Салодкі дзень роднай мовы правялі журналісты “ШК”. 21.by

Салодкі дзень роднай мовы правялі журналісты “ШК”

22.02.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, у чарговы раз вырашыла паразмаўляць з вамі, шаноўныя чытачы, на роднай мове і пра яе. Але, зрабіць гэта хачу з вашай дапамогай, каб праверыць, ці сапраўдныя беларусы жывуць на Хоцімшчыне.
Экзамен, які вырашыла арганізаваць, зусім нескладаны. Ды праз простыя рэчы часам можна зрабіць вынік аб важным. Паспрабую і я гэты вынік напрыканцы агучыць.
Напачатку накіроўваюся ў краму за айчыннымі цукеркамі, на якія пасля прымацоўваю зробленыя з паперы беларускія словы. Словы нескладаныя, са школьнай праграмы, але кожнае прасякнута нечым знаёмым і блізкім. Вось некаторыя: усмешка, шчырасць, пацалунак, каханне, мара, самасвядомасць, дабрабыт, прыгоды, анёл, вясёлка, бульба, сябар, лёс, краіна і інш. Удзельнікам акцыі прапаную выбраць цукерку са словам, зрабіць яго пераклад і прыдумаць на гэта пэўную асацыяцыю.
Першымі пачастункі з роднай мовай паспрабавалі самыя маленькія беларусы і беларусачкі: выхаванцы дзіцячага садка №3. Тут мяне чакала асаблівая атмасфера сапраўднага свята — нацыянальныя касцюмы, у якія апрануліся хлопчыкі і дзяўчынкі, стваралі ўсім цудоўны настрой. Напачатку папрасіла дзетак расказаць усё, што яны ведаюць пра беларусаў, а потым усе пачалі ўспамінаць вядомыя словы. Дарэчы, цукеркі з заданнямі, хоць і з невялікімі падказкамі, але разгадалі даволі хутка, паабяцаўшы ў наступны раз вывучыць яшчэ больш беларускіх слоў. Вельмі парадавала, што выхаванцы назвалі дастатковую колькасць страў з бульбы, а таксама паразважалі, каго яны лічаць сапраўднымі сябрамі.
Таксама ў гэты дзень з хацімчанамі давялося пагутарыць пра рысы характару і традыцыі беларусаў, нават вершы беларускія паспрабавалі разам успомніць. Акрамя салодкіх слоў удзельнікі акцыі атрымалі пазітыўны настрой. Такіх амаль не было, хто б зусім не ведаў сэнс прапанаваных слоў.
Безумоўна, не магла не зайсці ў школу і не зладзіць экзамен для навучэнцаў. Якраз, трапіла на ўрок беларускай мовы. Хачу сказаць — хоць словы былі нескладанымі, але некаторыя прымусілі вучняў усур’ёз задумацца. Для школьнікаў родная мова сення амаль як замежная, мала чытаюць беларускіх твораў, у асноўным толькі па праграме. Прызнаюся, мяне гэта крыху засмуціла. Мабыць, патрэбен час, каб прыйшло ўсведамленне таго, што мы, беларусы, і павінны ведаць матчыну мову. Спадзяюся, што мае словы дайшлі да сэрца вучняў і няхай не зараз, а можа праз некалькі год, яны зразумеюць мой наказ.
Наступным прыпынкам стала цэнтральная бібліятэка. Не магла не запытаць бібліятэкараў, якія кнігі на роднай мове цікавяць хацімчан.
— У асноўным гэта кнігі беларускіх класікаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Мележа, вельмі добра чытаюць Васіля Быкава. Некаторыя цікавяцца сучаснай беларускай літаратурай, — расказвалі мне на абанеменце.
Не магу не пацікавіцца, што на гэты конт думаюць у дзіцячай бібліятэцы.
— У асноўным маленькія чытачы бяруць творы тых аўтараў, што задаюць па школьнай праграме. Найбольшым попытам усё ж карыстаюцца рускамоўныя кнігі. Але сярод пастаянных беларускіх чытачоў можна адзначыць наступных: Арыну Гракаву, Івана Гайдарава, Кацярыну Зіму, Настассю і Машу Васільковых, Дзмітрыя Бондарава, Настассю Яфрэменка і Настассю Прошкіну, Карыну, Машу і Яну Гапончык, – дзеліцца Таццяна Уласенка, загадчык дзіцячай бібліятэкі.
Хочацца спадзявацца, што хлопчыкаў і дзяўчынак, якія будуць захапляцца чытаннем беларускіх кніг штогод будзе станавіцца толькі больш. А беларуская мова будзе жыць.
Многія бацькі, з якімі мне давялося паразмаўляць, непакояцца пра тое, што іх дзеці вельмі дрэнна ведаюць родную мову.
Як вядома, адзін з варыянтаў палепшыць узровень валодання мовай – гэта чытаць на ёй. Але што казаць пра дзяцей, калі і дарослыя добраахвотна чытаюць толькі тое, што ім цікава! А ўсё павінна пачынацца менавіта з сям’і.
На працягу акцыі, калі пачынала размаўляць з хацімчанамі на роднай мове, яны мяне добра разумелі, за выключэннем асобных выпадкаў. Чаму ж тады не гутараць самі? Прычыны ў кожнага свае. Нехта лічыць, што ніхто не робіць гэтага, а мне навошта. Іншыя лянуюцца гэта рабіць.
І ўсё ж хочацца звярнуцца да вас, мае землякі. Успомніце, што мы – беларусы. Не саромейцеся размаўляць, чытаць, думаць, марыць і, нават, сніць сны па-беларуску.
***
Вольга Зайцава,
беларусачка, журналіст “ШК”:
— Чаму вырашыла правесці «Салодкі дзень роднай мовы»? Мабыць таму, што мова нагадвае мне самую салодкую, смачную цукерку. У беларускім слове ёсць і салодкасць, і любоў, і ўсмешка, і дабрыня, і мілагучнасць.
Колькі слоў зараз у маёй галаве, і ўсе яны аб табе, мая родная, мая любімая, мая адзіная, матчына мова. Ты для мяне, як паветра, якім штодзённа дыхаю, як матуліна ўсмешка, як сонейка, якое штодзённа сагравае мяне. Столькі ў маім сэрцы цеплыні і дабрыні да цябе, да тых людзей, што зрабілі ўсё, каб ты жыла.
Ведаю, я часта дапускаю памылкі, але прабач за гэта, абяцаю выправіцца. Ды, нягледзячы ні на што, ведай адно, зараз кажу шчыра, без хлусні – я люблю цябе, мая родная. Люблю, як краіну ў якой нарадзілася, як сваіх бацькоў і дзяцей, як мірнае неба з лёгкімі аблокамі над маёй галавой, як сцежку да бацькоўскага дома. Ты для мяне такая ж духмяная, як чабор на лясной сцяжынцы і такая ж прыгожая, як першая веснавая пралеска, такая жаданая, як з’яўленне дзіцяці і такая смачная, як скарынка цёплага хлеба на стале.
Хачу цябе моцна прыжаць да сябе і не на хвіліну не адпускаць. Таму што ты мая. І не лічу гэта нейкім сорамам прызнацца ў гэтым на ўвесь свет. Я ганаруся, што ты ёсць у мяне. Дзякуй табе!
***
Каментарый філолага
СШ №1
Наталлі Суслянковай:
— Кожны народ павiнен ведаць, дзе яго каранi, якая прыгожая яго мова. Ведаць славутыя iмёны, рысы характару беларуса. Як пiсаў Ул. Караткевiч: «Хто забыў сваiх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубiў».
Мне, як настаўніку, вельмі хочацца, каб мае вучні больш цікавіліся беларускай мовай, больш чыталі твораў айчынных аўтараў. Хачу, каб не толькі навучэнцы, але і ўсе беларусы зразумелі, што беларуская мова – вельмі самабытная і прыгожая. Яна перадае думкі і пачуцці па-іншаму, больш дакладна, бліжэй да душы. Не заўсёды ў рускай мове знойдзеш аналаг трапнага беларускага слова, каб перадаць тое, што так мілагучна і дакладна сказана па-беларуску.
Не бойцеся памыляцца, вучыце і любіце нашу родную мову.
Вольга ЗАЙЦАВА.
Фотаздымкі аўтара і Дар’і КОРНЕВАЙ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, у чарговы раз вырашыла паразмаўляць з вамі, шаноўныя чытачы, на роднай мове і пра яе. Але, зрабіць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика