“А Я З РАДЗІМАЙ ПАЯДНАЎ СВОЙ ЛЁС…”. 21.by

“А Я З РАДЗІМАЙ ПАЯДНАЎ СВОЙ ЛЁС…”

16.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Да 60-годдзя Міколы Шабовіча
 Гэтыя  прыгожыя  словы  з  верша  нашага  вядомага  паэта, ураджэнца  Мядзельшчыны  Міколы  Шабовіча  красамоўна  сведчаць  пра тое, што  лёс  кожнага  з  нас  знітаваны  з  лёсам  Айчыны, малой  радзімы.  Першыя  крокі  ў  самастойнае  жыццё  мы  робім, пакідаючы  бацькоўскую  хату  і  ведаючы, што  абавязкова, рана  ці  позна, будзем  вяртацца  сюды, на  родны  парог, дзе  чакаюць  мама  і  тата. І  пакуль  бацькі  жывыя, мы – сапраўды  шчаслівыя, бо  можам  адчуваць  сябе  дзецьмі. У  любым  узросце. А  яшчэ  вялікае  шчасце  для  паэта – адчуваць  сябе  часцінкай  роднага  краю  і  ў сваіх  вершах  услаўляць  яго  непаўторнасць, прыгажосць.

         Мядзельшчына  ганарыцца  сваімі  творцамі, шануе  іх.  Тут  нарадзілася  шмат таленавітых  людзей, вядомых  не  толькі  ў  нашай  краіне, але  і  ва  ўсім  свеце. Гэта  і  народны  паэт  Беларусі  Максім  Танк, і  народная  артыстка  Беларусі Марыя  Захарэвіч, і народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, і  такія  творцы, як  Паўліна  Мядзёлка, Адам  Гурыновіч, Іосіф  Скурко, Аркадзь  Нафрановіч, Мар’ян  Дукса, Генадзь  Шупенька. На  Мядзельшчыне  калісьці  вучыўся  Уладзімір  Дубоўка. Нельга  не  ўспомніць  таксама членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра  Быкава, Паўла  Жукава, Рагнеда  Малахоўскага, якія  жывуць  і  працуюць  у  гэтым  цудоўным  куточку  Міншчыны.

Але  асобна  хочацца  сказаць  пра  аднаго  з  лепшых  сучасных  лірычных  паэтаў, пра  перакладчыка, мовазнаўцу  Міколу  Віктаравіча  Шабовіча, якому  4  студзеня  споўнілася  60  гадоў  і  які  назаўжды  “з  радзімай  паяднаў  свой  лёс”.  Пра  свайго  настаўніка  і  сябра  пісаць  заўсёды  вельмі  няпроста.  З  аднаго  боку, здаецца, што  можаш  расказаць  пра  яго  нават  больш, чым  тыя, хто  ведае  нашага  юбіляра  шмат  гадоў. А  з  другога  боку, так  не  хочацца  шаблоннасці  і “манументалізму”, збітых  занудных  фраз…  Таму  спачатку  дазвольце  трохі “афіцыёзу” – некалькі  старонак  біяграфіі.

Мікола Віктаравіч Шабовіч нарадзіўся 4 студзеня 1959 г. у  вёсцы  Бадзені  Мядзельскага  раёна  Мінскай  вобласці. Вучыўся  спачатку  ў  вясковых Бадзенеўскай (1–2 класы) і Дзягільскай (3–8 класы) школах, а  потым  у  СШ № 1 г. Мядзела, якую  скончыў  у  1976 г. У  1977 – 1981 гг. быў  студэнтам  філалагічнага  факультэта (беларускае аддзяленне) Мінскага дзяржаўнага  педінстытута  імя  М.Горкага. З 1981-га па 1986 г. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Шыпкоўскай 8-гадовай  школе Вілейскага  раёна. Хаця, наколькі  ведаю, Міколу Віктаравічу, акрамя асноўнага вучэбнага  прадмета, давялося  выкладаць  яшчэ  і  фізіку, і  хімію,  і  нават  спевы…  З 1989 г. пасля  заканчэння  аспірантуры (у 2004 г. абараніў кандыдацкую  дысертацыю і атрымаў навуковую  ступень  кандыдата  філалагічных  навук, а праз 4 гады – вучонае званне дацэнта) М.В.Шабовіч выкладае беларускую мову ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце  імя  М.Танка. Яшчэ  адзін  цікавы  факт: дзесяць  гадоў  (1992 – 2002) па  сумяшчальніцтве  быў  загадчыкам  літаратурна-драматычнай  часткі  Мінскага  абласнога  драмтэатра ў Маладзечне.  М.В.Шабовіч – аўтар  больш за 50 навуковых  артыкулаў, а  таксама  манаграфіі, дзе  даследуе  аказіянальныя  словы  ў  беларускіх  мастацкіх  тэкстах  20-х гадоў  мінулага  стагоддзя. Мікола  Шабовіч  з’яўляецца  аўтарам  7 паэтычных  зборнікаў, у тым ліку 2 гумарыстычных. Акрамя таго, ён актыўна працуе як  перакладчык. Дзякуючы  яму другое жыццё атрымалі вершы А.Блока, С.Ясеніна, К.Бальмонта, М.Рубцова, І.Грыгор’ева, В.Паліканінай, А.Аўруціна, Ю.Фатнева, Т.Лейкі  і  інш. М.В.Шабовіч – лаўрэат  Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”; ён узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі, памятным медалём “Паэт і воін Ігар Грыгор’еў” і нагрудным знакам “За ўклад у развіццё БДПУ”. Далёка не ўсе ведаюць, што Мікола Віктаравіч – аўтар  слоў  гімна БДПУ імя М.Танка…

І  гэта  яшчэ  далёка  не  ўсё.  Прабачце  за  таўталогію, таленавіты  чалавек  таленавіты  ва  ўсім. А  для  выкладчыка ўніверсітэта, педагога, настаўніка  сапраўдным  “знакам  якасці” з’яўляюцца  любоў  і  павага  вучняў. Мяркую, шмат  маіх  калег, сяброў, былых  і  сённяшніх  студэнтаў  філфака  БДПУ імя  М.Танка  пагодзіцца  са  мной: Міколу  Віктаравіча  Шабовіча  яго  вучні  вельмі   любяць  і  нават  праз  шмат  гадоў  з  павагай  і  душэўнай  цеплынёй  успамінаюць  свайго  настаўніка. Вось  некалькі  цікавых  фактаў, сведкам  якіх  быў  ваш  пакорны  слуга. Разам  з  М.В.Шабовічам  мы  шмат  разоў  выступалі  ў  студгарадку. І  кожны  раз,  наведваючы  студэнцкі  інтэрнат, Мікола  Віктаравіч, як  куратар  некалькіх  груп, абыходзіў (не  для  галачкі!) пакоі, дзе  жывуць  яго  студэнты, і  пытаўся – у  кожнага – пра  ўмовы  пражывання, пра  цяжкасці-праблемы. Юнакі  і  дзяўчаты  актыўна  ўключаліся  ў  размову  і  дзяліліся  набалелым. Асабліва  падабалася  яму, калі хтосьці  з  яго  вучняў  прызнаваўся,  што  піша  вершы  ці  прозу, добра  спявае  ці  танцуе. М.В.Шабовіч  заўсёды  імкнецца  заўважыць  у  сваіх  студэнтах  іскрынку  таленту  і  падтрымаць  маладога  чалавека  ці  дзяўчыну, дапамагчы  распасцерці  ім  творчыя  крылы. І  гэта – душэўны  парыў, імкненне  паклапаціцца  аб  вучнях  як  аб  сваіх  дзецях. А  студэнты, у сваю чаргу, разумеюць  настаўніка, адгукаюцца  душой. Нездарма  вось  ужо  каля  40 гадоў Мікола  Шабовіч  з’яўляецца  кіраўніком  літаратурнага  аб’яднання “Крокі”, адкуль, як  бусляняты  з  гнязда, у  самастойны  творчы  палёт  калісьці  адправіліся  такія  паэты  і  навукоўцы, як  Мікола  Мікуліч, Мікола  Ждановіч, Сяргей  Карчыцкі, Ганна  Міклашэвіч, Таццяна  Сівец, Вераніка  Мандзік, Ксенія  Шаржановіч, Ірына  Чарняўская  і  інш.

Успамінаю, як  падчас  цырымоніі  ўручэння  нам, завочнікам-філфакаўцам  БДПУ імя  М.Танка, дыпломаў  пачалі  выступаць  нашы  выкладчыкі. Тады  ніхто  з  нас  нават  не  здагадваўся, якой  будзе  рэакцыя  ўсіх  прысутных  (а  сабралася  паўнюткая зала), калі  вядучыя  назавуць  імя  Міколы  Віктаравіча  Шабовіча. Той  выйшаў  на  сцэну  і, усхваляваны, звярнуўся  да  аўдыторыі  з  наступнымі  словамі:

– Дзеці  мае…

У  нашых  дзяўчат (і  нават  некаторых  выкладчыкаў-жанчын) з  вачэй  пацяклі  слёзы. І  ніхто  з  дзяўчат  не  стрымліваў  гэтых  слёз. Цырымонія  на  нейкі  час  спынілася…   Не  помню, наколькі  доўгай  была  тая  паўза. Але  потым  усе  з  замілаваннем  і  душэўным  трапятаннем  успаміналі  гэты  момант…

“Усё  ў  жыцці  невыпадкова…” – напісаў  калісьці  Мікола  Шабовіч. Ён  і  сам  ва  ўсіх  інтэрв’ю, аўтабіяграфіі  з  цеплынёй  успамінае  сваіх  настаўнікаў – як  школьных, так і інстытуцкіх. Сярод іх – такія слынныя  мовазнаўцы, як  Ф.М.Янкоўскі, М.С.Яўневіч, С.А.Лепешава, Л.П.Падгайскі. Нездарма  ўсім  педагогам (і  ў  першую  чаргу  сваім  настаўнікам) Мікола  Віктаравіч  прысвяціў цыкл вершаў, які называецца “Твая  прафесія – настаўнік”. Для  любога  вучня Настаўнік – гэта  другі  бацька  і  маці, лепшы  сябар, анёл-ахоўнік, мудры  дарадца. І я вельмі  ганаруся  тым, што  магу  называць  сябе  вучнем  Міколы  Віктаравіча  Шабовіча. Мяркую, шмат  хто  з  маіх  калег, сяброў, былых  студэнтаў  філфака  БДПУ імя  М.Танка, з  гонарам  паўтораць  мае  словы. Сапраўдны  прафесіянал, таленавіты  і  разам  з  тым  вельмі  добразычлівы чалавек, Мікола  Віктаравіч  заўсёды  імкнуўся  падтрымаць  нас, сваіх  “птушанят”. Прычым  любога  ўзросту: і  ўчарашніх  выпускнікоў  сярэдняй  школы, і  (такіх, як  ваш  пакорны  слуга) настаўнікаў  са  стажам. Ніхто  ніколі  не  бачыў, каб  Мікола Шабовіч  адмовіў  у  просьбе  маладых  творцаў  дапамагчы ім зрабіць  першыя  крокі  ў  паэзіі. Наадварот, Мікола  Віктаравіч  сам  імкнуўся  падказаць, у  якім кірунку  рухацца, дапамагаў  апублікаваць  першыя  вершы  і  нават  быў  рэдактарам  іх  кніг. Некаторыя  з  гэтых  выхаванцаў (у  тым  ліку  ваш  пакорны  слуга) сталі  членамі  Саюза  пісьменнікаў  Беларусі. А  мне  яшчэ  пашчасціла  пад  кіраўніцтвам  М.В.Шабовіча  абараніць  магістарскую  дысертацыю.

У  Міколы  Шабовіча  шырокі  тэматычны  дыяпазон. Гэта  і  філасофская  лірыка, і  нават  гумар (эпіграмы, пародыі, прысвячэнні). Але  большасць  вершаў  гэтага  паэта  прысвечана  Яе  Вялікасці  Жанчыне.

 

Як  на  цябе,  я, мабыць, не  глядзеў

Шчэ  ні  на  кога – толькі  на  ікону…

 

Для  Міколы  Віктаравіча  Жанчына – гэта  багіня, каралева, сімвал  прыгажосці, а  прыгажосць, як  вядома, выратуе  цэлы  свет.

 

Я  веру, што  ты  шчаслівая,

Сваю саграваеш Меку,

Як сонейка  зіхатлівае,

Якому свяціць давеку…

 

Вальтэр  калісьці сказаў: “Паэзія – гэта музыка душы”. І ў вершах паэта-лірыка Міколы Шабовіча заўжды гучыць музыка. Затоена-пяшчотная, яна пранікае ў сэрца кожнага  чытача  і  застаецца  там  назаўсёды. Нездарма на вершы Міколы Віктаравіча напісана каля 200 песень. Творы паэта атрымалі другое жыццё  дзякуючы такім кампазітарам, як У.Буднік, В.Іваноў, А.Залётнеў, А.Елісеенкаў, У.Сарокін, А.Атрашкевіч, М.Яцкоў і інш.

Ды  і  ў  самога Міколы Шабовіча  нярэдка нараджаюцца прыгожыя мелодыі. Аказваецца, не ведаючы нот, паэт можа быць і аўтарам музыкі. Вось яшчэ адна цікавая гісторыя – пацвярджэнне  вышэйсказанаму. У  той  летні  дзень  у  БДПУ імя М.Танка праводзілася дзяржаўнае тэсціраванне. Мы з Міколам Віктаравічам чакалі, калі адчыняць дзверы ў галоўны корпус. Разам  з  намі  на  доўгай лаўцы сядзела  некалькі  выкладчыкаў  і  студэнтаў  нашага  педуніверсітэта. Раптам  Мікола  Шабовіч  гаворыць:

– Ведаеш, Дзіма, я прыдумаў адну цікавую мелодыю на  верш  Анатоля  Аўруціна.

Ён дастаў зборнік вершаў гэтага  паэта  і, знайшоўшы патрэбны, пачаў ціха спяваць. Усе, хто сядзеў ці стаяў побач, спынілі гаворку і, услухоўваючыся, чакалі, што будзе далей. Мелодыя, і сапраўды, была вельмі прыгожая. Я  папрасіў  Міколу Віктаравіча  паўтарыць  яе. Сам  жа  дастаў з партфеля чысты ліст  паперы, без  аніякай  лінейкі  зрабіў  яго “нотным”.  Такім чынам, Мікола  Шабовіч  спяваў, а я  адначасова  запісваў мелодыю нотамі. Усе навокал  дзівіліся: на  іх  вачах  нараджалася  песня…  Неўзабаве  нас  пусцілі  ў  галоўны  корпус. На  пятым  паверсе  стаяла  старое  піяніна. Я  сеў  за  яго і, паставіўшы  перад  сабой  ноты, выканаў “нованароджаны” раманс  на  верш  Анатоля Аўруціна “Свет  вечерний”. Так  здарылася, што  менавіта  гэты  раманс  літаральна  праз некалькі  дзён  пасля  таго  выпадку стаў  сапраўднай “разыначкай” юбілейнага  вечара  Анатоля  Юр’евіча.

Дзе  мы  толькі  не  выступалі  разам  з  Міколам  Віктаравічам!  У маім  родным Заслаўі, Маладзечне, Віцебску, Брэсце, Баранавічах, Полацку, Мядзеле, Барысаве  і  іншых  гарадах. Нават  на  свяце  гумару ў  Аўцюках. Помню, як тады  проста  на  вуліцы  ў  вёсцы  Малыя Аўцюкі  нас  з  Міколам  Шабовічам  акружылі  вяскоўцы, калі  даведаліся,  што  мы – ганаровыя  госці  з  Мінска. А  паколькі  мы  былі “ўзброеныя” музычнымі  пародыямі, то  вырашылі  даць  для  мясцовых  жыхароў  і  гасцей  фестывалю  імправізаваны  канцэрт.  Для  мяне  вяскоўцы  знайшлі  гітару – і  мы  пачалі… Гледачы  доўга  не  адпускалі  нас. І  толькі  тады, калі  мы  зразумелі, што  не  паспеем  у  гасцініцу, былі  вымушаны  развітацца  з  аўцюкоўцамі…  А  на  наступны  дзень, ужо  ў  Калінкавічах, таксама  здарыўся  цікавы  выпадак. Ратуючыся  ад  праліўнога  дажджу, пад  вялікім  казырком  мясцовага  ўнівермага сабраліся  журналісты, прадстаўнікі  рэдакцый  некалькіх беларускіх  газет, цэлы  фальклорны  калектыў (разам  з  інструментамі)  і  мы  з  Міколам  Віктаравічам. Быў  позні  вечар. Дождж  не  сціхаў. Усе  засумавалі. Мы  з  маім  настаўнікам  і  сябрам  паглядзелі  адзін  на  аднаго, я  расчахліў  гітару. І  Мікола  Віктаравіч  аб’явіў:

– А  зараз  мы  пачынаем  наш  канцэрт…

Я  настроіў  гітару, і  мы  пачалі.  Потым  да  нас  далучыліся  спевакі  і  музыканты,  а  таксама  журналісты. Над  галоўнай  плошчай  Калінкавічаў  больш  за  гадзіну, пакуль  ішоў  дождж, луналі  беларускія  народныя  і  нашы  аўтарскія  песні. Прычым  “вялікі  хор”  гучаў  настолькі  прыгожа, што  да  нас  з  парасонамі  ў  руках  падыходзілі  людзі  паслухаць, а  заадно  і  пацікавіцца, што  гэта  за  канцэрт  і  чаму  пра  яго  нідзе  не  аб’яўлялі. Так  здарылася,  што  тады  гэтым  вялікім  хорам  кіраваў  Мікола  Шабовіч.  Ён  быў  і  вядучым  таго  імправізаванага  канцэрта…

А  сёлета  ўсім  беларусам (і  нам  з  Міколам  Віктаравічам  у  прыватнасці)  наша  тэлебачанне  падрыхтавала  цудоўны  сюрпрыз. На  двух дзяржаўых каналах некалькі месяцаў дэманстраваўся  відэаролік  пра  мой  родны  горад  Заслаўе, а  на  гэтым  фоне  з’яўляліся  радкі  з  верша  Міколы  Шабовіча “Прапіска”:

 

Я  да  цябе  прапісаны, мой  край,

Рачулкаю, што  ў  полі  запятляла,

Сцяжынкай, што  з  бацькоўскага  двара

Мяне  ў  жыццё  і  ў  людзі  выпраўляла.

 

Я  да  цябе  прапісаны, мой  край,

Матулі  наймілейшымі  вачыма,

Якіх, хоць  цэлы  свет  ты  абшукай,

Мілей  знайсці  ніколі  немагчыма.

 

У цудоўных  вершах паэт  Мікола  Шабовіч  уславіў  родныя  Бадзені, Мядзельшчыну, Нарачанскі  край – малую  радзіму, з  якой  паяднаў свой  лёс – лёс  сапраўднага  творцы, якім  Айчына  можа  па  праве  ганарыцца.

Амаль  тры  дзясяткі  гадоў  доўжыцца  наша  сяброўства  з  Міколам  Віктаравічам  Шабовічам – добрым, шчырым, цудоўным  чалавекам. З  юбілеем  цябе, мой  сябар  і  Настаўнік!  Жадаю  табе  моцнага  здароўя, шчасця, зямных  радасцей, аптымізму, жыццёвага  і  творчага  даўгалецця!

     Дзмітрый  Пятровіч

ПРАПІСКА
Я да цябе прапісаны, мой край,
Рачулкаю, што ў полі запятляла,
Сцяжынкай, што з бацькоўскага двара
Мяне ў жыццё і ў людзі выпраўляла.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Зіхоткімі пупышкамі на вербах,
Лясамі, што трымаюць на руках
Высокае бязвоблачнае неба.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Сузор’ямі і месяцам над хатай,
Жытамі, што калышуць небакрай
І абяцаюць ураджай багаты.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Матулі наймілейшымі вачыма,
Якіх, хоць цэлы свет ты абшукай,
Мілей знайсці ніколі немагчыма.
***
Бацькоўская зямля! Я сын тваiх абшараў.
Табе мой цiхi верш, сыноўнi мой паклон.
Я тут прыйшоў на свет, я тут кахаў i марыў.
Бацькоўская зямля, ты сноў маiх палон.
Тут мой нясмелы крок і першае прызнанне,
Тут лёгка мне заўжды пад мамiным крылом.
Спяшаюся сюды на шчырае спатканне
I ў раннi лiстабой, і ў познi крыгалом.
Тут кожнаю вясной – буслоў шчаслiвы клёкат,
На ўсе свае лады заводзяць спеў шпакi.
Бацькоўская зямля, твой чую клiч далёкi
I ў марах да цябе iмчуся напрасткi…
Прымi мой цiхi верш, сыноўняе вiтанне,
Мой Нарачанскi край – калыска дабрынi.
Хай мiрна над табой ружовiцца свiтанне,
Пяшчотай і цяплом твае хай промняць днi!
РОДНАЙ ВЁСЦЫ БАДЗЕНІ
Толькі ты мне і сілу, і веру даеш,
Родны край – маіх дум, маіх сноў прыцяжэнне.
Тут мой верш самы першы імкнуўся ў бязмеж,
Тут знаходзіла сэрца ад бед суцяшэнне.
Тут спазнаў я крыніц люстраводную плынь,
Слухаў клёкат буслоў, спеўны свіст салаўіны.
І калі ахінае марозная стынь,
Саграваюць мяне дарагія ўспаміны.
Хто б я быў без цябе, мой бадзенеўскі кут,
Дзе б знайшоў для душы выратоўныя лекі?
Дзякуй Богу, што я нарадзіўся вось тут
І што гэтай зямлі я адданы навекі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 60-годдзя Міколы Шабовіча  Гэтыя  прыгожыя  словы  з  верша  нашага  вядомага  паэта, ураджэнца  Мядзельшчыны  Міколы  Шабовіча  красамоўна  сведчаць  пра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика