Районный этап «Снежного снайпера» прошёл в Великих Дольцах. 21.by

Районный этап «Снежного снайпера» прошёл в Великих Дольцах

18.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У гэту суботу Уладзіміру Мікалаевічу Лапіцкаму спаць амаль не давялося: неспадзяваны снегапад прыцерушыў трасу на стадыёне Вялікадолецкай школы, загадзя падрыхтаваную да раённага этапу “Снежнага снайпера”, і каб прывесці яе ў парадак, настаўнік фізкультуры ўстаў у тры гадзіны ночы. Калі ж раніцай у аграгарадку высадзіўся спартыўны дэсант з усіх школ раёна, лыжня была ў выдатным стане. Такім жа быў і настрой удзельнікаў біятлоннага свята, на якое, прынамсі, сабралася і нямала балельшчыкаў – гэты від спорту ў Вялікіх Дольцах у асаблівай пашане.

Спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба за час свайго існавання сталі вельмі масавым праектам і заваявалі папулярнасць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Нам жа прыемна, што ў іх гучна заявілі пра сябе юныя ўшачане: нагадаем, што летась выхаванцы У.Лапіцкага прадстаўлялі вобласць у рэспубліканскім фінале, а Рома Лабецкі стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтваў. Безумоўным фаварытам у малодшай групе (11-12 гадоў) ён лічыўся і на сёлетнім раённым этапе. Хлопчык проста ляцеў па дыстанцыі, упэўненым быў і на стрэльбішчы – як вынік, першае месца. Вельмі радавалася поспеху сына яго мама Раіса Васільеўна, якая ў мінулым сама займалася лёгкай атлетыкай. А школьны повар Раіса Віктараўна Вусько нават на некаторы час адклала клопаты па прыгатаванні абеда для спартсменаў, каб падтрымаць на трасе “сваіх хлопчыкаў” Валеру і Ілью Падворных (сям’я жанчыны стала для братоў апякунскай). І юныя біятланісты не падвялі сваю галоўную балельшчыцу. Абодва змагаліся ў індывідуальным заліку і сталі другімі ў сваіх забегах. Трэба сказаць, што гаспадары трасы выставілі па два ўдзельнікі ў кожную гонку, аднак у камандны вынік ішло толькі адно выступленне. Такім чынам, на п’едэстале ў малодшай групе побач з Р.Лабецкім апынуліся Стас Гатаўка з Арэхаўскай і Косця Лабёнак з Ільюшынскай СШ. Сярод 13-14-гадовых спартсменаў не было роўных Уладу Асяпёнку з мясцовай школы, другі і трэці вынік адпаведна ў арэхаўскага біятланіста Данілы Пранніка і ільюшынца Сашы Мажугі.

У забегу хлопцаў 15-16 гадоў першае месца ў вялікадальчаніна Ігара Лабецкага, другое – у Яўгена Маркевіча з Ільюшынскай, трэцім стаў Фёдар Рубіс з Глыбачанскай школы. Першы ў асабістым заліку – Сяргей Зянюк з Вялікадолецкай СШ.

Што датычыцца выступлення дзяўчат, то і тут мясцовыя біятланісткі занялі першыя месцы ва ўсіх гонках. Перад стартам малодшай групы Жэня Сямяхіна, якая таксама выступала ў асабістым заліку, хвалявалася, напэўна, больш за ўсіх – да біятлонных трэніровак пад кіраўніцтвам У.Лапіцкага былая вучаніца Касарской школы далучылася не так даўно і практыка спаборніцтваў у яе невялікая. Аднак трэнера дзяўчынка не падвяла і стала самай хуткай. Першае ж месца ў асноўным пратаколе засталося за Маргарытай Стрыжонак, на прызавых радках апынуліся Алёна Магерка з Ільюшына і Мілана Барадулька з Глыбачан.

У сярэдняй групе ярка выглядала на трасе Таня Кандыба: спрыялі гэтаму і прыгожая лыжная хада, і спартыўны касцюм з лагатыпам “Снежнага снайпера” – памяць пра мінулагодні фінал. “Канечне, вельмі хочацца зноў трапіць у Раубічы, – прызналася дзяўчына ў размове перад стартам. – Летась я выступала ў складзе эстафеты Віцебскай вобласці і хоць здолела на сваім этапе перагнаць некалькіх саперніц, да гэтага партнёры прывезлі даволі вялікае адставанне, таму заехаць у прызы не ўдалося. Вось бы атрымаць яшчэ адзін шанс!” На шляху да гэтага Таня ўжо зрабіла важны крок, выйграўшы раённы этап. Другой стала Юля Пліско з Ільюшынскай школы, трэцяй – Насця Макрыдзіна з Ушацкай.

Лепшы вынік у старэйшай групе паказала Віка Мішына, срэбра ў Дашы Мацвеенка з Ушацкай школы, бронза – у Вікі Марковіч з Ільюшынскай. На рахунку вялікадальчанак Светы Дарашкевіч і Дашы Арцюх адпаведна другое і трэцяе месцы ў асабістым заліку.

У камандным першынстве безагаворачную перамогу святкавалі гаспадары трасы. Следам за імі на радасць сваім настаўнікам В.І.Акулёнку і У.М.Магіліну ў пратаколе размясціліся ільюшынскія і арэхаўскія біятланісты. Вельмі стараліся і ўдзельнікі каманд з Ушацкай і Глыбачанскай школ. “На жаль, пакуль мы не можам скласці дастойную канкурэнцыю найперш у лыжным складніку, аднак будзем старацца падцягнуцца, асвойваць тэхніку каньковай хады, набыць адпаведны інвентар для малодшых вучняў”, – падвёў вынік выступлення настаўнік Глыбачанскай СШ Арцём Церашкавец.

Ну а ўражанні Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага ад спаборніцтваў былі, канечне, куды больш узнёслымі: па іх выніках 11 прадстаўнікоў Вялікіх Долец будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе, дапоўніць каманду адзін вучань Арэхаўскай школы. Сачыць за выступленнем юных ушачан на віцебскіх трасах нам давядзецца ўжо зусім хутка: спаборніцтвы пройдуць з 21 па 26 студзеня.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэту суботу Уладзіміру Мікалаевічу Лапіцкаму спаць амаль не давялося: неспадзяваны снегапад прыцерушыў трасу на стадыёне Вялікадолецкай школы, загадзя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика