноп іскраў з-пад “балгаркі” Аляксея Чобата, які наразаў метал для абсталявання кабін, а іншыя члены брыгады рабілі з яго каркас. “Хлопцы, пазычце некалькі вугалкоў, пакуль нам падвязуць. Хто тут у вас займаецца армстронгам?” – зазірнуў да ўшацкіх будаўнікоў шумілінскі калега. Прагучаўшае ў будучым храме музыкі прозвішча выдатнага джазавага музыканта на прафесійным слэнгу цесляроў аказалася падвеснай столлю.

У суседнім вялікім памяшканні двое работнікаў Шумілінскага ПМК-70 фарбавалі доўгія металічныя трубкі: “Гэта для сістэмы ацяплення, каб потым гатовыя сцены не павымазваць”, – патлумачылі яны. У месцы іх працы нават далёкі ад будоўлі чалавек па выступаючай сцэне і нахіленай падлозе распазнаў бы будучую канцэртную залу – мару вучняў і выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў, якая хутка павінна збыцца, бо здача аб’екта, па словах будаўнікоў, запланавана ў бягучым годзе.

Дзмітрый Раманоўскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошні раз з брыгадай цесляроў Ушацкай ПМК-66 мы сустракаліся напярэдадні прафесійнага свята якраз на будоўлі дзіцячай школы мастацтваў. Тады яны займаліся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика