Ніна КАЛЫБСКАЯ: “Прафсаюзы на варце чалавека працы”. 21.by

Ніна КАЛЫБСКАЯ: “Прафсаюзы на варце чалавека працы”

16.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па даўняй завядзёнцы ў пачатку года паўсюль падводзяцца леташнія вынікі. Не сталі выключэннем, вядома, і прафесійныя саюзы Жабінкаўшчыны. Пра тое, чым адзначыўся мінулы 2018-ы, наша размова са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Нінай КАЛЫБСКАЙ.
— Ніна Уладзіміраўна, што можна лічыць найважнейшай сярод шматлікіх спраў прафсаюзаў краіны ў мінулым годзе?
— Лічу, што для Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі гэткай надзвычай важнай справай стаў удзел у распрацоўцы законапраекта Працоўнага кодэкса. Паколькі галоўная задача пры стварэнні гэтага дакумента — забяспечыць абарону інтарэсаў людзей у працоўных адносінах. Цешыць, што большасць прапаноў, унесеных прафсаюзамі, улічаны. Так, прафесійныя саюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змене існуючых умоў працы ў колькасці 30 дзён, тады як прадугледжвалася скарачэнне яго да сямі! Падоўжаны перыяд папярэджання дае работніку больш магчымасцяў для пошуку новай працы.
У законапраект уключаны таксама палажэнні, якія забяспечваюць мажлівасць для прафсаюзнай арганізацыі прымаць удзел у абмеркаванні кантракта з работнікам — членам прафсаюза. Калі законапраект стане законам, наймальнік будзе абавязаны паведамляць прафсаюзу аб намеры не працягваць кантракт з працаўніком.
Абмяркоўваецца замацаванне ў Працоў-ным кодэксе нормы аб прадаўжэнні ці перазаключэнні кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальна працяглы тэрмін, альбо перавод іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый.
Усё гэта лішні раз пацвярджае, што прафсаюзы па-ранейшаму выконваюць свой галоўны абавязак — стаяць на варце чалавека працы.
— Яшчэ восенню 2017-га ФПБ падпісала пагадненне пра ўзаемадзеянне з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Раскажыце пра вынікі сумеснай дзейнасці, прынамсі, як супрацоўніцтва з пракуратурай было наладжана ў мінулым годзе на раённым узроўні?
— У Федэрацыі прафсаюзаў і органаў пракуратуры ёсць падобныя задачы, скіраваныя на абарону законных правоў і інтарэсаў грамадзян. Для нас у першую чаргу — у сферы працоўных адносінаў. Аб’яднаныя намаганні ў гэтым накірунку, бясспрэчна, дазваляюць дзейнічаць паспяхова.
Прыярытэтнымі сталі выкананне наймальнікамі гарантый у вобласці працы, выплаты заработнай платы. Добра зарэкамендавалі сябе сумесныя прававыя прыёмы грамадзян, якія ладзяцца штомесяц ва ўсіх без выключэння раёнах краіны. На Жабінкаўшчыне яны праходзяць разам з намеснікам пракурора раёна Аленай Сідарук. Летась на прыёмы завіталі сорак чалавек. Пытанні, узнятыя імі, у асноўным, насілі кансультацыйны характар. Наступны прыём грамадзян павінен адбыцца 24 студзеня ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці.
— Зусім не сакрэт: адзін з асноўных накірункаў прафсаюзнай дзейнасці — ахова працы. Што дзеля гэтага робіцца ў практычным плане?
— Адкажу так: чалавек павінен прыйсці на працу, а пасля здаровым вярнуцца дамоў да сваёй сям’і. У штаце ФПБ больш за сотню тэхнічных інспектараў працы, акрамя таго на прадпрыемствах ёсць грамадскія інспектары, якія ў асноўным удзельнічаюць у штодзённым кантролі за станам аховы працы на вытворчых участках, у днях аховы працы.
Рэгулярна праводзяцца маніторынгі за выкананнем заканадаўства аб ахове працы з боку тэхнічнай інспекцыі нашай Федэрацыі. На Жабінкаўшчыне летась рэйдавая група наведала 14 арганізацый. У выніку было выдадзена 13 рэкамендацый на ліквідаванне 43 парушэнняў. У гэтым годзе маніторынг тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ адбудзецца 24 студзеня. Вынікі яе дзейнасці пазней будуць падведзены і асэнсаваны.
— Ніна Уладзіміраўна, наша размова адбываецца напярэдадні светлых святаў, на якія кожны раз багаты пачатак года. Як прафсаюзы паўдзельнічалі ў сапраўдным дабрачынным марафоне?
— Прафсаюзныя арганізацыі Жабінкаўшчыны ўжо традыцыйна ўдзельнічаюць у навагодніх мерапрыемствах. Ладзіліся ранішнікі для дзяцей работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. Пры дапамозе аддзела па адукацыі райвыканкама і мясцовай ЖКГ маленькія жабінкаўцы наведалі яркі, сапраўды казачны спектакль у Палацы прафсаюзаў горада Брэста. Відовішча было арганізавана абласным аб’яднаннем прафесійных саюзаў. Юных выхаванцаў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната па даўняй добрай традыцыі павіншаваў са святам абкам прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Райкам прафсаюза работнікаў АПК, са свайго боку, аказаў дапамогу раённаму цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Арганізоўваліся і паездкі да Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу. Адным словам, пастараліся, каб ніхто не застаўся па-за ўвагай нашых добрых спраў.
Хочацца скарыстацца магчымасцю і яшчэ раз праз любімую газету выказаць свае пажаданні ўсім сябрам прафсаюзаў Жабінкаўшчыны. Шчасця вам, дарагія, моцнага здароўя ў годзе, які павінен прынесці толькі пазітыўнае ў нашым жыцці!
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па даўняй завядзёнцы ў пачатку года паўсюль падводзяцца леташнія вынікі. Не сталі выключэннем, вядома, і прафесійныя саюзы Жабінкаўшчыны. Пра тое, чым адзначыўся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика