19 студзеня супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАНС адзначаюць сваё прафесійнае свята. 21.by

19 студзеня супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАНС адзначаюць сваё прафесійнае свята

18.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Начальнік каравула ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Аляксей Казлоўскі

Начальнік каравула ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Аляксей Казлоўскі

Гэта дэвіз выратавальнікаў Беларусі. Менавіта такімі якасцямі і павінен валодаць чалавек, які аднойчы і назаўсёды абраў для сябе дадзеную прафесію. Дэвіз лаканічны, але мае ў сабе глыбінны сэнс, пабудаваны на падмурку дапамогі, падтрымкі і выратавання жыцця чалавека. З ім выратавальнікі-пажарныя крочаць вось ужо на працягу дваццаці год. 19 студзеня 1999 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім на МНС былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага ўпраўлення ў сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэння пажарнай бяспекі і былі вызначаны яго асноўныя задачы. З 2000 года ў краіне афіцыйна адзначаецца прафесійнае свята — Дзень выратавальніка.

Чалавецтва за перыяд свайго існавання заўсёды супрацьстаяла шматлікім стыхійным бедствам, катастрофам як прыроднага, так і тэхнагеннага характару. Сродкі гэтай барацьбы змяняюцца пастаянна. Не дзіўна, што, азіраючыся на 20 год назад, можна ўбачыць значную розніцу.

— Ва ўсіх накірунках наша Міністэрства зрабіла вялікі прарыў, — кажа намеснік начальніка па ідэалогіі і кадравым забеспячэнні Шаркаўшчынскага РАНС Валерый Міхайлавіч Ліпскі, — пачынаючы з падрыхтоўкі асабовага складу, удасканальвання тэхнікі і ўзбраення, а таксама ў прафілактычнай рабоце з насельніцтвам. Накірунак у працы ў нас такі, што мы знаходзімся ў пастаянным дыялогу з грамадзянамі. Цяпер нам не трэба на пальцах паказваць і маляваць на паперы, каб растлумачыць людзям. Распрацавана многа нагляднай агітацыі, фото- і відэафільмаў. Калі дваццаць год назад непасрэдна ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці гарадскога пасёлка на нашым узбраенні былі толькі дзве аўтацыстэрны на базе аўтамашын ЗІЛ-130 і ЗІЛ-131 умяшчальнасцю па 2,5 тонны вады, то цяпер у наяўнасці сучасныя аўтамабілі МАЗ умяшчальнасцю 10 тон. Для ліквідацыі стыхійных бедстваў рознага характару, выратавання чалавечых жыццяў мы маем сучаснае спецыяльнае абсталяванне. Змяніліся ў лепшы бок і ўмовы, у якіх нясуць кругласутачную службу нашы супрацоўнікі. Дзякуючы начальніку РАНС Андрэю Мечыслававічу Федуковічу ў 1999 годзе пачалося будаўніцтва ўласнымі сіламі дадатковых боксаў для аўтамашын, адміністрацыйных кабінетаў. Сёння для супрацоўнікаў РАНС створаны належныя ўмовы для нясення імі службы. Маюцца кухня для прыгатавання і прыёму страў, санітарны вузел, гарачае водазабеспячэнне, пакоі для адпачынку і многае іншае.

З кожным годам на змену старэйшым супрацоўнікам прыходзіць моладзь пасля службы ў войску, навучання ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны. Адным з такіх з’яўляецца начальнік каравула ПАВЧ № 1 гарпасёлка Аляксей Казлоўскі.

— Службу ў органах і падраздзяленнях МНС я выбраў свядома, — кажа нам малады спецыяліст. — Яшчэ ў дзяцінстве марыў пра прафесію сапраўднага мужчыны і ўпэўнена крочыў да сваёй мэты. Пасля сярэдняй школы паступіў ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны, паспяхова закончыў яго і вярнуўся на сваю малую радзіму ў Шаркаўшчыну. Служба, безумоўна, мне вельмі падабаецца. Спраўляцца з цяжкасцямі, вырашаць шматлікія пытанні дапамагаюць кіраўніцтва аддзела і больш вопытныя калегі.

Значную частку свайго жыцця службе ў органах па надзвычайных сітуацыях прысвяціў Віктар Іосіфавіч Гуляшка. Мужчына тэрміновую вайсковую службу праходзіў у якасці пажарнага-дэсантніка. Гэта акалічнасць паспрыяла таму, што ў 1988 годзе Віктар Іосіфавіч паступіў у Іванаўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча былой РСФСР. З той пары ён і звязаў свой лёс з ліквідацыяй пажараў, іншых стыхійных бедстваў.

былы супрацоўнік Шаркаўшчынскага РАНС, ветэран службы Віктар Іосіфавіч Гуляшка

былы супрацоўнік Шаркаўшчынскага РАНС, ветэран службы Віктар Іосіфавіч Гуляшка

— З 1990 па 1993 гады працаваў у пажарнай службе Комі АССР, — успамінае суразмоўца. — Затым вярнуўся на Віцебшчыну і працаўладкаваўся ў пажарную часць г. п. Шаркаўшчына, дзе і адслужыў да выхаду ў адстаўку ў 2013 годзе. Памятаю, як у 1990-х гадах на ліквідацыю пажараў мы выязджалі, маючы на ўзбраенні самыя элементарныя дапаможныя сродкі: лапаты, тапары, багры, ламы. Цяпер жа выратавальнікі-пажарныя маюць гідраўлічныя нажніцы, кіслародна-ізалюючыя апараты, падоўжаныя рукавы і лесвіцы, шмат іншага абсталявання, дзякуючы якому можна выратаваць чалавечае жыццё падчас пажару, у аўтакатастрофе, пры іншых стыхійных бедствах.

— У дзень прафесійнага свята хочацца выказаць словы вялікай удзячнасці за сумленнае нясенне службы шаркаўшчынскім выратавальнікам-пажарным, — прадаўжае Валерый Міхайлавіч Ліпскі. — Тым, хто днём і ноччу, у летнюю спёку і марознае зімовае надвор’е спяшаецца на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду і чакаюць нашай дапамогі. Сёння свой прафесіяналізм перадаюць маладому пакаленню шэраг нашых вопытных калег, сярод якіх начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аг. Лужкі Іван Станіслававіч Байкоўскі і вадзіцель ПАВЧ № 1 райцэнтра Валерый Часлававіч Шчабол. Маладыя супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праяўляюць сябе са станоўчага боку не толькі як выратавальнікі, але і як актыўныя ўдзельнікі культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Кожны з іх займае актыўную грамадскую пазіцыю, на якой, безумоўна, грунтуецца бездакорнае выкананне службовых абавязкаў.

Віншую ветэранаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях і сённяшніх супрацоўнікаў з прафесійным святам. Зычу здароўя, асабістага шчасця, поспехаў у жыцці і, як прынята казаць у нашай прафесіі, “сухіх рукавоў”!

Сяргей РАЙЧОНАК.

 

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика