За любімай работай не лічацца гады…. 21.by

За любімай работай не лічацца гады…

22.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Працоўны дзень Міхаіла Падаляка — ветэрынарнага ўрача МТК “Валосавічы” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” — пачынаецца на досвітку. А сёмай гадзіне яму патрэбна быць ужо на рабочым месцы. Усе думкі і хваляванні па дарозе на комплекс — аб падапечных. А іх — рагуль, цялятак — не многа-не мала — каля 1400… Кожная жывёліна патрабуе асаблівай увагі. Ніводная кароўка ці цяля не скажа, што яе непакоіць ці дзе баліць — гэта павінен вызначыць, усё зразумець і пры неабходнасці дапамагчы спецыяліст. Сапраўдны спецыяліст… І вось такімі клопатамі з 70 сваіх год Міхаіл Уладзіміравіч апанаваны паўстагоддзя. З іх 10 гадоў — знаходзячыся на заслужаным адпачынку. Але не заўважае юбіляр круглай даты, якую нядаўна адзначыў. І калі б не шчырыя віншаванні калег і родных, то, магчыма, для самога сябе і дзень нараджэння быў бы самым звычайным, як заўсёды, напоўненым штодзённымі клопатамі. Бо за любімай работай не лічацца гады, і думаць пра іх некалі…

У сям’і Падалякоў з Казуліч Міша быў самым старэйшым з траіх дзяцей. Усе — хлопцы, а гэта добрая дапамога бацькам-калгаснікам. Змалку дзятва прывучалася да сялянскай справы. Міша — не выключэнне. Менавіта ў дзяцінстве хлопчыка і зацікавіла жывёла: падабалася даглядаць яе, клапаціцца аб ёй. Нярэдка школьнікам улетку выпадала падпасваць цялят, свіней — у Казулічах у свой час была свінаферма. Але асаблівая любоў у Міхаіла была да коней. Бацька працаваў калгасным конюхам, і, зразумела, хлопец быў яго галоўным памочнікам.

Дзевяць школьных класаў праляцелі хутка, і з выбарам будучай прафесіі Міхаіл ужо да таго часу сумненняў не меў. У Клімавіцкі зааветтэхнікум на ветэрынарнае аддзяленне ра-
зам з ім паступіла шмат яго сяброў-аднагодкаў. Вучыцца вельмі падабалася, навука спасцігалася лёгка, з цікавасцю. Кожны дзень быў напоўнены новымі ведамі, эксперыментамі. Як успамінае Міхаіл Уладзіміравіч, у тэхнікуме былі выдатныя, граматныя выкладчыкі, вельмі трывалая матэрыяльная база. Была нават свая ветэрынарная клініка, дзе аперыравалі жывёлу, вывучалі, лячылі. Галоўны свой тэарэтычны падмурак Міхаіл атрымаў менавіта тут.

Пасля заканчэння тэхнікума і непрацяглай працы па месцы размеркавання ў адной з гаспадарак Бабруйскага раёна Міхаіла чакала вайсковая служба. А пасля — першая сапраўдная грунтоўная работа і шліфаванне практычных навыкаў. Пачалося гэта на роднай Кіраўшчыне, з якой Міхаіл Падаляк ужо потым не расставаўся. У тагачасным калгасе імя Куйбышава, нягледзячы на няпростыя абавязкі па спецыяльнасці, працаваць было цікава, лёгка і нават неяк узнёсла. Маладыя гады былі напоўнены шчырасцю, стараннасцю і адказнасцю. Менавіта так будавалі работу і калегі — спецыялісты і радавыя работнікі, большасць якіх былі аднаго пакалення. На той час калгас імя Куйбышава быў так званай маладзёжнай гаспадаркай, якую ўзначальваў сапраўдны энтузіяст, цёзка па прозвішчу Анатоль Падаляк. Сярод таварышаў па камандзе — Ніна Гушчына, Галіна Дзятлава, Таццяна Мелінчан і многія іншыя, якія працавалі з сапраўдным камсамольскім запалам. Тыя пяць “куйбышаўскіх” гадоў, якія былі першымі ў працоўнай біяграфіі Міхаіла Падаляка, — безумоўна, адны з самых яркіх. І не толькі таму, што тут адбылося станаўленне яго як ветурача. Тут, у Лешчанцы, ён сустрэў сваю другую палавінку — жонку Тамару, тут стварыў сям’ю, тут нарадзілася першынка Таня…

З 1975 года пастаяным месцам працоўнай дзейнасці становіцца “Рассвет”. Сюды, у легендарную гаспадарку, паклікаў паспрабаваць свае сілы сябра па былой вучобе ў Клімавічах Анатоль Швакаў, які на той час узначальваў ферму ў Мышкавічах. Ён жа парэкамендаваў “аднакашніка” кіраўніцтву. І вось Падаляк назначаны кіраўніком брыгады ў Цейкавічах, якую потым узначальваў 9 гадоў. Паралельна выконваў абавязкі па спецыяльнасці на мясцовай ферме. Затым — праца ў жывёлагадоўлі ў Валосавічах…

— Шмат за гэты час вады ўцякло, — успамінае юбіляр. — Кожны дзень быў напоўнены і клопатамі, нялёгкімі буднямі, якімі часам станавіліся і выхадныя, і адначасова задаволенасцю ад непасрэдна сваіх працоўных перамог і дасягненняў “Рассвета” наогул. З павагай успамінаю былога старшыню В.К.Старавойтава — мудрага, моцнага кіраўніка. Ён шмат падтрымліваў мяне ў рабоце, накіраваў на вучобу ў Віцебскі ветэрынарны інстытут, дзе я павышаў кваліфікацыю без адрыву ад вытворчасці. Аднак і патрабаваў Васіль Канстанцінавіч ад спецыялістаў, работнікаў поўнай самааддачы ў рабоце. А без гэтага — ніяк. Ад стараннасці кожнага — і поспехі “Рассвета” наогул…

Менавіта такім — старанным, самаадданым, прынцыповым заўсёды імкнуўся быць і Міхаіл Падаляк. Сам лічыў за правіла не паслябляцца ў рабоце, не дапускаць неахайнасці, самацёку і патрабаваў такога ж ад сваіх калег, за што і меў ад іх павагу. У сваіх жыццёвых прынцыпах Міхаіла Уладзіміравіча заўсёды падтрымліваў яго надзейны тыл. З цеплынёй і павагай ставяцца да гаспадара і галавы сям’і жонка Тамара Васільеўна, дачка Таццяна, якая стала педагогам, сын Дзмітрый — урач-стаматолаг. Радуюць дзядулю пяцёра ўнукаў.

Добрым словам успамінае Міхаіл Уладзіміравіч сваіх былых калег па жывёлагадоўчым цэху, з кім пашчасціла працаваць і дабівацца высокіх прафесійных перамог. Гэта вельмі граматныя, дасведчаныя і адказныя спецыялісты сваёй справы. У іх ліку галоўны заатэхнік Пётр Яцкевіч, галоўны ветурач Мікалай Кавалёў, ветурач, тэхнік-асемянатар Аляксандр Верашчагін, заатэхнік-селекцыянер Людміла Верашчагіна, ветурач Генадзь Быкаў, заатэхнік Ала Быкава, аператар Людміла Кісялёва, цялятніца Яніна Крот і многія іншыя, дастойныя самых добрых слоў і глыбокай павагі. Многія з рассветаўскіх працаўнікоў жывёлагадоўлі 70-х — 80-х гадоў мінулага стагоддзя атрымалі за сваю самаадданую працу высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Ды і герой гэтых радкоў двойчы станавіўся ўдзельнікам Усесаюзнай выстаўкі ВДНГ, дзе быў удастоены сярэбранага і бронзавага медалёў. Шмат у яго калекцыі разнастайных грамат і дыпломаў.

Цёплыя словы адрасуе Міхаіл Уладзіміравіч і сваім сённяшнім калегам па цэху. На комплексе “Валосавічы” падабраўся добры калектыў, у якім зараз 37 чалавек. Узначальвае яго Любоў Азаранка. Граматна будуе работу ветслужбы ў сельгасарганізацыі галоўны ветурач “Рассвета” Ігар Казека.

…І зноў штораніцы Міхаіл Падаляк, як і раней, спяшаецца на працу. “А як там мае кароўкі?..” — з такімі думкамі пачынаецца кожны яго досвітак. Здавалася б, можна было б і адпачыць — заслужыў за доўгія гады. Але гэта не ў няўрымслівай натуры ветурача з Валосавіч.

— Работа ў жывёлагадоўлі — вельмі цяжкая, — кажа сам юбіляр. — Пад сілу яна толькі таму, хто гэтага жадае ўсім сэр-
цам. Трэба любіць бязмежна сваю справу, калі хочаце, быць яе фанатам, мець прызванне. Каб дасягнуць поспехаў у рабоце, мець задавальненне ад яе, трэба многае. Шмат залежыць ад кармавой базы, строгага ўліку, агульнага парадку, утрымання і кармлення жывёлы. А яе, у сваю чаргу, трэба адчуваць, быць уважлівым да кожнай каровы ці цяляці. Задача ветурача — захаваць статак, а гэта значыць, папярэдзіць захворванні, выявіць іх на ранняй стадыі, правесці вакцынацыю, прафілактыку… Вельмі хочацца свае вопыт, уменні перадаць маладому пакаленню. І я рады, што ёсць каму. Імпануе стаўленне да працы майго маладога калегі ветурача Рыгора Карзеева. Вось ужо сёмы год мой напарнік працуе побач і за гэты час змог пераняць многае. І гэта задавальняе, бо калі своечасова падхопліваецца эстафета, то і далейшы рух будзе імклівы. Ды і я, у сваю чаргу, пакуль маюцца сілы, “на бераг” не збіраюся. Не прывык сядзець на месцы, не атрымліваецца!..

Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працоўны дзень Міхаіла Падаляка — ветэрынарнага ўрача МТК “Валосавічы” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” — пачынаецца на досвітку. А сёмай гадзіне яму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика