Жанчынам да ўсяго ёсць справа!. 21.by

Жанчынам да ўсяго ёсць справа!

16.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Напрыканцы мінулага года адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Удзел у яго рабоце прынялі намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева і старшыня Мінскай абласной арганізацыі названага грамадскага фарміравання Святлана Сарока.
Са справаздачай аб рабоце раённай структуры за перыяд з чэрвеня 2016 па снежань 2018 года выступіла яе старшыня Ганна Падгол. Ганна Мікалаеўна падкрэсліла, што ў склад раённай арганізацыі ўваходзіць 29 пярвічак, якія аб’ядноўваюць 894 чалавек. Жанчыны ўносяць важкі ўклад у развіццё народнагаспадарчага комплексу раёна. З трыццаці перадавікоў, фотаздымкі якіх змешчаны на раённай Дошцы гонару, — шаснаццаць прадстаўніц слабай паловы чалавецтва. Мы ўсе ганарымся нашымі шчырымі і руплівымі працаўніцамі, захавальніцамі сямейнага агменю, матулямі і бабулямі, якім да ўсяго ёсць справа. Жанчыны прымаюць актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях розных узроўняў: займаюцца агітацыйнай работай, якая праводзіцца ў падтрымку кандыдатаў, з’яўляюцца членамі ўчастковых камісій і назіральнікамі на ўчастках для галасавання. У скарбонцы грамадскага аб’яднання многія мерапрыемствы — народныя святы, гулянні, конкурсы мнагадзетных сем’яў і “Уладар сяла”, акцыі, правядзенне Тыдня маці і шмат чаго іншага, што не абыходзяцца без жансавета. Гонарам Мядзельшчыны з’яўляюцца знакамітыя зямлячкі. Гэты спіс распачынае народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, юбілей якой шырока адзначаўся на яе малой радзіме. Праводзіўся творчы вечар і лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэлы Івановай, 70-годдзе з дня нараджэння якой супала з юбілеем калектыву, які яна ўзначальвае — народнага клуба аматарскай песні “Верасень”.
Вялікае значэнне надае грамадскае аб’яднанне захаванню сямейных каштоўнасцей і павышэнню прэстыжу сям’і, асэнсаванаму бацькоўству. З гэтай мэтай пасведчанні мнагадзетнай сям’і ўручаюцца пераважна падчас розных мерапрыемстваў. Толькі ў нашым раёне, пачынаючы з 2013 года, колькасць мнагадзетных сем’яў вырасла з 199 да 293, з іх у 19 выхоўваецца па пяць і больш дзяцей. А высокай дзяржаўнай
узнагародай — ордэнам Маці — адзначаны 44 мнагадзетныя матулі раёна. Зусім нядаўна атрымалі яго Марыя Даражынская і Алена Трубач, якія выхоўваюць дастойных грамадзян нашай краіны.
На старонках раённай газеты “Нарачанская зара” знаходзяць адлюстраванне пытанні выканання Праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Друкуюцца матэрыялы пра рэалізацыю сямейнага заканадаўства, сацыяльнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, мнагадзетных сем’яў. Выходзіць тэматычная старонка “Беражына”. Ёсць і іншыя публікацыі, якія расказваюць пра моцныя і добрыя сем’і, клапатлівых матуль, жанчын-працаўніц, іх мары і захапленні. Вялікая ўвага надаецца і выкананню Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у недобнадзейных сем’ях”. Праўленне раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” цесна супрацоўнічае з іншымі грамадскімі фарміраваннямі — з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа, прафсаюзамі, раённым саветам ветэранаў. Прыжыўся сумесны праект з сацыяльнай службай па арганізацыі акцыі “Вечары без адзіноты” па ўшанаванні доўгажыхароў, па правядзенні іншых дабрачынных мерапрыемстваў. Удзяляецца ўвага добраўпарадкаванню месцаў воінскіх пахаванняў, а таксама горада і іншых населеных пунктаў. Шмат зроблена жанчынамі і падчас падрыхтоўкі да правядзення ў Мядзеле абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”, асабліва па прывядзенні ў належны выгляд дваровых тэрыторый, вуліц.
Дакладчыца пажадала новаму складу праўлення не спыняцца на дасягнутым, а ісці наперад. Бо толькі вырашаючы надзённыя пытанні, жывучы справамі іншых, можна адчуваць сябе патрэбным.
Потым была заслухана справаздача рэвізійнай камісіі. У абмеркаванні абодвух дакладаў прынялі ўдзел старшыня Сваткаўскай пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Чараповіч, старшыня раённага савета ветэранаў Юрый Мяркулаў, а таксама я. Як члену праўлення жансавета са стажам мне было пра што расказаць, чым падзяліцца, у тым ліку аб асвятленні работы фарміравання на старонках раённага перыядычнага выдання. Прамоўцы здавальняюча ацэньвалі дзейнасць Беларускага саюза жанчын, зычылі новаму складу праўлення плённай і выніковай працы.
Была прынята пастанова, накіраваная на актывізацыю дзейнасці жансавета па вырашэнні надзённых праблем, удзеле ў грамадска-палітычным жыцці краіны і рэгіёну. Ішла размова і аб правядзенні работы па ўплаце членскіх узносаў.
Адбыліся і выбары новага складу праўлення раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, у які ўвайшлі 15 чалавек, якія з розных сфер народнай гаспадаркі Мядзельшчыны. Старшынёй праўленны
адзінагалосна абрана намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. У склад рэвізійнай камісіі ўвайшлі тры чалавекі.
Мела слова і старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святлана Сарока. У прыватнасці, Святлана Рыгораўна адзначыла тую вялікую работу, якую праводзіць грамадскае фарміраванне. Таксама яна акцэнтавала ўвагу на задачах, над вырашэннем якіх давядзецца працаваць у бліжэйшай перспектыве. У тым ліку па стварэнні новых пярвічных арганізацый, па збору членскіх узносаў, якія выкарыстоўваюцца выключна на дабрачыннасць, па далейшым узаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадскімі аб’яднаннямі, пра правядзенне акцый і розных іншых мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць развіццю жаночага руху і павышэнню яго прэстыжу ў грамадстве.
Карыстаючыся выпадкам, Святлана Сарока павіншавала Іну Барыеву з абраннем старшынёй раённай арганізацыі і ўручыла букет кветак, шалік і парасон з лагатыпам Беларускага саюза жанчын. Ганаровай граматай абласной арганізацыі была адзначана за актыўную шматгадовую працу па павышэнні прэстыжу сям’і і сямейных каштоўнасцей Ганна Падгол.
Атрымала Ганна Мікалаеўна таксама кветкі і ў якасці падарунка парасон, таксама з лагатыпам Беларускага саюза жанчын. Падзякі раённай арганізацыі за асабісты ўклад у папулярызацыю дзейнасці грамадскага жаночага руху атрымалі ўрач-гінеколаг Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Ганчарэнка, дырэктар Дзягільскага Дома майстра, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля
Карэцкая, а таксама я.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы мінулага года адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Удзел у яго рабоце прынялі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика